Прадстаўнікі Навагрудскага РАНС і РА ГА «БРСМ» праверылі, як выконваюцца правілы паводзін на вадзе

Прадстаўнікі Навагрудскага РАНС і РА ГА «БРСМ» праверылі, як выконваюцца правілы паводзін на вадзе

Прадстаўнікі Навагрудскага РАНС і РА ГА «БРСМ» праверылі, як выконваюцца правілы паводзін на вадзе

16 июля 2021 1606
Надвор’е ў чэрвені-ліпені выдалася надзвычай гарачым. У гэтыя дні многія паспяшаліся да вадаёмаў, каб выратавацца ад спякоты, у тым ліку і дзеці, у якіх зараз канікулы. Ці ўсе выконваюць правілы паводзін на вадзе, праверылі падчас сумеснага рэйду работнікі Навагрудскага РАНС, занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, супрацоўнікі Навагрудскага РАУС, прадстаўнікі РА ГА «БРСМ» і Таварыства выратавання на водах.

Возера Літоўка ў спякоту не пуставала. Дарослыя і дзеці адпачывалі на беразе, атрымлівалі асалоду ад гарачых сонечных праменняў і купання. Удзельнікі рэйду праверылі бераг возера, правялі гутаркі з адпачывальнікамі аб недапушчальнасці купання ў не прызначаных для гэтага месцах. Каб не адбылося трагедыі, навагрудчанам і гасцям у рамках акцыі «Летні патруль» выратавальнікі і прадстаўнікі РА ГА «БРСМ» нагадалі асноўныя правілы бяспечных паводзін на вадаёмах і ўручылі памяткі.

– Купацца дазволена толькі на абсталяваных пляжах, дзе ў выпадку бяды дапамогуць работнікі Таварыства выратавання на водах, – нагадала старшы інспектар РАНС Наталля Апалонік. – У неправераным вадаёме могуць быць віры, глыбокія ямы, густыя водарасці, халодныя крыніцы, моцная плынь, захламленае дно, што можа прывесці да траўмы, а ныранне – да гібелі. Таксама нельга дапускаць свавольства на вадзе. Купанне дзяцей павінна праходзіць толькі пад кантролем дарослых.

Трэба абавязкова памятаць аб тым, што адпачынак павінен прыносіць радасць і быць бяспечным. Між тым паводле звестак Таварыства выратавання на водах з пачатку года ў рэспубліцы патанула 241 чалавек (у тым ліку 25 дзяцей), з іх 36 чалавек – у Гродзенскай вобласці (3 дзяцей), у Навагрудскім раёне – 1 дзіця.

Толькі за мінулы тыдзень у рэспубліцы патанулі 33 чалавекі. У тым ліку 10 ліпеня двое хлопцаў (16 і 18 гадоў) патанулі ў Лідскім раёне.

На азёрах Літоўка, Свіцязь, Маладзёжнае працуюць выратавальныя пасты, маюцца ўсе неабходныя выратавальныя сродкі, размешчана наглядная агітацыя аб правілах купання.

Падчас сумеснага рэйду (7 ліпеня) прадстаўнікі зацікаўленых служб завіталі і на возера Свіцязь. На жаль, з 5 ліпеня на адным з запатрабаваных і любімых азёр Навагрудчыны ўведзены абмежаванні на купанне ў сувязі з неадпаведнасцю вады гігіенічным нарматывам па мікрабіялагічных паказчыках.

– Падчас чарговага планавага даследавання вады (пробы вады бяруцца раз у тыдзень) была выяўлена кішачная палачка ў межах вышэй дапушчальнай нормы, – расказаў галоўны ўрач Навагрудскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Пётр Грамыка. – Кішачная палачка ў арганізме чалавека выклікае вострую кішачную інфекцыю. Сімптомы заражэння могуць праявіцца ўжо праз некалькі гадзін пасля пападання бактэрый у арганізм. Узнікаюць болі ў вобласці жывата, млоснасць, галаўны боль, дыярэя, падымаецца тэмпература. У выпадку выяўлення падобных сімптомаў неадкладна трэба звярнуцца да ўрача. А пагаршэнне санітарных паказчыкаў якасці вады перш за ўсё звязана з рэзкім зніжэннем узроўню вады ў Свіцязі. Раней такіх выпадкаў не назіралася. Таксама на возеры шмат адпачывальнікаў. Для таго, каб вада аднавіла свае паказчыкі, трэба абмежаваць нагрузку на вадаём, гэта значыць абмежаваць купанне дзяцей і дарослых. Пры гэтым у санітарных правілах адзначаецца, што можна адпачываць на беразе, а таксама дазволена займацца відамі воднага спорту – веславанне, парусны спорт, плаванне на лодках і катамаранах, – дадаў Пётр Аляксандравіч.

На пляжах на возеры Свіцязь устаноўлены спецыяльныя забараняльныя знакі, якія папярэджваюць аб выяўленні кішачшай інфекцыі ў вадзе. Як аказалася, адпачывальнікі ігнаруюць папераджальныя ўказальнікі аб забароне купання, а значыць падвяргаюць сваё жыццё рэальнай небяспецы. Купаючыся ў забароненым месцы, многія вераць, што бяда з імі ніколі не здарыцца.

Старшы матрос-выратавальнік выратавальнага паста возера Свіцязь Анатолій Данчанка настойліва просіць дарослых сачыць за малалетнімі дзецьмі, якія часта падчас адпачынку прадастаўлены самі сабе.

– Ніякія просьбы аб тым, каб дарослыя не дазвалялі дзецям скакаць з альтанкі ў ваду, не даюць выніку. Вось і на мінулым тыдні паспелі выратаваць хлопчыка. Дзіця не ўмела плаваць, а яму нават ніхто з дарослых не расказаў, што глыбока і нельга скакаць, – расказвае Анатолій Уладзіміравіч. – Я паспеў нырнуць за дзіцем, дастаў з вады і аказаў першую дапамогу. Цяжка ўявіць, што было б, калі б не аказаўся побач. Я таксама аказваў першую дапамогу і жанчыне, жыхарцы Баранавіч. Праўда, выратаваць яе не ўдалося. Хачу нагадаць: калі адпачываеце на вадаёме, ні ў якім разе не ўжывайце алкагольныя напіткі. Жанчыне стала дрэнна, і яна ўпала ў ваду. Невялікай глыбіні хапіла, каб здарылася бяда. А каб была не ў стане алкагольнага ап’янення, магчыма, і бяды не здарылася б…

Сумесны рэйд насіў прафілактычны характар. Спецыялісты папярэджвалі і нагадвалі правілы адпачынку і паводзін на вадаёмах, але да парушальнікаў і тых, хто купаеццца ў забароненых месцах, у бліжэйшы час будуць прымяняцца адміністрацыйныя пакаранні.

Памятайце: купанне ў забароненых месцах нясе смяротную небяспеку. І засцерагчыся ад яе можна, калі прытрымлівацца правіл.

В. Пісар, «НЖ»