Вось ужо на працягу трыццаці гадоў пачатак верасня ў нашай краіне праходзіць пад знакам беларускага пісьменства. Не стаў выключэннем і гэты год. У Навагрудскай раённай бібліятэцы праходзіць шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да гэтага свята.
Былі зладжаны тры літаратурна-асветніцкія мерапрыемствы, удзел у якіх прынялі вучні школ, а таксама навучэнцы Навагрудскага гандлёва-эканамічнага каледжа і Навагрудскага каледжа тэхналогій і бяспекі.
Інтэрактыўныя заданні і кніжныя агляды стварылі сапраўдны калейдаскоп цікавых фактаў пад назвай «Пісьменнасць, кнігадрукаванне, мова: гістарычны шлях». Развома ішла пра стваральнікаў славянскай пісьменнасці, пачынальнікаў беларускага кнігадрукавання і беларускіх асветнікаў.
Дарэчы, кожнае з дзесяці пытанняў віктарыны «Свята роднага слова і кнігі» было агучана ад імя аднаго са славутых беларускіх асветнікаў. Напрыклад, ад Сімяона Полацкага прагучала пытанне пра горад, які тройчы рабіўся сталіцай Дня беларускага пісьменства. Падказка схавалася ў назве – гэта Полацк.
Кожная сталіца Дня беларускага пісьменства звяртаецца да знакавай фігуры пісьменніка-земляка. Вось і пытанне ад Васіля Цяпінскага датычылася цэнтральнай постаці сёлетняга святкавання ў Гарадку – Канстанціна Вераніцына, аўтара паэмы «Тарас на Парнасе», якая доўга лічылася ананімнай. У Гарадку ён вучыўся і там жа пісаў свой твор.
Бібліятэкары праз пытанні віктарыны і змястоўныя каментарыі да яе нагадалі пра гісторыю ўзнікнення Свята беларускага пісьменства і гісторыю падарожжа гэтага свята па нашай краіне.
Сёння, каб надрукаваць кнігу, трэба некалькі гадзін, а каб скачаць яе з інтэрнету – менш за хвіліну. А рукапісныя кнігі на беларускіх землях сталі з’яўляцца з прыходам хрысціянства і каштавалі яны тады вельмі дорага. На стварэнне адной праходзіла некалькі гадоў. За добра перапісаную і аформленую кнігу маглі аддаць цэлы табун коней.
На навагрудскай зямлі быў створаны сапраўдны скарб кніжнай культуры – рукапісны помнік ХІІІ–XIV стагоддзя – Лаўрышаўскае Евангелле, якое было створана для праваслаўнага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра. Евангелле стала па сутнасці першай ілюстраванай беларускай кнігай, да таго ж з адступленнямі ад класічных канонаў. Бібліятэка прадставіла каштоўнае факсімільнае выданне Лаўрышаўскага Евангелля і расказала пра яго ўнікальныя мініяцюры. Дарэчы, Навагрудак у 1996 годзе прымаў свята беларускага пісьменства, памяць аб якім была ўвекавечана ў помніку Елісею Лаўрышаўскаму – заснавальніку манастыра, дзе ў ХІV стагоддзі пісалася Евангелле.
Адна з частак мерапрыемства датычылася кнігадрукавання. У інтэрактыўным фармаце юнакі і дзяўчаты ў складзе дзвюх каманд адказалі на 10 цікавых пытанняў аб найважнейшым вынаходніцтве чалавецтва. Па выніках праходжання тэсту «Ад літары да кнігі. Па слядах Гутэнберга» навучэнцы атрымалі званне падмайстар друкара. Вынік добры! Віртуальнае падарожжа ў музей беларускага кнігадрукавання ў Полацку таксама адкрыла шмат цікавага.
Бліжэй пазнаёміцца з мастацтвам першай літары беларускага першадрукара дазволіла гульня «Буквіцы Скарынаўскіх кніг». Вялікую і прыгожую літару на пачатку тэкста ў рукапіснай кнізе здаўна называлі буквіцай. Друкуючы кнігі, Францыск Скарына рабіў іх падобнымі да знаёмых людзям рукапісных кніг. І буквіцы ў яго выданнях вельмі разнастайныя і цікавыя. Менавіта такое творчае заданне атрымалі тры дзяўчыны – напісаць буквіцу з дапамогай пёравай ручкі і чарніла. З ім яны выдатна справіліся. У якасці элементаў аздаблення яны абралі раслінны арнамент.
Актыўныя ўдзельнікі мерапрыемстваў атрымалі падарункі ад бібліятэкі. Напрыканцы прагучалі прыгожыя і натхняючыя словы-пажаданні, якія ўсім беларусам завяшчалі беларускія асветнікі. Хочацца іх узгадаць і зараз. Ад Скарыны праз стагоддзі гучыць наказ: «Любіце кнігу, бо яна – крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы», або мудрыя парады словы-парады ад Ефрасінні Полацкай: «Збірайце добрыя думкі ў сэрцы сваім, як пчала мёд».
«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |
Святлана Чубрык,
загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК «Навагрудская раённая бібліятэка»