Рабочы дзень старшыні Уселюбскага сельвыканкама Паўла Крайніка заўсёды распісаны па хвілінах. Максімаліст па натуры, ён імкнецца на працягу дня ахапіць як найбольш пытанняў, справядліва разважаючы, што ўсе сённяшнія праблемы трэба вырашаць сёння, а заўтра будзе новы дзень і новыя справы. «Задача не з лёгкіх, але шукаць лёгкіх шляхоў мы не прывыклі», – жартуе Павел Яўгеньевіч.
Вёску нельга не любіць
Павел Крайнік на пасаду старшыні Уселюбскага сельвыканкама быў прызначаны ў сакавіку бягучага года. А да гэтага васямнаццаць гадоў працаваў у Навагрудскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя: спачатку спецыялістам, а на працягу апошніх дзесяці гадоў узначальваў інспекцыю.
– Як гэта – настолькі кардынальна змяніць від дзейнасці? – з такога пытання і пачалася наша размова.
– Маё асабістае перакананне, што ў бюджэтнай сферы працаваць на кіруючай пасадзе больш за дзесяць гадоў не трэба: як кажуць, замыльваецца вока. Вось і вырашыў, што патрэбна мяняць напрамак дзейнасці. Дзякуючы людзям, якія далі мне крэдыт даверу і выбралі дэпутатам сельскага Савета, я атрымаў магчымасць працаваць на гэтай пасадзе.
Ёсць і яшчэ адна прычына, чаму Уселюбскі сельвыканкам. Тут мае карані. Родам з Уселюба была мая бабуля – мама майго бацькі. Гэта радзіма маіх продкаў. Так што гэты край для мяне не чужы, я заўсёды адчуваў з ім унутраную сувязь. І мне хочацца зрабіць штосьці добрае для людзей, якія тут жывуць, пакінуць свой след на Уселюбскай зямлі.
– Гарадскі жыхар – і раптам работа на сяле. Не складана прывыкаць да сельскага рытму жыцця?
– Абсалютна нескладана. Спецыфіка маёй папярэдняй работы была такой, што я многа ездзіў па Навагрудскім раёне і добра яго ведаю. Вялікага кантрасту не адчуў. А вёску я люблю, яе нельга не любіць. На маю думку, дзяцей гадаваць патрэбна менавіта ў вёсцы. Тут яны вучацца жыць у соцыуме, працаваць і паважаць чалавека працы. Менавіта тут, дзе прырода, чыстае паветра, шчырыя людзі – і ёсць сапраўднае жыццё.
Не словы, а справы
– У чым, на Вашу думку, заключаецца асноўная задача мясцовых органаў улады?
– Задач і абавязкаў у старшыні сельвыканкама шмат. Людзі прыходзяць, калі штосьці здарыцца і патрэбна дапамога. Падсыпаць дарогу, адрамантаваць агроджу, спілаваць дрэва – просьбы ва ўсіх розныя. Трэба акумуліраваць усе праблемныя тэмы, якія хвалююць сяльчан, каб затым дапамагчы іх вырашыць. Але спачатку павінны ісці не словы, а справы. Калі жыхары ўбачаць, як мяняецца іх вёска, то і самі ўключацца ў гэты працэс.
Па вялікім рахунку, мая задача як прадстаўніка мясцовай улады – ствараць належныя ўмовы для таго, каб людзі прыязджалі ў вёску, засяляліся і тут жылі, працавалі і гадавалі дзяцей. Раней як лічылі: хоць на якой рабоце і без уласнага жылля – але ў горадзе. Канешне, вялікія населеныя пункты маюць больш магчымасцей для цікавага вольнага часу, там больш шырокі асартымент тавару ў магазінах. Але часцей за ўсё жыццё ў горадзе ідзе па адным і тым жа маршруце «работа-дом-работа». Хаця калі чалавек валодае простай рабочай прафесіяй, то на вёсцы, магчыма, яму было б прасцей абуладкаваць свой матэрыяльны дабрабыт. Праўда, у вёсцы трэба шмат працаваць.
Не сакрэт, што колькасць насельніцтва ў сельскай мясцовасці змяншаецца. Але я перакананы, што рана ці позна людзі вернуцца да сваіх вытокаў, да сваіх каранёў. І такая тэндэнцыя ўжо ёсць, хоць пакуль што даволі сціплая. Ведаю людзей – выхадцаў з Уселюбскага сельсавета, якія пасля выхаду на пенсію вяртаюцца ў бацькоўскія дамы, прыводзяць іх у парадак і прывозяць на бацькаўшчыну сваіх дзяцей і ўнукаў. Я перакананы, што ў вёскі ёсць будучыня. Канешне, адрадзіць маленькія вёсачкі, дзе жывуць 5-10 чалавек і менш, будзе складана. А вось аграгарадкі павінны жыць і развівацца.
– Што трэба для таго, каб людзі больш актыўна вярталіся ў вёску?
– Фактараў многа. Па-першае, добрыя дарогі. Бо добрая дарога – гэта магчымасць даехаць туды, куды патрэбна, гэта зручнасць. Сёння ёсць жадаючыя купіць дом у сельскай мясцовасці для, скажам так, дачы. І хочуць, каб там была добрая дарога. Не абавязкова асфальт, а проста зручны пад’езд: своечасовая падсыпка, грэйдзіраванне, ямачны рамонт. Тады яны гэты дом купяць і будуць прыязджаць.
Па-другое, патрэбна адпаведная інфраструктура: магазін, медыцынская ўстанова, клуб, школа. Ва Уселюбе ўсё гэта ёсць, дыі ў іншых буйных вёсках таксама. А работа заўсёды знойдзецца для тых, хто ўмее і, галоўнае, хоча працаваць. У нас ёсць магчымасць уладкавацца на працу, вырашыць жыллёвае пытанне. Рабочыя рукі патрэбны ў мясцовых гаспадарках, ёсць магчымасць распачаць уласную справу ў сферы гандлю, паслуг альбо экатурызму – выбар ёсць. Дзяржава падтрымлівае добрыя ініцыятывы: гэта і крэдытаванне, і субсідыі. Калі ласка!
Спачатку – бяспека людзей
– Якія праблемы Вы лічыце першачарговымі?
– Няма нічога больш важнага, чым жыццё і бяспека людзей. Таму на першым плане – бяспечнае пражыванне вяскоўцаў. Створаны рабочыя групы сумесна з прадстаўнікамі аддзела ўнутраных спраў і РАНС, рэгулярна наведваем адзінокіх пажылых грамадзян, выяўляем парушэнні па пажарнай ці электрычнай бяспецы. Пад кантролем і грамадзяне з так званай «групы рызыкі» – аматары спіртнога, няўдалыя сем’і.
– Што самае складанае ў рабоце?
– Самая працаёмкая для старшыні сельвыканкама – работа з людзьмі. Галоўнае – не толькі выслухаць чалавека, але і пачуць, дапамагчы разабрацца ў сітуацыі. На пасадзе старшыні сельвыканкама я яшчэ нядоўга, таму не ўсіх людзей ведаю. У гэтым і складанасць, бо для старшыні вельмі важна ўмець знайсці агульную мову з жыхарамі сельсавета, ведаць іх патрэбы і праблемы. Парадак будзе там, дзе ёсць узаемаразуменне. Тады і праца будзе больш выніковай. Акрамя таго, чым бліжэй пазнаеш людзей, тым больш усведамляеш, да каго і з якім пытаннем можна звярнуцца. Але мне пашанцавала: у нас склалася вельмі добрая каманда. Кіраўнік справамі Жанна Вежаль, спецыялісты Галіна Радзецкая і Марыя Тышко – калектыў сельвыканкама надзейны і вопытны. І я ўдзячны сваім папярэднікам – Івану Чарнэлю, Уладзіміру Ляпешкіну, якія вельмі многа зрабілі для развіцця і добраўпарадкавання Уселюбскага сельсавета. Спадчына мне дасталася добрая.
– Падтрымка калектыву – гэта выдатна. А хто яшчэ дапамагае ў рабоце?
– Адзін у полі не воін – гэта і пра сельсавет таксама. Бо магчымасці сельсавета абмежаваныя: няма ні спецтэхнікі, ні вялікай колькасці рабочых. Таму, каб выканаць просьбы насельніцтва ці пэўную работу, патрэбна звяртацца па дапамогу. Шчыра скажу: усе, да каго ні звяртаўся, ідуць насустрач. Ці то сельгаспрадпрыемства, ці то лясгас, ці то ДРБУ-189 – не адмаўляе ніхто. І я шчыра ўдзячны кіраўнікам гэтых арганізацый за разуменне.
Вельмі дапамагае школа – дзякуй усяму калектыву. Добры кантакт склаўся з участковым інспектарам міліцыі, з медыцынскімі работнікамі. Перакананы: толькі разам, толькі супольна і трэба працаваць на карысць людзей і ўсяго сельсавета.
Тэрыторыя сельсавета вялікая, і кожны дзень пабываць ва ўсіх вёсках адразу немагчыма. На дапамогу прыходзяць упаўнаважаныя. Іх у нас 26 – гэта людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, неабыякавыя, працавітыя, уважлівыя. Валянціна Грыб (в. Ляхавічы), Ірына Цецярук (в. В. Карнышы), Галіна Чырвоная (в. Рахавец) – пералічваць можна ўсіх. Гэта сапраўдная апора ўлады на месцах.
Працаваць на перспектыву
Добраўпарадкаванне тэрыторыі, падтрыманне ў належным стане дарог і вясковых вуліц, спілоўванне аварыйных і небяспечных дрэў, работа аўталавак і ФАПаў, звароты грамадзян – у зоне ўвагі старшыні сельвыканкама абсалютна ўвесь спектр жыцця вяскоўцаў.
– Нельга жыць адным толькі днём, – перакананы Павел Крайнік. – Працаваць патрэбна на перспектыву і будаваць сваю работу так, каб задуманае рэалізоўваць.
За невялікі адрэзак часу на пасадзе старшыні сельвыканкама – крыху больш за паўгода – Павел Яўгеньевіч акрэсліў кола задач, якія лічыць важнымі не толькі для сябе, але і для ўсіх уселюбскіх жыхароў.
– Як толькі дазволіць надвор’е, пачнем устанаўліваць новую агароджу ва Уселюбе. Матэрыял ужо закупілі. Затым такую ж работу будзем праводзіць у іншых вёсках, – дзеліцца ён. – Абавязкова прадоўжым традыцыю праводзіць свята вёсак – людзям гэта падабаецца…
Уселюбскі сельсавет селюбскі сельсавет аб’ядноўвае 31 населены пункт, сярод якіх 3 аграгарадкі – Уселюб, Бенін і Ацмінава. Колькасць насельніцтва на пачатак бягучага года складала 2163 чалавекі. На тэрыторыі сельсавета дзве гаспадаркі – ААТ «Прынёманскі» і філіял «АграНёман» ААТ «Лідахлебапрадукт». Інфраструктура сельсавета прадстаўлена пяццю магазінамі, комплексным прыёмным пунктам, двумя аддзяленнямі сувязі, лазняй, урачэбнай амбулаторыяй, трыма ФАПамі і чатырма ўстановамі культуры. Ва Уселюбе працуе сярэдняя школа. Калі я папрасіла ахарактарызаваць Уселюбскі сельсавет некалькімі словамі, старшыня сельвыканкама адказаў проста: у першую чаргу гэта вельмі добрыя людзі.
Ва Уселюбе з бягучага навучальнага года адкрыта спартыўная секцыя па грэка-рымскай і вольнай барацьбе, якую з задавальненнем наведваюць сельскія дзеці. Зала для заняткаў абсталявана ў памяшканні сельскага Дома культуры. Набыць усё неабходнае дапамаглі спонсары – СП «Леор Пластык» ТАА і ІП Ясюкевіч.
– Спартыўная зала не пустуе, – гаворыць Павел Крайнік. – У панядзелак, пятніцу і ў суботу тут займаюцца юныя спартсмены. Плануем яшчэ абсталяваць і трэнажорную залу.
Ва Уселюбе па ініцыятыве работнікаў культуры вырашылі аднавіць цікавую форму работы «Вечар-партрэт» – адзначаць памятныя і юбілейныя даты сваіх аднавяскоўцаў. Падрыхтавана зала, дзе мяркуюць праводзіць святочныя мерапрыемствы.
– У бліжэйшыя выхадныя тут будзе святкаваць свой 70-гадовы юбілей мясцовая жыхарка Любоў Жукава, – расказвае загадчык Уселюбскага сельскага Дома культуры Інэса РЭУЦКАЯ. Музычнае суправаджэнне арганізуюць культработнікі, а смачны стол – кафэ «Маладзёжнае».
«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |