Каторы год пры падтрымцы Беларускага фонду міру ў краіне ладзіцца шэраг конкурсаў для таленавітых дзяцей. Нядаўна прайшлі яшчэ два. І вельмі прыемна адзначыць, што ў ліку лепшых удзельнікаў юныя навагрудчанкі Сафія Грабовік і Ангеліна Шчатко.
Чарговым поспехам Сафіі Грабовік стала перамога ў сваёй узроставай групе ў абласным дабрачынным конкурсе дзіцячай і маладзёжнай творчасці «Галасы міру». У вакальным спаборніцтве прынялі ўдзел 30 хлопчыкаў і дзяўчынак (салісты і дуэты) ва ўзросце ад 8 да 18 гадоў практычна з усіх раёнаў Гродзеншчыны. Конкурс ладзіўся на базе Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Адкрытая і шчырая, Сафія пакарыла і членаў журы, і гледачоў. А пасля заслужанай перамогі нават стала ўдзельніцай праграмы «Вокны горада» тэлерадыёкампаніі «Гродна». Вядома, гэтага поспеху магло б і не быць, каб не талент юнай спявачкі, які развіваецца дзякуючы настаўніцы Навагрудскай дзіцячай школы мастацтваў Наталлі Раманюк.
Радуемся поспехам яшчэ адной таленавітай навучэнкі Навагрудскай школы мастацтваў. Работа юнай мастачкі Ангеліны Шчатко стала пераможцай абласнога этапа конкурсу «Шчасце жыць у мірнай краіне», прысвечанага 75-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Году малой радзімы. Карціна «На сваёй зямлі», у якой адлюстравана прыгажосць роднага краю пад мірным небам, была адабрана на рэспубліканскую выстаўку «Дзеці за мір», а таксама ўвайшла ў аднайменны мастацкі каталог. Да слова, для ўдзелу ў конкурсе жывапісу было прадстаўлена больш за 2500 творчых работ навучэнцаў з усіх раёнаў краіны. Віншуем Ангеліну і яе настаўніцу Святлану Баяроўскую.
Анастасія Пятрова, “НЖ”