
Адкрыццё крыпты сабрала мноства вернікаў, а таксама гасцей са свету культуры і мастацтва. Мерапрыемства стала сапраўдным святам для ўсіх хрысціянаў і аб'яднала людзей розных узростаў і прафесій.
Цырымонія пачалася з урачыстага ўнясення і асвячэння двух абразоў Святога Пятра і Святога Паўла, якія былі падораны касцёлу адным з вядомых мастакоў. У хуткім часе іконы зоймуць сваё ганаровае месца ў бакавых нішах галоўнага алтара.
Як расказаў пробашч парафіі ксёндз Юрый Жэгарын, крыпты-капліцы можна сустрэць у многіх святынях па ўсім свеце. Традыцыйна яны служылі месцамі спачыну духавенства і людзей, якія паспрыялі развіццю хрысціянства. Лічылася, што блізкасць да рэліквій святых набліжае вернікаў да Бога, таму крыпты станавіліся таксама месцамі пілігрымавання і малітвы. Крыпты ствараюць унікальную атмасферу адзіноты, дазваляючы вернікам засяродзіцца на самым важным – на зносінах з Богам.
– Сёння крыпты ў многіх касцёлах захоўваюць сваю гістарычную і духоўную каштоўнасць. У кантэксце таго, што сёння Беларусь асаблівым чынам робіць упор на развіццё рэлігійнага турызму, адкрыццё ўжо другой па ліку крыпты ў касцёле Святога Міхаіла Арханёла мае важнае значэнне для прыцягнення ў наш старажытны горад вялікай колькасці вернікаў і турыстаў, – адзначыў ксёндз Юрый. – Шмат часу ў нас пайшло на тое, каб прывеці крыпту ў парадак. Толькі на тое, каб яе высушыць, спатрэбілася каля 5 гадоў. Але з Божай дапамогай усё атрымалася. Цяпер кожны жадаючы можа наведаць наш комплекс крыпт.
На гэтую асаблівую духоўную прастору ў парафіі вялікія планы. У найбліжэйшай будучыні крыпта стане месцам нястомнай малітвы – адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту. Па задумцы, кругласутачна ўзносіць малітву да Бога будуць невялікія групы вернікаў, якія будуць змяняць адзін аднаго. Гэта вялікі выклік для парафіі, але ў той жа час і вялікае благаслаўленне. Да гэтага моманту прастору вырашылі зрабіць месцам іншай малітвы, звязанай з сакральнай музыкай. Тут устаноўлена арганная кансоль, якая дазваляе вернікам трапіць у атмасферу адзіноты і малітвы праз музыку.
– Навагрудак узбагаціўся яшчэ адным вельмі важным аб'ектам гістарычнай, духоўнай і культурнай спадчыны нашага народа. Хачу падзякаваць раённай уладзе за падтрымку гэтай ініцыятывы, а таксама ўсім людзям, якія маюць дачыненне да гэтай важнай падзеі, – падсумаваў святар.
«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |