Незвычайнае побач з намі. Новы цікавы гістарычны арт-аб'ект – лесвіцу святога Казіміра – урачыста адкрылі ва Уселюбскім касцёле

Незвычайнае побач з намі. Новы цікавы гістарычны арт-аб'ект – лесвіцу святога Казіміра – урачыста адкрылі ва Уселюбскім касцёле

20 июля 2024 1011

Хочаце ўбачыць краявіды Уселюбскай зямлі з вышыні птушынага палёту? Тады завітайце ў касцёл святога Казіміра, дзе сёння, 20 ліпеня, была ўрачыста адкрыта лесвіца, як сімвал «узыходжання», духоўнага ўздыму святога каралевіча Казіміра да вяршыняў святасці.

Так, на Навагрудчыне шмат цікавых гістарычных, духоўных і турыстычных месц, наведаўшы якія, хочацца ўбачыць іх яшчэ раз. Упэўнена, і лесвіца святога Казіміра стане тым аб’ектам, куды будуць прыязджаць не толькі навагрудчане, але і шматлікія госці. А ўздым па лесвіцы нікога не пакіне раўнадушным, бо на кожным ярусе абуладкавана назіральная пляцоўка, з якой можна палюбавацца непаўторнымі краявідамі. А яшчэ ўнутры – міні-галерэя, дзе прадстаўлены рэпрадукцыі карцін, калекцыя крыжоў, звон Багародзіцы і святога Юзафа, маса якога 300 кг.





Знаходзіцца лесвіца ў трох’яруснай вежы-званіцы касцёла (канец ХІХ стагоддзя). Вышыня вежы 34 метры, а падымацца давядзецца па 89 прыступках.



З раніцы ў касцёле святога Казіміра адбылася святая імша, пасля якой госці і прыхаджане прынялі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці лесвіцы святога Казіміра.





Віталі гасцей урачыстасці настаяцель прыхода Святога Казіміра ксёнд Віталій Цыбульскі і старшыня Навагрудскага раённага Савета дэпутатаў Святлана Каралько.







Затым прыхажан і гасцей запрасілі падняцца па лесціцы ў вежу-званіцу касцёла святога Казіміра.






Святы Казімір – сын вялікага князя Казіміра Ягелончыка, унук караля Ягайлы, заступнік моладзі, майстроў і рамеснікаў. Казімір рана пачаў удзельнічаць у палітычным жыцці, але разам з тым вылучаўся надзвычайнай пабожнасцю. Ён штодзённа ўдзельнічаў у святой Імшы, шмат маліўся, здзяйсняў учынкі міласэрнасці.

Казімір выклікаў вялікую прыхільнасць ва ўсіх, хто яго ведаў. Памёр ад сухотаў 4 сакавіка 1484 г. у Гродне. Яго рэліквіі знаходзяцца ў віленскай катэдры. У 1602 г. Папа Клімент VIII кананізаваў яго. Святы з’яўляецца дадатковым апекуном Гродзенскай дыяцэзіі.

Касцёл святога Казіміра ва Уселюбе не выпадкова носіць імя гэтага святога. Уладальнікі Уселюба – магнаты Неміровічы – тыя, хто непасрэдна аддана служылі дынастыі Ягелонаў з самага яе пачатку (пачынаючы з Ягайла). Першапачаткова касцёл ва Уселюбе, пабудаваны Янам Нямірай пасля прыняцця каталіцтва, у 1433 годзе быў сімвалічна падзеям асвечаны ў гонар святога Яна Хрысціцеля. А пазней, калі прадстаўнік дынастыі Ягелонаў быў абвешчаны святым, то касцёл быў асвечаны пад тытулам святога Казіміра.




Падрабязней чытайце ў газетнай публікацыі.

«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok | 

Автор:: Ольга Писар, «НЖ»