3 лістапада мы адзначаем 140-гадовы юбілей Якуба Коласа. Год юбілейны не толькі для яго, але і для другога класіка беларускай літаратуры – Янкі Купалы (7 ліпеня).

Асноўныя веды пра гэтых беларускіх песняроў кожны беларус чэрпае яшчэ ў дзяцінстве, і, як правіла, гэта адбываецца на ўроках беларускай літаратуры.
Ну а потым назапашаны багаж звычайна папаўняецца ўжо эпізадычна, не сістэматычна, не мэтанакіравана, а так… што на вочы трапілася, тое і прачыталі, ці вось яшчэ адзін шлях: музей альбо літаратурную мясціну наведалі – і… досыць.
Літаратурна-крытычныя артыкулы карыстаюцца попытам толькі ў спецыялістаў ці школьнікаў, дый то апошнім часам усё радзей, звычайна, у гэтых мэтах яны прыбягаюць да дапамогі інтэрнету. А вось непасрэдна самыя мастацкія творы чытаюцца, і добра, што большасць людзей аддае перавагу папяровым носьбітам, і добра, што Навагрудскія бібліятэкі ў стане задаволіць любы запыт чытача не толькі на мастацкія творы, але і на літаратуразнаўчыя выданні, таксама ў нас ёсць даволі багаты фонд сцэнарыяў, у прыватнасці, па творчасці Якуба Коласа і Янкі Купалы – нашых народных песняроў.
Каб пазнаёміцца з бібліятэчнымі прапановамі, дакладней, са спісам літаратурных крыніц, дастаткова зайсці на сайты Навагрудскай раённай бібліятэкі ці сайт Навагрудскай бібліятэкі сямейнага чытання, там адкрыць укладку «Электронный каталог» і ўжо далей дзейнічаць па інструкцыі, якая там прыкладаецца. Так што адважвайцеся! З дапамогай бібліятэкі вы зможаце абнавіць, пашырыць і разнастаіць свае веды пра самых народных пісьменнікаў Беларусі, нашых юбіляраў – Янку Купалу і Якуба Коласа. Дый і не толькі пра іх, спадзяюся, вы разумееце, аб чым гаворка.

Юбілей – гэта добрая нагода ўзгадаць пра пісьменнікаў і паэтаў. Нездарама ж бібліятэкі ў такі перыяд актывізуюць сваю дзейнасць па папулярызацыі іх творчасці. У чэрвені-ліпені гэта ў асноўным былі прысвячэнні Янку Купале, а 3 лістапада, у дзень нараджэнна Якуба Коласа, мы запрашаем на мерапрыемствы, прысвечаныя гэтаму юбіляру. Заходзьце ў свае бібліятэкі, вы не пралічыцеся, я ведаю, што бібліятэкары падрыхтавалі шмат цікавай інфармацыі, нават новай. Час правядзення мерапрыемстваў можна ўдакладніць на сайце (знайдзіце там іх анонс) альбо патэлефануйце ў раённую бібліятэку па нумары 6-67-89.
А зараз мне хочацца расказаць пра навагрудскую старонку жыцця гэтых вялікіх песняроў, пра якую не напісана ў школьных падручніках. Гаворка пойдзе пра вядомыя факты, але, каб іх знайсці, трэба прыкласці намаганні, таму я проста аблегчу ваш пошук.
Насамрэч, жыццё народнага паэта Беларусі Якуба Коласа доўгі час было звязана з Навагрудчынай. Навагрудская зямля заўсёды прыцягвала пісьменніка сваёй старажытнай гісторыяй і непаўторнай прыгажосцю. У перыяд з 1946 па 1956 год ён не раз выбіраўся дэпутатам у Савет Саюза Вярхоўнага Савета СССР ад Навагрудскай выбарчай акругі, таму сюды ён наведваўся для правядзення перадвыбарных сустрэч, а таксама і як дэпутат Вярхоўнага Савета СССР, нават ёсць мастацкае пацвярджэнне гэтага факта – карціна Лазара Рана «Якуб Колас у вызваленым Навагрудку».

Упершыню Якуб Колас пабываў у Навагрудку яшчэ ў канцы 1940 года ў складзе рэспубліканскай камісіі па правядзенню мерапрыемстваў, звязаных з 85-годдзем са дня смерці Адама Міцкевіча. Разам з Я. Купалам, П. Броўкам, Я. Бранеўскай і іншымі дзеячамі беларускай культуры Якуб Колас наведаў Навагрудак, пабываў у Доме-музеі Адама Міцкевіча. Падчас адной з такіх сустрэч у 1946 годзе ён наведаў таксама і мястэчка Любча, пабываў у Карэлічах, Гарадзішчы, Баранавічах, на возеры Свіцязь. Дарэчы, возера Свіцязь ён называў самым прыгожым у Беларусі, і калі яно не ляжала на яго шляху, а знаходзілася ўбаку, то вадзіцель абавязкова збочваў, каб Якуб Колас палюбаваўся на гэты цуд беларускай прыроды.
А яшчэ навагрудскую зямлю ён любіў і шанаваў як радзіму вялікага польскага паэта Адама Міцкевіча. Я. Колас высока цаніў яго творчасць, а з паэмамі і вершамі паэта быў знаёмы яшчэ з дзяцінства. Невялікі графічны партрэт Адама Міцкевіча работы навагрудскага мастака Казіміра Мардасевіча (тады ён распаўсюджваўся ў шматлікіх копіях мясцовых малявальшчыкаў) у рамцы з пазалочанай абводкай вісеў на сцяне ў бацькоўскай хаце будучага беларускага паэта. Знамянальна таксама і тое, што яго падаравала Кастусю Міцкевічу хросная маці «пані Аксеня», жонка работніка лясніцтва. Як дарагую рэліквію ў сям’і захоўвалі і томік «Балад і рамансаў» Міцкевіча.
У знак асобай павагі навагрудчан да народнага песняра ў Навагрудку на перакрыжаванні вуліц Адама Міцкевіча і Віктара Валчэцкага побач з аўтавакзалам быў устаноўлены бюст Якубу Коласу.

А вось Янка Купала ўпершыню трапіў на Навагрудчыну зусім маладым чалавекам яшчэ ў 1909 годзе. У гэты перыяд ён працаваў у Вільні ў выдавецтве Даніловіча, які прапанаваў Янку Купалу папрацаваць у яго маёнтку Бенін. Прабыўшы там дзевяць дзён, зачараваўшыся і натхніўшыся прыгажосцю навагрудскай прыроды, Янка Купала напісаў тут вершы «Памалiся», «Перад свiтаннем», «З кірмашу» і «Ноч за ночкай», дарэчы, яны былі надрукаваны толькі ў 1913 годзе ў зборніку «Шляхам жыцця». Сам факт аб знаходжанні Янкі Купалы на Навагрудчыне ў 1909 годзе стаў вядомым толькі ў 1927 годзе з яго пісьма даследчыку беларускай літаратуры Л.М. Клейнбарту.
Ізноў Янка Купала пабыў на Навагрудчыне ў дастаткова сталым узросце – гэта быў 1940 год, 4 лістапада. Разам з вядомым беларускім пісьменнікам Міхасём Лыньковым яны наведалі музей Адама Міцкевіча і нават пакінулі там запіс у «Кнізе водгукаў», і ў фондах Дома-музея захоўваецца адпаведнае пісьмо Міхася Лынькова. У той год у Савецкім Саюзе шырока адзначалася памятная дата – 85 гадоў з дня смерці Адама Міцкевіча, і Янка Купала быў абраны членам юбілейнай Беларускай і Усесаюзнай камісій па падрыхтоўцы мерапрыемстваў. Таму і адбылася яго паездка на Навагрудчыну, да родных мясцін А. Міцкевіча. У Навагрудку пісьменнікі правялі нараду з кіруючымі работнікамі раёна.

Для Янкі Купалы, як і для Якуба Коласа, была вельмі блізкай творчасць Адама Міцкевіча. Яшчэ ў пачатку сваёй творчасці Янка Купала выступіў як перакладчык твораў А. Міцкевіча, і гэта было невыпадкова – два паэты, два рамантыкі, абодва жылі на адной зямлі і шырока выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці традыцыйныя фальклорна-міфалагічныя вобразы беларускага народа. Вось так Адам Міцкевіч увайшоў у жыццё гэтых двух галоўных беларускіх паэтаў-класікаў, а з Якубам Коласам яшчэ і прозвішча было адно на дваіх (сапраўнае імя Якуба Коласа – Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч).
Шмат яшчэ пра цікавыя факты можна было б расказаць. Прыходзьце ў бібліятэку, там мой пісьмовы расказ вусна працягне іншы бібліятэкар. Дарэчы, пра прабыванне Янкі Купалы ў Беніне там ёсць выдавецкая работа, якая мае назву «Сляды жыцця: Янка Купала і Навагрудчына», а пра Якуба Коласа – «Навагрудскі перыяд жыцця: Якуб Колас». Пацікаўцеся гэтымі работамі, для аматараў літаратуры і патрыётаў сваёй малой радзімы гэта вельмі важна.
Фаіна Малюжэнец,
метадыст Навагрудскай раённай бібліятэкі.

Далучайцеся да нашага Telegram-каналу!