Чым заняцца летам? Калі дома сумна, сардэчна запрашаем на нашу “Магістраль творчасці!” У дні летніх канікул Навагрудскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі запрашае школьнікаў паўдзельнічаць у майстар-класах, цікавых занятках, наведаць выставўкі.
4 чэрвеня ў Навагрудскім раённым ЦТДіМ адбыўся дзень адчыненых дзвярэй “Магістраль творчасці!”, які наведалі каля 70 дзяцей рознага ўзросту з устаноў адукацыі горада.
У дзень адчыненых дзвярэй для школьнікаў былі арганізаваны цікавыя майстар-класы і творчыя пляцоўкі, працаваў кабінет бяспекі “Тры колеры бяспекі”. Рабяты змаглі паспрабаваць свае магчымасці ў лепцы з салёнага цеста разам з Інай Васільеўнай Гасман, прыняць удзел у гульнёва-пазнавальнай праграме аб правілах здаровага харчавання, лекавых раслінах і вітамінах у “Фітабары”, якую правяла Ніна Вікенцьеўна Скшэнская.
Разам з Марынай Мікалаеўнай Юрчык дзеці даведваліся шмат цікавага аб правілах сартавання і ўтылізацыі смецця. Пад кіраўніцтвам Алены Уладзіміраўны Рудзік дзяўчынкі змаглі навучыцца рабіць прычоскі. А з дапамогай Вольгі Аляксандраўны Юшмановай школьнікі навучыліся рабіць незвычайных папяровых звяроў са старонак старых часопісаў.
Наведаўшы выстаўку творчых работ педагогаў і навучэнцаў, дзеці падрабязней даведаліся пра дзейнасць Цэнтра.
У межах абласнога прафілактычнага праекта “Стварай сваё здароўе сам” са школьнікамі сустрэлася Ніна Мікалаеўна Жураўская, валеолаг Навагрудскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Сустрэча адбылася пад дэвізам “Лета – пара бяспечная”. З дапамогай валеолага дзеці даведаліся, як засцерагацца ад укусаў насякомых і змей, як паводзіць сябе, каб не атрымаць сонечны ці цеплавы удар.
Кацярына Семярнік, метадыст Навагрудскага ЦТДіМ