Наталля Гляд: «Сям’я будуецца на каханні»

Наталля Гляд: «Сям’я будуецца на каханні»

Наталля Гляд: «Сям’я будуецца на каханні»

14 октября 2024 358

Школьнае каханне – самае светлае, самае чыстае і самае сапраўднае. Шчаслівы той, каму ўдалося захаваць і пранесці праз гады свае пачуцці і стварыць на гэтым падмурку моцную сям’ю. Наталля і Дзмітрый Гляд — яшчэ адно таму пацвярджэнне.


Яны пазнаёміліся – дзевяцікласніца і адзінаццацікласнік. Ад юнацкай сімпатыі і сяброўства да сапраўднага кахання прайшоў не адзін год. Наталля стала студэнткай Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Дзмітрый вучыўся ў Мінскім педагагічным універсітэце імя Танка. Паміж імі былі сотні кіламетраў, але адлегласць і час толькі пацвердзілі сілу іх пачуццяў.

Першыя крокі маладая сям’я Гляд пачала на Навагрудскай зямлі. Гэты горад для іх быў новым, незнаёмым.

– Мы абодва са Столінскага раёна. Там і зараз жывуць нашы бацькі, нашы родныя. Хоць і нячаста, але хаця б раз у месяц мы абавязкова наведваемся на нашу малую радзіму, – расказвае Наталля Паўлаўна. – Там нам цёпла і хораша. І святы мы стараемся адзначаць сярод блізкіх нам людзей. Стала добрай традыцыяй на Каляды і Стары Новы год абавязкова ехаць на Століншчыну. У Давід-Гарадку, дзе я нарадзілася, вельмі цікава праходзіць рэгіянальнае свята «Конікі». Гэта, можна сказаць, візітная картка нашай мясцовасці. У ноч з 13 на 14 студзеня людзі спачатку збіраюцца за сталамі, а потым пераапранаюцца ў розныя карнавальныя касцюмы і ідуць віншаваць са святам суседзяў, знаёмых. Наперадзе абавязкова ідзе Конь. Гулянні на галоўнай плошчы доўжацца да самай раніцы, і мы абавязкова ў іх удзельнічаем.

Нягледзечы на прыхільнасць да мясцін свайго дзяцінства, Наталля і Дзмітрый вельмі любяць Навагрудак, які даўно ўжо стаў для іх сваім. –

Навагрудак немагчыма не любіць, – прызнаюцца яны. – Тут свой, непаўторны каларыт і вельмі добрыя людзі. І мы радыя, што ў свой час выбралі гэты горад месцам для жыцця сваёй сям’і.

Сям’ю Гляд у нашым горадзе ведаюць многія. Дзмітрый Мікалаевіч – кіраўнік па фізічным выхаванні Навагрудскага дзяржаўнага каледжа тэхналогій і бяспекі і трэнер па валейболе каманды Навагрудскага раёна. Шматлікія медалі і дыпломы – ацэнка яго спартыўных дасягненняў. Імя Дзмітрыя Гляда было занесена на раённую Дошку гонару.

У Наталлі Паўлаўны свае захапленні і свае працоўныя дасягненні. Яна – начальнік сектара па кантролі за вытворчасцю і рэалізацыяй прадукцыі жывёльнага паходжання Навагрудскай раённай ветэрынарнай станцыі. Пасада больш чым адказная, бо ў абавязках спецыяліста – клопат пра наша з вамі здароўе і ў канчатковым выніку пра харчовую бяспеку краіны.

– Як і кожны, хто хоча стаць ветэрынарам, я марыла лячыць коцікаў і сабачак, бо гэтым абмяжоўваліся мае веды пра будучую прафесію, – жартуе Наталля. – З практыкай пашыраюцца веды і мяняюцца прыятытэты. Я разумею, наколькі важная і патрэбная мая сённяшняя работа.

Але самая галоўная і важная частка жыцця – дзеці. Іх у сям’і Гляд двое – дзесяцігадовы Яраслаў і шасцігадовая Паліна. Актыўныя, вясёлыя, гарэзлівыя і вельмі дружалюбныя – і разам з тым у кожнага свой характар і свае схільнасці, якія бацькі імкнуцца развіваць. Яраслаў, як і тата, сябруе са спортам. У скарбонцы яго спартыўных дасягненняў – трэцяе месца на пераднавагоднім турніры па грэка-рымскай барацьбе. Палінка з задавальненнм займаецца ў танцавальнай групе. Дзяўчынка пластычная і дысцыплінаваная.


– Я строгая мама, – прызнаецца Наталля Паўлаўна. А «за кадрам» чуваць голас Яраслава: «Мама прымушае вучыць урокі». Мама і сын смяюцца, і ад іх шчырай весялосці становіцца вельмі цёпла.

Адносіны ў іх сям’і будуюцца на каханні, узаемападтрымцы і традыцыйных сямейных каштоўнасцях. А гэта – залог сапраўднага сямейнага шчасця. Будзьце шчаслівымі!

«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok | 

Автор: Ольга Новогран «НЖ»