Марыя Быт: «Вершы – гэта мая ўцеха»

Марыя Быт: «Вершы – гэта мая ўцеха»

Марыя Быт: «Вершы – гэта мая ўцеха»

15 февраля 2026

Сваю вёску Гаравічы Марыя Аляксандраўна Быт лічыць адным з найпрыгажэйшых куткоў Беларусі. Тут прайшла большая частка яе жыцця. Тут яна склалася як прафесіянал, сустрэла сваё каханне, тут нарадзіліся і выраслі дзеці. І менавіта ў Гаравічах былі напісаны самыя шчырыя і пранікнёныя яе вершы.

загружено (2).png

«Я нарадзілася ў Лозках»

–Маё дзяцінства было шчаслівым, – усміхаецца Марыя Аляксандраўна. – Бацькі – простыя працавітыя людзі, калгаснікі, якія прайшлі праз пакуты і жахі вайны, але збераглі ў сабе дабрыню і адкрытасць, а ў чалавеку шанавалі ў першую чаргу прыстойнасць.

Змалку прывівалі яны сваёй дачцы любоў да роднай зямлі, вучылі паважаць старэйшых і вельмі хацелі, каб дзяўчына атрымала годную прафесію і знайшла сваё месца ў жыцці. Дзе б ні была Марыя потым, яна заўсёды як на крылах ляцела ў Лозкі, ва ўтульны і цёплы бацькоўскі дом, які  заўсёды ўспамінае з цеплынёй і ўдзячнасцю.

Праз шмат гадоў у сваім зборніку вершаў «Бацькаўшчына» яна раскажа пра родных і дарагіх сэрцу людзей. Узгадае маму,тату і дзядзькаў, якія працавалі настаўнікамі і пакінулі добры след у памяці землякоў. Верагодна, іх прыклад, а таксама вялікая павага да сваіх школьных педагогаў зарадзілі ў дзяўчыне мару стаць настаўнікам, і абавязкова – пачатковых класаў. Ваўкавыскае педвучылішча, Мінскі педагагічны інстытут – так паступова ішла яны па прыступках сваёй прафесіі.

IMG_8719.JPG

–Я ніколі не здраджвала сваёй Навагрудчыне, –працягвае жанчына. –Працавала ў Альхоўскай, Гагарынскай і Сянежыцкай школах, а затым больш за 20 гадоў – у Ваўковічах. Тут сустрэла свайго будучага мужа Яўгена, які працаваў у мясцовай гаспадарцы ветурачом і хораша іграў на баяне.

Іх сям’я – моцны саюз двух людзей. якіх з’яднала не толькі каханне, але і любоў да творчасці. Сёння, праз шмат гадоў, іх вочы гэтак жа свецяцца цёплымі агеньчыкамі, а песня, якую спяваюць разам, гучыць пранікнёна і шчыра.

IMG_8726.JPG

Словы, якія ідуць ад сэрца

Пісаць вершы Марыя пачала яшчэ ў школьныя гады. Чытала шмат кніг – прозу, паэзію, і аднойчы зразумела, што вершаваныя радкі як найлепш адлюстроўваюць яе ўнутраны свет.

–Вершы – гэта мая ўцеха, –прызнаецца Марыя Аляксандраўна. –У кожным з іх часцінка мяне – мае пачуцці, мае думкі. І адразу на душы становіцца лягчэй.

Паэзія Марыі Быт – не гучныя словы, а тонкія, як акварэль, замалёўкі. У іх – шаптанне лістоты за акном, цішыня заснежанага поля, цеплыня печкі і бязмежная пяшчота да маці, якая некалі вучыла яе бачыць прыгажосць у самых простых рэчах. І менавіта маме адрасаваны гэтыя шчырыя радкі, прасякнутыя любоўю.

Ідуць гады, падзей нямала
Благіх і добрых у жыцці.
Сяброў надзейных я спаткала
Ды лепш, чым ты, мне не знайсці.

Яе вершы пра каханне – не заўсёды пра высокія пачуцці. Часцей – пра ціхую прыхільнасць да мясцін, да людзей, да ўспамінаў. Гэта каханне-адказнасць, каханне-памяць. А вершы пра Радзіму – не гімны, а погляд з акна на знаёмае поле ці расказ аб продках, чые карані тут, на гэтай зямлі.

Вас назвала пяшчотна, ласкава.
Не кранулі вас словы мае?
«Я для вас была проста забавай», –
Так праўдзіва гітара пяе.

Вершы любяць цішыню

Марыю Аляксандраўну добра ведаюць на толькі ў Навагрудскім раёне, але і за яго межамі. Вопытны педагог, паэт, пяру якога належаць больш за 250 вершаў. Яе творы друкаваліся ў газетах  «Новае жыццё»,  «Гродзенская праўда», «Полымя», выдаваліся асобнымі зборнікамі.

–Як нараджаюцца вершы? – яна на хвіліну задумваецца і працягвае: – У цішыні. Спачатку занатоўваю на паперы свой настрой, свае думкі, а на наступны дзень асэнсоўваю напісанае і, калі трэба, дапаўняю. Часта штуршком да творчасці становяцца пэўныя падзеі – ці то ў краіне, ці то ў вёсцы. Заўсёды ёсць вершы, у якіх звяртаюся да дзяцей, да мужа, да калег па працы.

–Я вельмі люблю Навагрудскі край, –прызнаецца Марыя Быт. – Люблю так, што цяжка перадаць простымі словамі.

Там, дзе Нёман-рака срэбрам льецца,
Дзе сініцай лячу ў думках я,
Грае сонца на хвалях, смяецца,
Там мой край, там радзіма мая.

Крыніцай творчага натхнення для яе была і застаецца родная зямля, вёска Лозкі, дзе нарадзілася і правяла дзяцінства.

IMG_8733.JPG

–Там, здаецца, усё інакшае, больш прыгожае: гнуткія бярозкі, а поле такое, што аж лягчэй дыхаць, – гаворыць Марыя Аляксандраўна.

Там пахне свежым сырадоем,
І мякка сцелецца мурог.
Там у лагодзе і спакоі
Дабро ступае на парог.

Для яе бацькоў заўсёды самымі важнымі былі сямейныя каштоўнасці. Не пакінуць у бядзе, дапамагчы, падтрымаць, у любой сітуацыі заставацца чалавекам – гэтую жыццёвую мудрасць Марыя Быт праносіць праз усё сваё жыццё. Гэтым жа няхітрым, але такім правільным высновам вучыла яна сваіх вучняў і сваіх дзяцей, а цяпер вучыць і ўнукаў.

«Дзякуй, мама, за тое, што ты нас так выхавала», – гаворыць дачка Наталля, і гэтыя словы – лепшы падарунак для кожнай матулі і самая высокая ацэнка яе мацярынскай працы.

Я гляджу на неба – вузкая палоска,
У сэрцы абудзіла светлы ўспамін.
Залатыя вёсны, шчасця адгалоскі,
І паэт застаўся з цішынёй адзін.

У яе жыцці было рознае: радасці і нягоды, знаходкі і страты. Але, нягледзечы ні на што, Марыя Быт была і застаецца вельмі светлым і шчырым чалавекам, з добрым і адкрытым сэрцам. Такім, як і яе вершы.

Моцнага Вам здароўя, паважаная Марыя Аляксандраўна! І новых твораў, якія мы з задавальненнем прачытаем!

«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |  


Автор: Ольга Новогран «НЖ»