Хатынь - сімвал сотняў беларускіх вёсак і мястэчак, якія згарэлі ў полымі вайны. Сярод іх 16 вёсак Навагрудчыны

22 марта 2018 2354

Хатынь – гэта адзін з тысячы фактаў, якія сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду ў адносінах да насельніцтва Беларусі, якую праводзілі нацысты на працягу ўсяго перыяду акупацыі. У 1941-1944 гг. захопнікі здзейснілі 140 буйных карных аперацый, падобных да хатынскай. У Беларусі было спалена 9200 вёсак, з іх больш за 650 спалены  разам з жыхарамі.

 

Пра трагедыю Хатыні сёння ведае амаль кожны жыхар Беларусі. Хатынь – гэта самая вядомая і самая першая вёска, трагедыя якой была ўвекавечана ў мемарыяле. Хатынь – гэта сімвал бесчалавечнасці вайны, фашызму  і адначасова сімвал памяці і заклік да міру.

Хатынь таксама з’яўляецца сімвалам сотняў беларускіх вёсак і мястэчак, якія згарэлі ў полымі вайны. Сярод іх 16 вёсак Навагрудчыны: Ятра, Калмацкоўшчына, Заполле, Тулічава, Паздзерава, Альхоўка, Ацмінава, Малачкі, Дзетамля, Пудзіна, Нізаўцы, Рахавец, Бор, Купіск, Панямонь, Каменка.

Перад вайной у гэтых вёсках было больш за 1225 двароў. Дашчэнту спалена – 878. У агні знішчана 453 чалавекі.

12_1

Але гэта далёка не поўны спіс мястэчак і вёсак Навагрудчыны, якія ў гады вайны сталі ахвярамі гітлераўскай палітыкі. Бо кожны год адкрываюцца новыя факты злачынстваў нямецкіх акупантаў.

З самага пачатку вайны акупацыйныя ўлады кіраваліся распараджэннямі вышэйшага нямецкага камандавання, у якіх было абазначана: ставіцца прыязна да жыхароў, якія падтрымліваюць палітыку Германіі, а супраць насельніцтва, якое падтрымлівае марадзёраў і партызан, трэба прымаць самыя жорсткія меры – мужчын расстрэльваць, дзяцей і жанчын – дэпарціраваць, а вёскі – спальваць.

Аднак хутка стала зразумела, якую пазіцыю ў адносінах да акупантаў займае большасць насельніцтва. І тады фашысты пачалі праводзіць карныя аперацыі супраць усіх катэгорый мясцовага насельніцтва, у першую чаргу – яўрэяў, палякаў, беларусаў і інш.

А пасля таго, як на тэрыторыі Навагрудчыны дзейнасць партызан пачала набываць арганізаваны характар, акупанты планавалі актыўныя дзеянні па ліквідацыі партызанскага руху. Меркавалася, што разам з правядзеннем карных аперацый і вынішчэннем партызанаў будуць праводзіцца расстрэлы вясковых жыхароў, якія падазраюцца ў сувязях з партызанамі; спальванне вёсак, якія размешчаны паблізу ад вялікіх лясных масіваў; вынішчэнне яўрэяў; прымусовы вываз насельніц­тва на працу ў Германію альбо ў канцлагеры.

Першы выпадак расстрэлу за сувязь з партызанамі на Навагрудчыне адбыўся ў пачатку сакавіка 1942 года. Былі расстраляны браты Лейтаравы з вёскі Боцкавічы, Уладзімір і Венедыкт Стомы з вёскі Драчылава. Аб іх рас­стрэле нават была апублікавана спецыяльная аб’ява 9 сакавіка 1942 года за подпісам камісара акругі Траўба.

У студзені 1942 года за тры дні нацыстамі і паліцаямі была спалена вёска Тулічава. Са 180 хат у Тулічаве засталося толькі 8-9. Вёску спалілі за тое, што 19 мужчын і хлопцаў  пайшлі ў партызаны. Падчас праведзенай партызанамі аперацыі быў забіты нямецкі афіцэр.

Моцная  хваля падпалаў і забойстваў пракацілася летам 1942 года. За аб­стрэл аўтакалоны на шашы Баранавічы–Навагрудак былі знішчаны тры вёскі непадалёку ад возера Свіцязь – Каменны Брод, Бельчыцы, Ятвязь. Частку насельніцтва гэтых вёсак расстралялі на месцы, частка была перавезена ў Навагрудак і пасля катаванняў расстраляна на ўскраіне горада, за ваенным гарадком.

У ліпені 1942 года згарэў хутар каля вёскі Мацёшыцы. Расстраляна і спалена сям’я Гурына Іосіфа, у тым ліку двое малых дзяцей. Прычына забойства – сувязь з партызанамі.

Жыхары Селішча таксама паплаціліся за сувязь з партызанамі. Карнікі спалілі палову вёскі, калі даведаліся, што яе жыхар Мікалай Яцук пайшоў у партызаны. Маці Яцука з сынам і дачкой уцяклі. Сам Мікалай потым загінуў у адным з баёў.

Калі ў партызанскі атрад «Кастрычніцкі» пайшлі браты Платон і Пётр Шапялі з вёскі Пятрэвічы, стала вядома, што гітлераўцы рыхтуюць расправу над роднымі партызан. Тады ўся сям’я Шапялёў пайшла ў атрад. На наступны дзень карнікі спалілі вёску.

Для барацьбы з партызанамі фашысты стварылі спецыяльныя гарнізоны, адзін з якіх размяшчаўся ў Гарадзішчы. У маі 1943 года карнікі акружылі вёску Застарынне. Яны  загналі ўсіх 382 жыхароў у хаты і спалілі жывымі. Тады ж былі спалены вёскі Ятра і часткова Заполле. Жыхары вёсак уцякалі ў лес, пакідаючы свае дамы. Хто не паспеў схавацца, трапляў у рукі карнікаў. Тады трагічна загінуў святар з вёскі Ятра Барыс Кірык, у доме якога хаваліся параненыя партызаны. Яго замучылі ў Калдычэўскім лагеры, выразаўшы на спіне пяціканцовую зорку.

Вялікая колькасць рас­­стрэлаў, падпалаў і масавага вывазу лю­дзей на прымусовую працу прадоўжылася летам 1943 года, калі прахо­дзіла аперацыя па акружэнні ў Налібоцкай пушчы яўрэйскіх партызан. Карная аперацыя пачалася ў жніўні 1943 года і доўжылася 35 дзён. Сустрэўшы супраціўленне, немцы адказвалі нападамі на мірных жыхароў, палілі вёскі, расстрэльвалі альбо спаль­­валі жанчын і дзяцей, якія не паспелі ўцячы ў лес.

У снежні 1943 года была акружана вёска Ацмінава. Пасля  расправы з партызанскай сям’ёй Лапцевых фашысты падпалілі іх хату. У гэты жудасны дзень у вёсцы Ацмінава згарэла 90 хат.

Вёска Купіск зга­рэла ўжо перад самым вызваленнем, у чэрвені 1944 года. З 212 дамоў засталося толькі 12. 

У красавіку-маі 1944 года немцы спалілі 40 вязняў з навагрудскай турмы. А перад самым адступленнем, ачышчаючы турму, немцы спалілі жывымі ў хляве каля вёскі Корастава 150 арышта­ваных.

Колькасць ахвяр за перыяд Вялікай Айчыннай вайны на беларускіх землях надзвычай вялікая. Найбольш аўтарытэтныя на сённяшні дзень даследаванні сведчаць пра 2,3-2,4 мільёна загінулых. На Навагрудчыне за гады акупацыі з 60 000 жыхароў Навагрудскага раёна загінула 45 065 чалавек, сярод іх 11 000 яўрэяў.

Хатынь – даніна памяці беларусам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, сімвал трагедыі нашага народа, месца, якое ўвасабляе пакуты, перанесеныя беларускім народам у Вялікай Айчыннай вайне.

Галіна Кавальчук,

 старшы навуковы супрацоўнік Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея

Фота носіць ілюстрацыйны характар