Канікулы з карысцю, або як зрабіць цікавым жыццё ў лагеры

Канікулы з карысцю, або як зрабіць цікавым жыццё ў лагеры

04 апреля 2022 944

Прышкольны аздараўленчы лагер Валеўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы працаваў па праграме профільнай духоўна-маральнай змены «В начале было Слово…». Яго мэта - стварыць спрыяльныя ўмовы для ўмацавання здароўя і арганізацыі вольнага часу вучняў, фарміраванне высокіх патрыятычных пачуццяў, знаёмства з духоўнай і культурнай спадчынай сваёй краіны.

Атрад «Буквіца», а гэта 15 юнакоў і дзяўчынак, адправіўся ў цікавае падарожжа працягласцю ў 6 дзён. У лагеры былі рэалізаваны два праекты: «Год гістарычнай памяці. Святыні Гродзеншчыны» і «Добрае слова – жыцця аснова».

Маленькія дзіцячыя сэрцы і душы змаглі дакрануцца да духоўных каштоўнасцей нашай краіны, якія з’яўляюцца падмуркам беларускай культурнай спадчыны. Незабыўныя ўражанні пакінула паездка ў Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр, які з’яўляецца аплотам праваслаўя на беларускіх землях. А усё пачалося з яўлення маленькай цудатворнай іконы Божай Маці, якая сёння уваходзіць у сотню самых вядомых святынь праваслаўнага свету.

Пабывалі мы на магіле мітрапаліта Філарэта – Героя Беларусі.

Экскурсія завяршылася наведваннем заапарка «Эдэмскі сад», які ў 2010 годзе працай насельнікаў манастыра быў створаны на месцы сядзібы Солтанаў.

У рамках праекта «Да суседзяў» мы наведалі Карэліцкі раён. Гасцінна нас сустракаў Райцаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа. Пранікнёна гучаў расказ экскурсаводаў школьнага музея аб подзвігу Героя Савецкага Саюза Мікалая Гастэлы, бацька якога нарадзіўся ў суседняй вёсцы Плужыны.

Вельмі ўразіў нас храм Святой пакутніцы Варвары. Такі тып храмавай архітэктуры храм-вежа – ёсць толькі ў Райцы і на востраве святой Алены.

У сядзібе Раецкіх Вера Яўгеньеўна Салдатава правяла экскурсію па старажытным парку. Але ж самае цікавае нас чакала ўнутры сядзібы - унікальныя работы гаспадыні, якія выкананы з саломкі. Самыя яркія ўражанні засталіся ад майстар – класа па іканапісу ад Аляксандра Васільевіча Салдатава.

Са словам, як крыніцай інфармацыі, мы сустракаемся ў СМІ. Вельмі цёплай была сустрэча з супрацоўнікамі мясцовага тэлебачання НоваТВ. Моладзь не толькі пачула, як ствараецца тэлепраграма, але і паспрабавала сябе ў ролі аператара, карэспандэнта, вядучага. Выпуск навін з нашым удзелам выйдзе ў эфір на наступным тыдні.

Амаль у кожны дом навагрудчан слова прыходзіць са старонкамі раённай газеты «Новае жыццё». У рэдакцыі газеты нас сустракала галоўны рэдактар Ермакова Алена Яўгеньеўна. Яна расказала, як нараджаецца друкаванае слова і якая гэта складаная і адказная праца, падкрэсліла ролю СМІ ў сучасным грамадстве.

У рамках праекта «Добрае слова – жыцця аснова» дзеці з задавальненнем ўдзельнічалі ў інтэрактыўнай гульні «Не в силе Бог, а в правде», прысвечанай князю Аляксандру Неўскаму; гістарычным экскурсе «Святы Сергій Раданежскі – свяцільнік міру і любві». У гэтых Святых кожнаму з нас можна павучыцца любві да сваёй Радзімы і праваслаўнай веры, гатоўнасці аддаць за іх сваё жыццё.
Урокі добрага кіно былі прысвечаны праблеме як выпрацаваць сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю, як не трапіць у сетку падманных замежных каштоўнасцей у наш век інфармацыі. У гэтым нам дапамаглі кінастужкі «Честь имею» і «Навсегда» з расійскага праета «Кінаўрокі ў школах Расіі».

На ўрачыстай лінейцы закрыцця лагера разам з лічбай 2 – сімвалам другой духоўнай змены – у неба ўзнялося слова-пажаданне – МІР. Парывы веснавога ветру ўздымалі нашу просьбу ўсё вышэй і вышэй. З верай мы будзем жыць, спадзяёмся, яна будзе пачута, з любоўю да роднай зямлі мы будзем будаваць сваё жыццё.


Сурага Т.М.,
настаўнік гісторыі Валеўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы