Ідэальнае падарожжа ў мінулыя часы

Ідэальнае падарожжа ў мінулыя часы

06 ноября 2023 265

Вучні дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа №3 г.Навагрудка імя В.Г. Гаховіч» на восеньскіх канікулах наведалі інтэрактыўны парк гісторыі «Вялікае княства Сула», прайшлі сцежкамі гістарычнга мінулага роднай краіны.

Да парку вядзе алея, абсаджаная з двух бакоў дрэвамі, пад нагамі шасціць апалае лісце, здалек відаць прыгожы цагляны замак. Пры ўваходзе ўсіх наведвальнікаў сустракаюць мужчыны ў нацыянальных строях 17 стагоддзя, пад гранне дуды расказваюць правілы гульні і паводзін у парку гісторыі. Вучні даведваюцца, што яны павінны прайсці ўсе станцыі і сабраць талеры за выкананыя заданні. І так, падарожжа пачынаецца…

Спачатку невялічкая вандроўка па рацэ Суле на дракары. Гэта перше знаёмства з аб’ектамі парку. Тут і стаянка першабытных людзей, жыллё якіх было абцягнута скурай жывёл, і паселішча балтаў, і драўляны дзяцінец на востраве пасярод ракі.

А далей знаёмства з рамёствамі… У замку знаходзіцца кузня. Дзеці вельмі хацелі дапамагчы кавалю выкаваць падкову, але памочнікам быў абраны толькі адзін з вучняў, менавіта ён і прынёс камандзе першы талер. Далей была ганчарня, дзе здатнаму вучню дастаўся ў падарунак гліняны гаршчок, злеплены ім самім. У пякарні вучні змаглі пабачыць прылады, з дапамогай якіх некалі рабілі муку і пяклі хлеб. У хатцы бортніка праз шкло назіралі руплівасць пчол па захаванні мёду. Багатай выглядала яўрэйская крама. Якія толькі тавары там і прадаваліся! Нават калі нечага не было, па запыце такі тавар маглі з лёгкасцю прывезці з Вільні або Мінска.

Ёсць у Суле і свой лялечны тэатр «Батлейка». Павучальнае прадстаўленне аб тым, як правільна выбраць сабе справу па душы, якой збіраешся займацца ў дарослым жыцці, вучні глядзелі з цікавасцю, шчыра дзякавалі акцёрам гучнымі аладысмнтамі.

А яшчэ стайня, друкарня, пошта, таямнічая і загадкавая капліца-ратонда, хатка вядунні і шмат-шмат чаго цікавага, памножанага на цудоўнае восеньскае надвор’е і народны каларыт, дзе ўсюды гавораць на беларускай мове. Вось і атрымліваецца ідэальная вандроўка ў мінулыя часы.

Дар’я Каравай,
настаўнік сярэдняй школы №3 імя В.Г.Гаховіч