«Фаварыт» у перакладзе з лацінскай мовы азначае «добразычлівасць». У спорце – гэта адзін з верагодных пераможцаў напярэдадні спаборніцтваў. Таму зусім невыпадкова, што, калі два гады таму ДЮСШ прафсаюзаў па зімовых відах спорту змяніла назву, у ёй з’явілася менавіта гэтае слова. Вось ужо шмат гадоў навучэнцы і выхаванцы прафсаюзнай спартыўнай школы Навагрудка з’яўляюцца фаварытамі самых разнастайных спаборніцтваў па відах спорту, якія ва ўстанове развіваюцца. Сёлета школа адзначае сваё 25-годдзе. І хоць імёны яе трэнераў і спартсменаў не зыходзяць з нашых газетных палос, не узгадаць у сувязі з юбілеем мы не маглі.
1994 г. У Навагрудку адкрыта дзіцяча-юнацкая спартыўная школа раённага Савета Усесаюзнага добраахвотнага фізкультурна-спартыўнага таварыства прафсаюзаў.
2005 г. Школа перайменавана ў Навагрудскую раённую комплексную ДЮСШ прафсаюзаў.
2010 г. Пасля далучэння Дзятлаўскай і Слонімскай спартыўных школ – Гродзенская міжраённая ДЮСШ прафсаюзаў па зімовых відах спорту.
2017 г. Установа атрымала спецыялізацыю і сучасную назву – Гродзенская міжраённая СДЮШАР прафсаюзаў «Фаварыт».
Спорт вынікамі каштоўны
Навагрудская прафсаюзная спартыўная школа заявіла аб сабе з першых месяцаў існавання. Невялікі калектыў рабіў усё магчымае, каб іх навучэнцы ўвайшлі ў лік прызёраў спартыўных спаборніцтваў. На той час у школе працавалі аддзяленні лыжных гонак і футбола.
– За 25 гадоў наша школа зведала нямала пераўтварэнняў. Адны аддзяленні адкрываліся, другія, наадварот, – заканчвалі сваю дзейнасць, – расказвае дырэктар Гродзенскай міжраённай СДЮШАР прафсаюзаў «Фаварыт» Зоя ШУЛЬКЕВІЧ, якая ўстановай кіруе ўсе 25 гадоў. – Аднак увесь час, з дня ў дзень, мы імкнуліся да паспяховай работы.
Асноўная мэта ДЮСШ – перадача юных спартсменаў у вышэйшае звяно. У «Фаварыта» спіс чэмпіёнаў, пераможцаў і прызёраў даўно вылічаецца дзясяткамі. І гэта мы бяром ва ўвагу толькі рэспубліканскія і сусветныя спаборніцтвы.
Аб тым, што школа працуе паспяхова, гаворыць той факт, што два гады таму ўстанова атрымала спецыялізацыю і стала спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школай алімпійскага рэзерву.
– Гэты статус прысвойваецца Міністэрствам спорту і турызму за падрыхтоўку спартсменаў, якія сталі ўдзельнікамі самых прэстыжных сусветных спаборніцтваў, – тлумачыць Зоя Дзмітрыеўна. – Самым тытулаваным на сённяшні дзень з’яўляецца барэц грэка-рымскага стылю, майстар спорту міжнароднага класа, шматразовы чэмпіён Беларусі, пераможца і прызёр сусветных першынстваў, чэмпіянатаў Еўропы і свету, сярэбраны прызёр II Еўрапейскіх гульняў Аляксандр Грабовік. Ганарымся дасягненнямі іншых барцоў. У іх ліку Андрэй Міхайлоўскі, Уладзіслаў Прыбыльскі, Аляксандр Пісарук, Ян Каштэлян і інш. Не саступаюць ім лыжнікі і біятланісты: Аксана Шымановіч, Віялета Ерамей, Віталій Казлоўскі, Андрэй Гаўраш, Антон Шыдлоўскі, Мілена Жарко і інш. Выхаванка школы Карына Альховік прызнана лепшым іграком чэмпіянату Беларусі па футболе 2018 года сярод жанчын. У ліку сённяшніх навучэнцаў добрыя поспехі паказваюць Арцём Марцінкевіч, Мікалай Кузміч, Раман Драчылоўскі (грэка-рымкая барацьба), Данііл Поклад, Наталля Курыла, Ілья Янкоўскі (біятлон) і многія іншыя юнакі і дзяўчаты.
– У скарбонцы перамог нашых выхаванцаў няма толькі медалёў Алімпійскіх гульняў. Але мы верым, што і гэту прыступку нашы спартсмены пераадолеюць, – выказала надзею Зоя Шулькевіч.
За 2018-2019 гг. у вышэйшае звяно падрыхтоўкі перададзены 10 навучэнцаў. Падрыхтаваны адзін майстар спорту, пяць кандыдатаў у майстры спорту, 65 навучэнцаў 1 разраду і больш за 500 чалавек масавых разрадаў. На сённяшні дзень у спісачныя саставы нацыянальных зборных Рэспублікі Беларусь уключаны 14 чалавек.

Сучасны выгляд
– Сёння ў школе працуюць аддзяленні біятлона, лыжных гонак, грэка-рымскай барацьбы, вольнай барацьбы, футбола, – працягвае размову Зоя Шулькевіч. – Адзіным відам спорту, які ў нас папулярызуецца ўсе 25 гадоў, з’яўляюцца лыжныя гонкі. На другім месцы па «ўзросце» – грэка-рымская барацьба, якая з’явілася ў канцы 1996 года. З 2004 г. адкрыта аддзяленне біятлона. З 2012 г. аднавіла дзейнасць адзяленне футбола. І самым маладым з’яўляецца аддзяленне вольнай барацьбы, якое пачало працаваць з версня гэтага года. Асноўныя сілы ў развіцці дзіцяча-юнацкага спорту сканцэнтраваны ў Навагрудку. Некалькі груп па лыжных гонках працуюць у Гарадзечне і Вераб’евічах. Футбалістаў рыхтуюць таксама ў Слоніме. Створана адна група біятланістаў у Раготцы (Дзятлаўскі раён).
Зараз у школе займаецца 560 спартсменаў-навучэнцаў. Працуюць 62 групы, з іх 43 пачатковай падрыхтоўкі і 19 вучэбна-трэніровачных. У 5 спецыялізаваных па спорце класах, створаных на базе СШ №5 і 7 г. Навагрудка, навучаюцца 50 хлопчыкаў і дзяўчынак.
Пра спартсменаў расказалі. Давайце знаёміцца з трэнерамі. Назавём тых, хто працуе на Навагрудчыне. Самае шматлікае – аддзяленне біятлона. У ім працуюць Ігар Літвінскі, Дзмітрый Каспаровіч, Сяргей Дмухоўскі, Таццяна Піліпчык, Андрэй Валенцюкевіч і Аляксандр Грыб, які таксама займае пасаду намесніка дырэктара. Лыжнікаў выхоўваюць Валерый Масла, Яўгеній Масла і Анастасія Гайшун. Падрыхтоўку барцоў грэка-рымскага стылю ажыццяўляюць Андрэй Крынскі, Сяргей Валынец і Уладзімір Бабко. З дзяўчатамі-вольніцамі працуе Іна Марцінкевіч. З юнымі футбалістамі займаюцца Аляксей Новікаў, Дзмітрый Трафімчык і Міраслаў Кіслы. Сярод маладых членаў калектыву большасць – гэта выхаванцы школы. Некалі яны паслухмяна выконвалі наказы сваіх трэнераў-выкладчыкаў, а сёння з’яўляюцца іх калегамі.
– У нас самы дружны і зладжаны калектыў, – з гонарам гаворыць Зоя Дзмітрыеўна. – Кожны трэнер – прафесіянал. І вопытныя выкладчыкі, і моладзь адданы сваёй справе, укладваюць усе сілы ў сваіх навучэнцаў і заўсёды сочаць за лёсам сваіх выхаванцаў, якія звязалі жыццё з прафесійным спортам. А я, як кіраўнік, прыкладу ўсе намаганні, каб забяспечыць добрыя ўмовы для работы і сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу. Планаў па развіцці школы ў нас шмат. Не збіраемся спынняцца і ў пакарэнні спартыўных вяршынь. Я ўпэўнена: усё, чаго дасягнулі нашы навучэнцы, выхаванцы і трэнеры, – гэта толькі пачатак.
– Хачу ўсім шчыра падзякаваць за работу і пажадаць новых поспехаў і перамог. З юбілеем!
«Зімовым» – 25 і 15
СДЮШАР прафсаюзаў «Фаварыт» – гэта вялікая каманда. Але, вядома, найбольш блізкія ўзаемаадносіны складваюцца ў калектыве асобнага аддзялення. Гэты год юбілейны для двух з іх: лыжнаму – 25, біятлоннаму – 15.
За гэты час у кожным з аддзяленняў склалася свая сістэма работы, але што іх аб’ядноўвае – гэта любоў трэнераў да спорту і імкненне перадаць яе сваім навучэнцам.
– Аднак поспех проста немагчымы без зацікаўленасці дзіцяці і падтрымкі бацькоў. А яшчэ, без пастаяннай штодзённай скрупулёзнай работы трэнера і навучэнца, – упэўнены Валерый Масла. – Не ўсё атрымліваецца. Але ў гэтым і сутнасць спорту – пастаяннае пераадоленне сябе, няўдач і нават поспеху.
– Спорт – для ўсіх. Прафесійны спорт – толькі для адзінак, – адзначыў Ігар Літвінскі. – Я заўсёды гавару сваім выхаванцам, што майстэрства прафесійных спартсменаў годна павагі, але поспехі не прыходзяць самі па сабе. Тым, хто прысвяціў сваё жыццё спорту, даводзіцца прыкладаць шмат намаганняў і праяўляць свае лепшыя якасці, каб паказаць высокія вынікі і дасягнуць жаданай перамогі. І вельмі прыемна, што сярод нашых навучэнцаў такія дзеці ёсць.
Анастасия Зайко, «НЖ»