Эдуарда Уладзіміравіча заўсёды адрознівала адданасць лясной справе, настойлівасць у рэалізацыі прынятых рашэнняў, адказнасць і добрасумленнасць у адносінах да выканання даручанай работы.
Шлях у прафесію
Э.У. Паўлюкевіч з тых спецыялістаў, хто аддаў выбранай справе ўсё свядомае жыццё. Ён служыў лесу больш за сорак гадоў і выйшаў на заслужаны адпачынак, маючы не толькі вялікі вопыт, але і шмат ганаровых грамат, падзяк і іншых заахвочванняў ад кіраўніцтва абласнога ўпраўлення і іншых вышэйстаячых арганізацый, якія заўсёды цэняць і паважаюць ветэрана.Падчас нашай размовы Эдуард Уладзіміравіч дзяліўся сваімі ўспамінамі пра дзіцячыя і юнацкія гады, якія прайшлі ў вёсцы Бондары Слуцкага раёна. Тата Уладзімір Мартынавіч працаваў настаўнікам гісторыі. Напярэдадні вайны быў прызваны ў армію. Затым была вайна і смяротнае раненне… Пахаваны ён пад Беластокам. Матуля Вольга Кандрацьеўна выхоўвала двух сыноў адна. Нягледзячы на цяжкасці, прыкладала ўсе намаганні для таго, каб сыны атрымалі вышэйшую адукацыю. Так, старэйшы Мікалай – вучоны ў галіне цеплафізікі, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. А Эдуард знайшоў сябе ў лясной справе.
– Перш хацеў паступаць у інстытут народнай гаспадаркі, – прызнаўся Эдуард Уладзіміравіч. – Сябры ж загітавалі ў Беларускі лесатэхнічны інстытут імя С.М. Кірава. У нас быў вялікі конкурс, бо ў гэты год з арміі была шматлікая дэмабілізацыя. Аднак уступныя экзамены я вытрымаў і паступіў у інстытут. Падчас вучобы ніколькі не пашкадаваў, што выбраў менавіта прафесію лесавода, якая стала любімай на ўсё жыццё. У гэтай прафесіі, так сказаць, ад пачатку да канца, – з усмешкай дадае Эдуард Уладзіміравіч. – Па размеркаванні ў 1961 годзе я трапіў у Смаргонскі лясгас на пасаду інжынера па ласаўзнаўленні і меліярацыі. Затым ва ўпраўленні вырашылі перавесці мяне ў Навагрудак інжынерам па ахове і абароне лесу.


Зямля Навагрудская – родная мая
– Як пераехаў сюды ў красавіку 1964 года, так да выхаду на заслужаны адпачынак у 2005 годзе працаваў у Навагрудскім лясгасе. У жніўні 1976 года мяне назначылі галоўным ляснічым лясгаса. На гэтай пасадзе працаваў у родным прадпрыемстве да 2000 года. Затым ужо быў намеснікам па ідэалагічнай рабоце, – расказвае ветэран лясной гаспадаркі. – Трэба адзначыць, што ў Навагрудскім лясгасе заўсёды быў і застаецца дружны, стабільны, працаздольны калектыў работнікаў.З цеплынёй Эдуард Уладзіміравіч успамінае былых кіраўнікоў Навагрудскага лясгаса: М.П. Кавалькова, Я.М. Пешкура, У.К. Цвірко. На працягу года Э.У. Паўлюкевіч таксама ўзначальваў лясгас. Затым кіраваў гаспадаркай А.А. Дасько. Добрым словам ён успамінае многіх, з якімі працаваў і знаходзіў паразуменне. Нямала вопыту ён пераняў і ў былых работнікаў лясгаса.

Бездакорная адданасць справе
– Асноўны абавязак галоўнага ляснічага – гэта курыраванне і кантроль лесагаспадарчай дзейнасці. У мае абавязкі ўваходзіў кантроль за лесааднаўленнем, аховай лесу, лесавырошчваннем, рубкамі, – гаворыць Э.У. Паўлюкевіч. – Наогул, дзейнасць усіх работнікаў лесу накіравана толькі на карысць лесафонду. А вось асаблівых сакрэтаў паспяховай працы ў мяне няма. Я лічу, што ўсё залежыць ад самога чалавека і яго адносін да выбранай справы. У маёй працы мне больш за ўсё падабаецца добры вынік. Лес – гэта дзіця, якое трэба з любоўю даглядаць. Прыемна глядзець на тое, як ён расце, як мяняецца. Думаю, што для работнікаў нашай сферы лес – не проста працоўнае месца, гэта тая стыхія, дзе змаглі знайсці сябе. Не адзін я ў Навагрудскім лясгасе прысвяціў рабоце ўсё сваё жыццё. Сёння мы пажынаем плён той працы, а ў будучым ёй будуць карыстацца нашы дзеці, унукі, праўнукі. Таму вельмі важна пакінуць пасля сябе добры след. Усё маё жыццё ў лесе. Нават у выхадныя я любіў і зараз люблю бываць у лесе, – расказвае Эдуард Уладзіміравіч. – За час маёй працы ў лясной гаспадарцы шмат што змянілася. І ўмовы працы, і стаўленні да яе сталі іншымі. Тэхніка ступіла далёка наперад. У 90-я гады мы на новы ўзровень пачыналі выводзіць цэх па перапрацоўцы драўніны. Паступова закуплялася новае абсталяванне, праўда, сёння мадэрнізацыя там праведзена на значна вышэйшым узроўні. І гэта вельмі радуе, што справа прадаўжаецца і ў нашым лясгасе заўсёды добрыя паказчыкі.Жыццёвы багаж
Да свайго юбілею – 80-годдзя – Эдуард Уладзіміравіч Паўлюкевіч падышоў з вялікім багажом жыццёвай мудрасці, багатай скарбонкай прафесійнага вопыту, павагай і заслужаным аўтарытэтам сярод калег. І хоць зараз ветэран лясной гаспадаркі знаходзіцца на заслужаным адпачынку, сувязей з родным прадпрыемствам не губляе. Ні адно значнае мерапрыемства не абыходзіцца без яго ўдзелу. Ён заўсёды дапамагае сваімі мудрымі парадамі, кансультацыямі. За поспехі ў працы Эдуард Уладзіміравіч неаднаразова ўзнагароджваўся ганаровымі граматамі, у тым ліку Граматай Вярхоўнага Савета БССР (1981 год). У яго актыве – нагрудны знак «30 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь». Сёлета Э.У. Паўлюкевіч узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.


Любімая сям’я – бясцэннае багацце
Для любога чалавекі самым галоўным у жыцці з’яўляецца сям’я. У доме Эдуарда Уладзіміравіча і Марыі Уладзіміраўны Паўлюкевіч заўсёды пануе згода, давер, павага, узаемапаразуменне. Разам па жыцці яны крочаць ужо 53 гады, а сустрэліся і пазнаёміліся на танцпляцоўцы ў гарадскім парку.– Лёс нас звёў у Навагрудку, – адзначае Марыя Уладзіміраўна. – Сама я ўраджэнка в. Вінніца, а пасля заканчэння Мінскага фінансавага тэхнікума пачынала свой працоўны шлях на Браслаўшчыне. Затым вярнулася на родную Навагрудчыну. Працавала спачатку ў раённым фінансавым аддзеле, а затым перайшла на працу ў адну з вядучых будаўнічых арганізацый МПМК-13 (пазней МПМК-157) начальнікам планавага аддзела. Кіраваў арганізацыяй В.М. Данільчык. У Навагрудак са Смаргоні пераразмеркавалі і Эдуарда Уладзіміравіча. Праз два гады пасля знаёмства мы вырашылі пажаніцца. Вось так склалася ў нас сям’я, – расказвае жанчына. – Я ведаю, што калі ў цябе надзейны сямейны тыл, ты можаш чагосьці дасягнуць у жыцці. Усе клопаты сямейныя я ў большасці ўсклала на сябе, каб муж мог сябе поўнасцю прысвячаць працы.
Эдуард Уладзіміравіч і Марыя Уладзіміраўна ганарацца сваімі дзецьмі – сынам Сяргеем, дачкой Вольгай, іх сем’ямі, унукамі і маленькай праўнучкай.
Любімая сям’я, любімая прафесія – гэта і ёсць самае бясцэннае багацце для чалавека.

Вольга Пісар, «НЖ»