Для навучэнцаў Валеўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы прайшлі чарговыя заняткі ў “Школе Актыўнага Грамадзяніна”. На гэты раз яны былі незвычайныя тым, што праходзілі сумесна з навучэнцамі Навагрудскага аграрнага каледжа і Навагрудскага гандлёва-эканамічнага каледжа.
Разам моладзь абмяркоўвала беларускія традыцыі захавання ўнікальных аб’ектаў прыроды, сярод якіх легендарнае возера Свіцязь. Актыўная грамадзянская пазіцыя ўдзельнікаў праекта праявілася пры абмеркаванні пытання адраджэння гістарычна-культурнай спадчыны, у першую чаргу Навагрудскага і Любчаскага замкаў, маёнтака Чамброў, у якім жыла і выхоўвалася Барбара Маеўская - маці Адама Міцкевіча.
Моладзь Навагрудчыны – актыўны ўдзельнік акцыі “Нашы дзеці”, таму гаварылі і аб рэалізацыі гэтай акцыі ў сваіх навучальных установах.
Для вучняў 8-11 класаў Валеўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы інфармацыйна-адукацыйны праект ШАГ стаў сапраўдным крокам у будучую прафесію.
Навучэнцы Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа пазнаёмілі з традыцыямі сваёй навучальнай установы і з тымі спецыяльнасцямі, якія можна атрымаць у каледжы, каб быць запатрабаваным спецыялістам у аграрна-прамысловым комплексе краіны. Цікавым для нас аказаўся і праект “Развіццё аднаўляльных крыніц энергіі ў Навагрудскім раёне – Дарожная карта для экалагічнай чысціні тэрыторыі”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і Навагрудскім райвыканкамам. Для вучняў Валеўскай школы была арганізавана экскурсія на метэастанцыю і вятрак.
Гасцінна віталі нас навучэнцы і выкладчыкі Навагрускага гандлёва-эканамічнага каледжа, які з’яўляецца філіялам Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Каледж мае трывалую адукацыйную і матэрыяльную базу. З яго сцен выходзяць банкіры, эканамісты, бухгалтары.
Вынікам сустрэчы стала перакананне: самае галоўнае для моладзі – зрабіць правільны крок у будучую прафесію, каб захоўваць і памнажаць нацыянальныя традыцыі і садзейнічаць росквіту роднай Беларусі.
Тамара Сурага,
настаўнік гісторыі Валеўскага дз/с-СШ