Датуль завёмся мы народам, пакуль шануем карані

Датуль завёмся мы народам, пакуль шануем карані

15 августа 2023 478

Навагрудчына – адзін з найпрыгажэйшых, непаўторных па сваёй гісторыі і ландшафце рэгіёнаў Беларусі. Гэта асаблівы край. Гісторыя тут цесна пераплятаецца з сучаснасцю.

Адным з напрамкаў работы Навагрудскай раённай бібліятэкі з’яўляецца краязнаўчая дзейнасць, асноўная задача якой – паглыбленне ведаў наведвальнікаў бібліятэкі аб культуры і гістарычных каранях малой радзімы, іх патрыятычнае выхаванне. Расказваць пра гісторыю Навагрудка дапамагае міні-музей міні-макетаў «Страчаная спадчына». А якія цікавыя літаратурна-музейныя ўрокі праходзяць у гэтым музеі! Тут пануе асаблівая атмасфера, якая прыходзіцца даспадобы дзяцям. Хлопчыкі і дзяўчынкі ў захапленні ад яркіх, рознакаляровых домікаў, а бібліятэкары зацікаўліваюць іх яшчэ і гісторыямі пра наш горад і яго гараджан. Для турыстаў і гасцей горада раённая бібліятэка арганізоўвае краязнаўчыя інтэрактыўныя праграмы «Падарожжа з Навагрудскай гараджанкай», «Па мясцінах вялікага Адама з Навагрудскай гараджанкай». Дарэчы, скажу, што Навагрудская раённая бібліятэка стала адным з пунктаў своеасаблівай ТБ-экскурсій па самых цікавых кутках Беларусі – пазнавальная турыстычная штотыднёвая праграма «Маршрут построен».

У бібліятэцы працуюць людзі, улюбёныя ў свой край, таму накірункі работы краязнаўчай дзейнасці разнастайныя па форме і метадах. Нездарма ў Год міру і стварэння навагрудскія бібліятэкары рэалізуюць асветніцкі праект «Вялікія кнігі – Вялікія справы». Гэта серыя культурных дыялогаў з запрашэннем людзей, справа якіх мае вялікае значэнне для развіцця горада і раёна. Прайшло ўжо 5 сустрэч, падчас якіх знаёміліся з турыстычнай дзейнасцю, выцінанкай-выбіванкай, даведаліся пра разумны метал на Навагрудчыне, пра сырныя традыцыі і лясную гаспадарку.

Мерапрыемствы, якія праводзяцца для папулярызацыі таго, што звязана з родным краем, малой радзімай, накіраваны для розных узроставых груп. Так, для навучэнцаў Навагрудскага гандлёва-эканамічнага каледжа была арганізавана гістарычная панарама «Прыгожая гісторыя». На працягу стагоддзяў Навагрудак быў важным дзяржаўна-палітычным, рэлігійна-культурным цэнтрам. Сведкамі слаўнай гісторыі навагрудскага краю з'яўляюцца шматлікія помнікі археалогіі, гісторыі і архітэктуры. Падчас мерапрыемства юнакі і дзяўчаты ўпэўніліся, што вонкавы выгляд будынка – гэта сапраўдная гучная падказка, з дапамогай якой можна зразумець, у якую эпоху ён быў пабудаваны, а віктарына-падарожжа «Архітэктурныя шэдэўры Беларусі» нагадала пра сусветна вядомыя беларускія славутасці і адкрыла для нашых наведвальнікаў новыя аб’екты на карце нашай краіны, якія варта абавязкова наведаць.

Калі працягваць тэму краязнаўства, нельга абысці тэму мужнасці і доблесці як абаронцаў Навагрудскага замка, які стагоддзямі з'яўляўся непрыступнай крэпасцю на шляху іншаземных заваёўнікаў, так і подзвіг герояў Вялікай Айчыннай вайны. Як прыклад можна назваць літаратурна-музейны экскурс «Усе яшчэ жывыя. Навагрудак даваенны». Бібліятэкары падрыхтавалі агляд літаратуры і выстаўку, у экспазіцыі якой прадстаўлены кнігі, што расказваюць пра гераізм, мужнасць і стойкасць савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта расказ пра ўнікальныя чалавечыя лёсы, ваенныя падзеі, інтэрнацыянальны характар подзвігаў.

Дзякуючы краязнаўчай дзейнасці, мы знаходзім магчымасць праявіць сваю любоў да таго адзінага месца на Зямлі, якое лічым родным – няхай гэта будзе буйны горад ці маленькая вёсачка.

Вольга Жых,
загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай раённай бібліятэкі.