Аркадзій і Лілія Буткевічы вядуць актыўны лад жыцця

Аркадзій і Лілія Буткевічы вядуць актыўны лад жыцця
08 октября 2020
Вось ужо больш за дзесяць гадоў, як Аркадзій Іванавіч і Лілія Мікалаеўна Буткевічы на заслужаным адпачынку. Але па-ранейшаму яны абое вядуць актыўны лад жыцця, падаюць моладзі прыклад жыццялюбства, працавітасці і мэтанакіраванасці. І сёння нашы героі раскажуць чытачам, як можна і на пенсіі не сумаваць, як знайсці занятак па душы.

– Пенсіённы ўзрост можа стаць, сапраўды, «залатым» часам для чалавека, – такімі словамі пачынаюць размову Аркадзій Іванавіч і Лілія Мікалаеўна. – На працу спяшацца ўжо не трэба, дзеці выраслі і клопатаў менш. А як цікава арганізаваць сваю старасць, каб правесці гэты час у гармоніі з сабой і сваімі блізкімі? Гэта залежыць ад кожнага чалавека асабіста. Узрост – гэта ўсяго толькі лічба, і яна не павінна вызначаць стан душы. Некаторыя думаюць, што на пенсіі жыцця няма.Тыя ж думкі былі і ў нас, калі перасталі працаваць. Сёння можам адназначна сказаць – на пенсіі жыццё толькі пачынаецца. І пасля выхаду на заслужаны адпачынак мы не перасталі жыць актыўна, не думаем чым заняць сябе штодня. Мы вядзём актыўны лад жыцця, займаемся спортам, скандынаўскай хадзьбой, плаваннем, гімнастыкай. Жыццё занадта кароткае, каб марнаваць яго на ляжанне на канапе. У сталым узросце не трэба забываць пра ўласнае здароўе: чым мы здаравейшыя, тым вальней нашы дзеці і ўнукі. Жыць і думаць пазітыўна, спадзявацца заўсёды на лепшае і не даваць ляноце панаваць над сабой, – дадаюць героі.

– Адзін аднаго мы ведаем з дзяцінства, бо жылі недалёка. Я па вуліцы Слухавіцкай, а Аркадзій – з хутара Слухавічы. Ды і вучыліся ў сярэдняй школе № 1, толькі ў розных класах. Аркадзій пасля 8 класаў уладкаваўся на працу, матуля цяжка хварэла. Ён быў старэйшы, дапамагаў бацькам. Я была самай малодшай у сям’і, у якой выхоўвалася сямёра дзяцей. На жаль, нашы бацькі памерлі рана, – расказвае пра сваё жыццё Лілія Мікалаеўна. – Пасля заканчэння гродзенскага вучылішча працавала ў Доме быту цырульнікам, пазней і ў прыватнай цырульні. Аркадзій жа спачатку працаваў маляром у будаўнічай групе. Лёсавызначальнай для нас стала нечаканая сустрэча на танцах. Пачалі сустракацца, а праз адзінаццаць месяцаў пажаніліся. Сёння і не верыцца, што разам крочым па жыцці 48 гадоў, здаецца, толькі ўчора маладымі кружылі ў вясельным вальсе.

– Адносіны нашы пабудаваныя на павазе, даверы, разуменні і ўменні слухаць адзін аднаго. Важна шанаваць кожны момант, які вы праводзіце разам, бо наша жыццё кароткае і непрадказальнае. Я вельмі задаволены нашым жыццём, і, калі вярнуцца назад і пачаць усё спачатку, я б нічога не мяняў, – шчыра прызнаецца Аркадзій Іванавіч. – Мы выгадавалі дваіх дзяцей. Дачка Аксана з сям’ёй жыве і працуе ў Гродне, сын Дзяніс з сям’ёй – у Мінску. Дзеці, пяцёра ўнукаў з павагай і любоўю адносяцца да нас, акружылі клопатам і ўвагай.

Аркадзій Іванавіч расказаў, што на працягу 27 гадоў ён працаваў карэкціроўшчыкам гальванікам на заводзе металавырабаў. А пазней перайшоў на працу ў банк, дзе перш быў інкасатарам, затым адказным за гаспадарчую частку.

На заслужаным адпачынку муж і жонка Буткевічы не сядзяць без справы, вядуць актыўны лад жыцця. Жывуць ва ўласным доме, маюць дачу, таму працы хапае. Аднак яшчэ яны паспяваюць наведваць розныя гурткі ў аддзяленні дзённага знаходжання ТЦСАН.

– Скандынаўскай хадзьбой мы займаемся ўжо больш як чатыры гады, а параіла заняцца менавіта гэтым відам спорту дачка. Дзеці падарылі і палкі для хадзьбы. Штодня робім зарадку – гэта дае шмат сіл і добрага настрою. Апошнія два гады мы актыўныя наведвальнікі гуртка «Крыніца здароўя», – расказвае Лілія Мікалаеўна. – Перш я запісалася, прапанавала мужу разам са мной хадзіць. Зараз мы не ўяўляем свайго жыцця без гурткоўцаў, без заняткаў. Падчас эпідэміялагічнай сітуацыі займаліся дома, але гэта зусім не тое, што ў аддзяленні. Там і атмасфера, і ўзаемаадносіны з сябрамі, а заняткі, спартыўныя нагрузкі заўсёды пад кантролем інструктара. Заняткі ў аддзяленні для нас – гэта не толькі аздараўленне, але і спосаб зносін. Некаторыя нашы знаёмыя кажуць, што ім хапае фізічнай нагрузкі – на прысядзібным участку работы хапае. Але, паверце, гэта зусім не тое, – запэўнівае жанчына, і, гледзячы на яе стройны сілуэт, верыш.

Зрабіць крок насустрач здароўю нескладана. Было б толькі жаданне, – такую выснову зрабіла я пасля размовы з Ліліяй Мікалаеўнай і Аркадзіем Іванавічам.

Вольга Пісар, «НЖ»