Алег Анікевіч: «Трагедыя – гэта тое, што нельга асэнсаваць, нельга апраўдаць, нельга забыць»

Алег Анікевіч: «Трагедыя – гэта тое, што нельга асэнсаваць, нельга апраўдаць, нельга забыць»

Алег Анікевіч: «Трагедыя – гэта тое, што нельга асэнсаваць, нельга апраўдаць, нельга забыць»

10 мая 2021 1196
Сёлета адзначаецца 78-я гадавіна трагедыі Хатыні, якая стала сімвалам жудасці, сімвалам трагедыі беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Колькі на нашай зямлі такіх вёсак? Ола, Дальва, Купіск, Ятра, Ацмінава… Сотні і сотні, і ў кожнай – знішчаныя людзі, тысячы людзей. Але не толькі трагедыя спаленых вёсак з'яўляецца сімвалам генацыду беларускага народа з боку фашыстаў і іх прыслужнікаў – калабарантаў. Напэўна, у кожным куточку нашай Радзімы памятаюць пра тое, як у бяссільнай злосці вораг імкнуўся зламаць наш народ, паставіць яго на калені, зрабіць людзей рабамі, запалохаць іх агнём, голадам, мукамі… Не выключэнне і вёска Рэцемля.

Вёска Рэцемля, размешчаная на сутонні дзвюх рачулак, з усіх бакоў акружаная лясамі, у гады вайны з’яўлялася базавай для партызан, забяспечвала іх прадуктамі харчавання. Тут пражывалі сувязныя, якія паведамлялі звесткі аб праціўніку, пастаўлялі патроны і зброю, сяляне, якія вырошчвалі хлеб, гадавалі жывёлу і перадавалі партызанам. Два дзясяткі маладых рэцямлян ваявалі ў партызанах. Пераважная большасць – у складзе партызанскага атрада імя Варашылава брыгады імя Дзяржынскага. Але былі і тыя, што пайшлі на службу фашыстам. Пры дапамозе гэтых прыслужнікаў былі выкрыты і жорстка пакараны аднавяскоўцы, якія актыўна дапамагалі партызанам. Некаторых адправілі ў канцэнтрацыйны лагер пад Стаўбцамі. Вёска заціхла. Толькі некалькі чалавек ведала аб тым, што на хутары, у лесе, сям’я Басюк Іосіфа Васільевіча і Паўліны Фёдараўны некалькі месяцаў выхаджвала аднаго з партызанскіх камандзіраў, які быў цяжка паранены ў сутычцы з фашыстамі. Гаспадар дома быў паважаным чалавекам, займаўся кавальскай справай (за што быў празваны Кавальчуком), не раз рамантаваў партызанам зброю, падкоўваў коней.

Калі прывезлі ледзь жывога акрываўленага партызана, Іосіф не сказаў «не», не спалохаўся. У доме расла дачушка-­падлетак, якая падвяргалася смяротнай небяспецы, калі нехта данясе пра лячэнне партызана ў паліцыю. Клапатлівыя рукі гаспадыні, пастаянная ўвага, лекавыя травы, добрае харчаванне паставілі партызана на ногі. Праз некалькі месяцаў лячэння ён пачаў падымацца. Крыху пазней штодня выходзіў з хаты і па некалькі гадзін хадзіў па лесе, набіраўся сіл.

Аднойчы чалавек прывёз рамантаваць да каваля плуг. Ён папярэдзіў Іосіфа, што хтосьці данёс паліцаям пра раненага партызана на яго хутары. Параіў хавацца. У той жа дзень увечары партызан пакінуў хутар. А сям’я каваля падалася у Амшарова на суседні хутар Міхася Дзедаўца. Начавалі ў гумне, якое стаяла наводдаль хаты, разумеючы, што падвяргаюць суседа, у якога было трое дзетак, небяспецы. Кожную раніцу каваль з жонкай вярталіся на ўласны хутар карміць і даглядаць жывёлу. А яшчэ на выпадак прыходу карнікаў пачалі капаць падземны лаз з падпечка ў равок, да якога было некалькі дзясяткаў метраў. Зямлю адносілі далёка ад хаты. За тыдзень таемны лаз быў выкапаны. Нічога падазронага вакол хутара не адбывалася, і гаспадар ужо падумваў аб вяртанні ў сваю хату.

У тую раніцу, як звычайна на досвітку, прыйшлі дамоў. Жонка распаліла ў печы і, пачуўшы нейкі шум на падворку, глянула ў акно і жахнулася: некалькі паліцаяў цягнулі да хаты Юзіка. Успомніла наказ мужа: «Што б ні рабілася, як бы ні складваліся абставіны, нехта з нас дваіх павінен застацца жыць і выгадаваць дачку» – таму вырашыла ратавацца. Паўліна запаўзла ў лаз і затаілася. Яна чула, як нема крычаў муж, якога білі, чула злыя размовы карнікаў, іх крыкі ад бяссілля, што не могуць знайсці параненага партызана і жонку каваля з дачкой. Калі ў лаз пацягнула дымам, жанчына папаўзла. Адсунуўшы калоду, што прыкрывала лаз з боку раўка, пачала вылазіць, але яе сустрэла аўтаматная чарга. Нерухомае цела кінулі пад сцяну палаючай хаты, у якой знаходзіўся звязаны дротам муж…

Мая бабуля Таццяна Дзмітрыеўна Батура (1914 г.н.) расказвала, што, калі хавалі Кавальчукоў, Паўліна была абгарэлая, але яе пазнаць яшчэ можна было. Юзіка хавалі ў закрытай труне. Нехта са сваіх, нямецкіх прыслужнікаў, высачыў пабудову лаза і чакаў каля выхаду з аўтаматам. Ён і страляў па Паўліне, але не забіў, а толькі параніў – некалькі куль трапілі ў плячо.

Суседка Басюкоў Вера Міхайлаўна Гамановіч, якой падчас тых падзей было сем-восем гадоў, успамінала, што дачка каваля ў тую раніцу спала ў іх гумне. Крыкі і стрэлы на суседнім хутары разбудзілі ўсіх. Маня Кавальчук кінулася бегчы дамоў, але маці Веры яе затрымала і не пусціла. Каб адвесці бяду ад хаты і выратаваць ні ў чым непавінную дзяўчынку, надвячоркам бацька адвёў яе лесам у в. Поўбераг у сям’ю Лабачоў, што прыходзіліся дзяўчыне сваякамі.

Кавальчукоў пахавалі на рэцямлянскіх могілках. На помніку загінулым землякам, што ўзвышаецца ў цэнтры вёскі Масцішча, сярод сямі дзясяткаў прозвішчаў ёсць два: Басюк І.В і Басюк П.Ф. без даты нараджэння, але з датай гібелі – 1944 год. У гісторыка-дакументальнай кнізе «Памяць. Навагрудскі раён», што выйшла ў свет у 1996 г., не сказана ні слова пра гэтых людзей. Чаму? Напэўна, палічылі, што трагедыя адной сям’і не варта памяці? А можа былі нейкія іншыя меркаванні? Бясспрэчна, трагедыя не можа быць малой ці вялікай, значнай ці не. Трагедыя – гэта тое, што нельга асэнсаваць, нельга апраўдаць, нельга забыць.

Скончылася вайна. Вярнуліся з фронту ўсе тыя, хто змагаўся за Перамогу. Пашчасціла выжыць у той страшнай вайне і партызану Васілю, якога халоднай зімой 1943-1944 гадоў выхадзіла сям’я Басюкоў-Кавальчукоў. Атрымалася так, что Васіль знайшоў тую дзяўчынку з рэцямлянскага хутара і ажаніўся з ёй…

Я памятаю высокую сівую жанчыну, што амаль кожную нядзелю прыязджала ў вёску на рэйсавым аўтобусе зранку і ішла недзе ў канец вёскі. А вечарам яна стаяла на аўтобусным прыпынку, чакаючы апошні рэйс на Навагрудак. Мясцовыя гаварылі: «Ізноў Маня Кавальчукова прыехала». І моўчкі ківалі галовамі.

Сярод мясцовых тапонімаў трывала замацавалася назва «Кавальчукоў лес». Гэтая назва – помнік мужнасці, гуманізму і бясстрашша адных і ганьбы, нялюдскасці і крывадушнасці другіх. Пра гэту трагедыю помняць вяскоўцы старэйшага пакалення. Памятаем і мы – пакаленне, народжанае пасля вайны. Пра гэта павінны помніць і нашы дзеці, унукі і праўнукі.Там, дзе памяць жыве, вайна больш ніколі не паўторыцца. Мы верым у гэта!

Алег Анікевіч,

дырэктар Навагрудскай спецшколы-інтэрната