Адраджэнне святыні. На Навагрудчыне адкрылі і асвяцілі адноўленую капліцу св. Антонія

Адраджэнне святыні. На Навагрудчыне адкрылі і асвяцілі адноўленую капліцу св. Антонія

Адраджэнне святыні. На Навагрудчыне адкрылі і асвяцілі адноўленую капліцу св. Антонія

16 июня 2024 570

15 чэрвеня ў вёсцы Мількавічы Навагрудскага раёна адбылося ўрачыстае адкрыццё і асвятленне значнага гістарычнага і духоўнага аб'екта – капліцы св. Антонія, работы па аднаўленні якой вяліся каля года. Для гэтай важнай місіі на Навагрудчыну прыбыў каталіцкі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

На ўскраіне вёскі Мількавічы, на тэрыторыі старых каталіцкіх могілак, не адно стагоддзе стаяла капліца св. Антонія. Яшчэ ў далёкія перадваенныя часы гэтая капліца была парафіяльным касцёлам. Тут быў пробашч, прыхаджане ўзносілі да Бога малітву, хрысцілі сваіх дзяцей, адзначалі святы. Драўляныя сцены капліцы захоўвалі векавыя традыцыі, напаўняліся малітвамі і святлом веры.


– На жаль, з цягам часу капліца св. Антонія разбуралася. Жыхароў у вёсцы станавілася ўсё менш, і аднавіць гэтую святыню не было каму. Капліца была ў аварыйным стане, – расказаў ксёндз Юрый Жэгарын, настаяцель парафіі Святога Арханёла Міхаіла г. Навагрудка. – Я прапанаваў вернікам, а таксама блізкім і родным людзей, якія пахаваны каля гэтай капліцы, аднавіць яе. Ідэя сустрэла шырокую падтрымку, работы пайшлі даволі хутка. Вернікі з Навагрудчыны і розных куткоў Беларусі аб'ядналі намаганні, не засталіся абыякавымі і спонсары. За год інтэнсіўнай працы мы ўсё ж такі паднялі капліцу, можна сказаць, з руінаў.


І вось, уласнымі рукамі і з Божай дапамогай, вернікі аднавілі капліцу. Капліца сціплая, але напоўненая глыбокім сэнсам. Па словах Юрыя Жэгарына, пры правядзенні работ вялікую ўвагу надалі таму, каб захаваць аўтэнтычнась будынка: гістарычныя сцены, крыжы. Нават старае дрэва выкарысталі там, дзе гэта атрымалася.

Каталіцкі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў цэлебрацыю святой імшы і асвяціў капліцу св. Антонія. На заканчэнні імшы прагучалі словы ўдзячнасці ўсім, хто меў дачыненне да аднаўлення капліцы. 

Затым быў асвечаны Крыж.


Асвячэнню капліцы св. Антонія папярэднічала важная падзея – дзясяткі каталіцкіх вернікаў адправіліся ў пешую пілігрымку ў вёску Мількавічы. З песняй и малітвай неслі людзі словы падзякі і просьбы да Госпада.


На ўскраіне вёскі Мількавічы, на тэрыторыі старых каталіцкіх могілак, узвышаецца капліца св. Антонія, сціплая, але светлая. Зараз яна не толькі маўклівы сведка гісторыі, але і напамін, што вера – гэта сіла, якая жыве, развіваецца і перамагае.

    

 «Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |

Автор: Карина Вальшонак, «НЖ»