Гісторыка-культурныя каштоўнасці патрэбна захоўваць і аднаўляць, а не выкарыстоўваць для «змагарскіх выказванняў»

Гісторыка-культурныя каштоўнасці патрэбна захоўваць і аднаўляць, а не выкарыстоўваць для «змагарскіх выказванняў»

Гісторыка-культурныя каштоўнасці патрэбна захоўваць і аднаўляць, а не выкарыстоўваць для «змагарскіх выказванняў»

25 ноября 2020 5496

Беларусь – унікальная краіна, якая мае багатую гісторыка-культурную спадчыну і шматлікія архітэктурныя помнікі. Пры гэтым у нашай краіны зусім няпросты лёс, і з-за асобных падзей многія каштоўнасці ці наогул не захаваліся, ці значна пацярпелі. ХХІ стагоддзе стала часам аднаўлення і адраджэння многіх аб’ектаў, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай той самай асаблівасці і выключнасці, якія выдзяляюць Беларусь. Аднак з павагай да мінулага, да нашай гісторыі і культуры ставяцца не ўсе…

На тэрыторыі Навагрудскага раёна знаходзіцца 84 аб’екты, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, у тым ліку 55 помнікаў архітэктуры, 21 помнік археалогіі, 7 помнікаў гісторыі, 1 помнік мастацтва. Сярод іх 8 помнікаў міжнароднага значэння і 11 гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія маюць нацыянальную значнасць.
– У горадзе і раёне пастаянна праводзіцца сістэмная работа, накіраваная на захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, у тым ліку рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы. У цэнтры ўвагі сёння знаходзяцца адразу некалькі знакавых для Навагрудчыны аб’ектаў, – гаворыць галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама Ганна Туровіч. – Працягваецца рэканструкцыя з кансервацыяй Навагрудскага замка і прыстасаваннем гісторыка-культурнай каштоўнасці. У 2020 г. вядуцца работы па ўмацаванні схілу ад Касцельнай вежы да Уваходнай вежы з пабудовай дрэнажнай сістэмы ў падставы вала. На сенняшні дзень ужо завершана ўстаноўка габіёнаў – спецыяльных канструкцый, якія спыняць спаўзанне грунту са стромкага схілу. Днямі пачаліся работы па ўстаноўцы буранабіўных паляў і анкераў, якія канчаткова замацуюць схіл. Работы па рэканструкцыі з кансервацыяй Навагрудскага замка будуць працягвацца і далей. Ужо распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя, якая прадугледжвае арганізацыю водаадводу з тэрыторыі дзядзінца і кансервацыю руін Дазорнай, Пасадскай і Уваходнай вежаў з частковым аднаўленнем фартыфікацыйных сцен дзядзінца. Спецыялістамі ААТ «Белрэстаўрацыя» падрыхтаваны праект, які прадугледжвае кансервацыю з рэстаўрацыяй і рэканструкцыяй вежы Шчытоўка з прыстасаваннем памяшканняў пад музейную экспазіцыю, дзе плануецца прадставіць гісторыю Навагрудскага замка. На выкананне работ на Навагрудскім замку выдзелены сродкі, прадугледжаныя дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, а таксама па лініі Міністэрства культуры.

 

– Сумесна з мясцовым фондам «Шчорсы і Храптовічы» працягваецца рэалізацыя плана паэтапнага адраджэння фрагментаў ансамбля былога палаца Храптовічаў, – працягвае Г. Туровіч. – У бягучым годзе распрацаваны і зацверджаны праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей аг. Шчорсы, праведзена інвентарызацыя аб’ектаў расліннага свету Шчорсаўскага парку, рэгулярна праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на падтрыманне належнага санітарнага становішча на аб’ектах спадчыны. Таксама ў 2020 г. у рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча – Беларусь – Украіна 2014-2020» была адобрана сумесная праектная заяўка Навагрудскага райвыканкама, фонду «Шчорсы і Храптовічы» і гміны Седльцэ (Польшча), у рамках якой прадугледжваецца правядзенне рэстаўрацыйных работ па аднаўленні будынка вяндлярні. Грантавыя сродкі пакрыюць толькі выдаткі на выкананне работ па рамонце даху, а ўсе астатнія рамонтна-рэстаўрацыйныя работы плануецца выканаць за кошт сродкаў, накіраваных райвыканкамам. Прадугледжаны і іншыя работы. Рэалізацыю праекта, які разлічаны на 12 месяцаў, плануецца пачаць у студзені 2021 г.



З 2003 года актыўную работу па захаванні і аднаўленні Любчанскага замка, помніка архітэктуры ХVI-ХІХ стагоддзяў, вядзе дабрачынны фонд «Любчанскі замак».

– Нягледзячы на абмежаванні, звязаныя з пандэміяй COVID-19, складаную грамадска-палітычную абстаноўку ў краіне і нязначную фінансавую дапамогу ў гэтым годзе валанцёрамі праведзена вялікая работа, – адзначыў заснавальнік фонду Іван Пячынскі. – У ліку асноўных работ, якія, канешне, выконваюцца згодна з праектам, – дэмантаж часовых падлогі і шасці бэлек першага ўзроўню Паўночнай вежы, устаноўка шасці пастаянных бэлек і насціл чарнавой падлогі; выраб ферм (фігурныя драўляныя канструкцыі) і зборка купала трэцяй Паўночнай (Дазорнай) вежы; бетаніраванне падмурка фахверкавай прыбудовы ўваходу ў Паўночную (Вартавую) вежу; рамонт падпорнай сцяны і інш. Наогул за 18 гадоў удзел у работах на замку прынялі каля 3 тысяч валанцёраў. Нам дапамагаюць многія людзі, у тым ліку і навагрудчане. І мяне, канешне, вельмі абурае той факт, што некаторыя «змагары» паганяць гісторыка-культурную каштоўнаць і выкарыстоўваюць замак для правядзення сваіх акцый. Такога не павінна адбывацца – падобныя аб’екты нельга ператвараць у паляцоўку для палітычных спрэчак.


– Увогуле я не прызнаю БЧБ-сімволіку як тую, якая мае хоць нейкае дачыненне да дзяржаўнай. Калі звярнуцца да гісторыі, то становіцца відавочна, што ні ў адзін з перыядаў ХХ стагоддзя, калі гэта сімволіка выкарыстоўвалася на тэрыторыі краіны, яна не была падтрымана народам Беларусі, яе «назначала» пэўная группа людзей, – падкрэсліў Іван Антонавіч. – А вось сучасныя дзяржаўныя сімвалы нашай краіны ў 1995 годзе на рэспубліканскім рэферэндуме выбрала большая частка беларусаў. Да таго ж у перыяд Вялікай Айчыннай вайны – самай страшнай і трагічнай для нашага народа – менавіта БЧБ-сімволіка выкарыстоўвалася нацыстамі на акупіраванай тэрыторыі. А ініцыятарамі гэтага былі беларускія нацыяналістычныя колы, якія супрацоўнічалі з немцамі.


– Мільёны людзей змагаліся за свабоду і незалежнасць у кожным куточку краіны, у тым ліку і на Навагрудчыне. Столькі жыццяў забрала гэта вайна, а колькі лёсаў скалечыла! Але сёння, забыўшы аб тым, што перажылі нашы бацькі, дзяды і прадзеды, людзі становяцца пад БЧБ-сцягамі, развешваюць іх, малююць на сценах… Я перакананы, што, калі б падобныя падзеі мелі месца, напрыклад, у сярэдзіне мінулага стагоддзя, калі ветэраны вайны, былыя партызаны і падпольшчыкі, працаўнікі тылу былі, так сказаць, пры сіле, усе б гэтыя сцягі проста разарвалі.  Я ведаю, аб чым гавару, бо для нашай сям’і вайна таксама прынесла шмат гора, – падзяліўся І. Пячынскі.

– Шкада, што асобныя прадстаўнікі сучаснай моладзі мала ведаюць і зусім не ўсведамляюць, праз якое выпрабаванне прайшлі іх продкі, каб яны маглі жыць у міры, – з сумам канстатуе заснавальнік фонду «Любчанскі замак». – Я ўпэўнены, што нашы валанцёры і іншыя маладыя людзі, якія адказна ставяцца да мінулага сваёй краіны, прымаюць непасрэдны ўдзел у захаванні і аднаўленні нашых каштоўнасцей, не маюць дачынення да сённяшніх «змагарскіх» падзей. Захаванне гістарычнай, культурнай і архітэктурнай спадчыны краіны – абавязак кожнага грамадзяніна. Калі ж некаторыя да гэтага ставяцца абыякава, то няхай хоць навучацца паважаць працу іншых людзей і не выкарыстоўваць аб’екты, да якіх яны не маюць ніякага дачынення, у сваіх карыслівых мэтах.


Варта дадаць, што гісторыка-культурныя каштоўнасці нашай краіны асобнымі людзьмі выкарыстоўваюцца не толькі ў якасці пляцоўкі для дэманстрацыі палітычных поглядаў, але для «ўвекавечвання» выказванняў. Лозунгі, роспісы, нецэнзурныя надпісы і малюнкі з БЧБ-сімволікай, на вялікі жаль, ужо не рэдкасць.  

– Хацелася б нагадаць, што, згодна арт. 54 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, кожны абавязаны берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці. Парушальнікі заканадаўства ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны могуць быць прыцягнуты як да адміністрацыйнай, так і да крымінальнай адказнасці, – падкрэсліла намеснік пракурора Навагрудскага раёна Алена Цямірава. – Згодна з арт. 19.4 КоАП РБ, знішчэнне, пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцей або матэрыяльных аб’ектаў, якія валодаюць адметнымі духоўнымі, мастацкімі і (або) дакументальнымі вартасцямі, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства, цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 20 да 50 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – ад 20 да 100 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу – да 500 базавых велічынь. Крымінальная адказнасць за наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцей або матэрыяльных аб’ектаў, якія валодаюць адметнымі духоўнымі, мастацкімі і (або) дакументальнымі вартасцямі, а таксама здзек над гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, прадугледжана арт. 344, 345 і 346 КК РБ. Згодна з імі злачынныя дзеянні могуць карацца грамадскімі работамі, штрафам, арыштам, абмежаваннем волі ці пазбаўленнем волі. Тэрмін пакарання будзе залежаць ад ступені цяжкасці злачыннага дзеяння.

Падрыхтавала Н. Леанідава, «НЖ»
Фота з архіва рэдакцыі