Чарга на прышчэпку. Вы сур’ёзна?

Чарга на прышчэпку. Вы сур’ёзна?

15 ноября 2024 176

Нядаўна на прасторах інтэрнэту з'явілася інфармацыя, што ў Навагрудскім раёне прайсці вакцынацыю ад грыпу – задачка не з лёгкіх. Вялізныя чэргі, адсутнасць вакцыны – вось такую непрывабную карціну малююць некаторыя сумніўныя крыніцы. Ці так сумна ідуць справы з вакцынацыяй на самой справе? Або гэта чарговы фэйк у сетцы ад тых, хто інфармацыяй не валодае, але вельмі хоча развесці буру ў шклянцы вады? Давайце разбірацца!

Перш за ўсё звяртаемся па інфармацыю ў Навагрудскую цэнтральную раённую бальніцу. Куды ж дзелася вакцына? Няўжо ў гэтым сезоне на прышчэпку ад грыпу такі ажыятаж, што запасы прэпаратаў «ляцяць» з хуткасцю святла?

Адказваючы на гэтыя пытанні, працэдурная медсястра Навагрудскай ЦРБ Святлана Цыбульская не хавае свайго здзіўлення:

– У цяперашні час ніякіх праблем з наяўнасцю вакцыны няма. Зрабіць бясплатную прышчэпку ад грыпу ў гэтым годзе можна расійскім трохкампанентным прэпаратам «Грыпол Плюс». Вакцына добра вядомая нашым грамадзянам і ўжо на працягу многіх гадоў паспяхова выкарыстоўваецца для вакцынацыі насельніцтва, – расказала Святлана Аляксееўна. – Сёлета таксама актуальныя вакцыны імпартнай вытворчасці: «Ваксі­грып Тэтра» вытворчасці Францыя і «Інфлювак Тэтра» вытворчасці Нідэрланды. Вакцынацыя гэтымі прэпаратамі ажыццяўляецца на платнай аснове, таму яшчэ ў сакавіку мы сабралі звесткі аб жадаючых прышчапіцца такімі вакцынамі і заказалі неабходную колькасць. Асаблівага попыту на імпартныя прэпараты пры фарміраванні папярэдніх спісаў заўважана не было.

Што ж тычыцца неймаверных чэргаў пры наведванні паліклінікі, я такіх не заўважыла. На момант майго візіту жадаючых прышчапіцца не было, некалькі чалавек чакалі сваёй чаргі на прыём да ўрачоў у суседнія кабінеты. Эх, нават пагутарыць няма з кім!

Для зручнасці жыхароў нашага раёна на базе Навагрудскай цэнтральнай раённай бальніцы з самага пачатку прышчэпачнай кампаніі былі створаны мабільныя прышчэпачныя брыгады. Брыгады ўчастковай сеткі выязджаюць на дом да пацыентаў, якія па стане здароўя не могуць прыйсці ў паліклініку. Гэта інваліды, нетранспартабельныя хворыя, людзі з хранічнай паталогіяй. На сённяшні дзень участковай сеткай было арганізавана больш за 20 выездаў і прышчэплена каля 900 чалавек. Насельніцтва сельскай мясцовасці атрымаць прышчэпку можа пры наведванні перасоўнага ФАПа.

Жадаючым прайсці вакцынацыю ў паліклініцы неабходна звярнуцца да ўрача агульнай практыкі, а пасля агляду прыйсці ў прышчэпачны кабінет. Прышчэпку можна атрымаць з 8.00 да 20.00 у буднія дні, а таксама з 8.00 да 15.00 у суботу.

Прышчэпка з дастаўкай... на працу!

Таксама ў раёне сфарміраваны выязныя брыгады, якія выязджаюць у працоўныя калектывы раёна. Дзякуючы гэтаму, работнікам прадпрыемстваў і арганізацый раёна не трэба хадзіць у паліклініку, медыцынскія работнікі дастаўляюць вакцыну прама на працоўнае месца. На гэтым тыдні загадчык аддзялення прафілактыкі ўстановы аховы здароўя «Навагрудская цэнтральная раённая бальніца» Валерый Казакевіч і медыцынская сястра Святлана Нагорная прышчаплялі работнікаў устаноў адукацыі. Разам з імі я зазірнула ў сярэднюю школу №4 і пераканалася, што на працоўным месцы прышчапляюць не толькі высокапастаўленых асоб (як гэта сцвярджалі ўсё тыя ж сумніўныя крыніцы), а ўсіх жадаючых.

У кабінет медыцынскай сястры, адведзены для вакцынацыі, паступова падыходзяць работнікі школы. Ідуць па некалькі чалавек, каб не збіраць чаргу. Медсястра Святлана Нагорная ўжо падрыхтавала ўсё неабходнае для вакцынацыі.

– Як ваша самаадчуванне? Стаіце на ўліку ў тэрапеўта, эндакрынолага? – задае пытанні першаму пацыенту Валерый Антонавіч.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Трыгубчанка бойка адказвае ўрачу, што праблем са здароўем у яе няма. Затым Валерый Казакевіч праводзіць стандартны медыцынскі агляд. Пара хвілін – і Таццяна Мікалаеўна ўжо падстаўляе пад прышчэпку сваё плячо.

Усяго за паўтары гадзіны ахоўны ўкол атрымалі больш за 20 работнікаў сярэдняй школы №4. Як адзначыла дырэктар установы адукацыі Жанна Іванова, калектыў да вакцынацыі падыходзіць адказна.

– У нашай установе пытанню вакцынацыі работнікаў надаецца асаблівая ўвага. Як толькі ў краіне пачалі прышчэплі­ваць насельніцтва, наш калектыў прайшоў прышчапляцца. Калегі ўсведамляюць адказнасць за сваё і чужое здароўе – працуем з вельмі ўразлівай катэгорыяй насельніцтва – дзецьмі, – падкрэсліла Жанна Уладзіміраўна.

Па словах загадчыка аддзялення прафілактыкі цэнтральнай раённай бальніцы Валерыя Казакевіча, падставіць плячо і зрабіць прышчэпку – напэўна, самае простае, што сёння можна зрабіць для сябе і блізкіх.

Аўтар: Карына Вальшонак, «НЖ»