Мы, беларусы, па праву лічым бульбу другім хлебам. У пераліку на кожнага жыхара краіны спажываем яе больш за ўсіх у свеце. Бульба – адзін з галоўных інгрэдыентаў нашых нацыянальных страў. Таму на яе заўсёды вялікі попыт. Сёлета беларусы вырасцілі нядрэнны ўраджай бульбы як на прыватных агародах, так і на палях сельгаспрадпрыемстваў. Здаецца, не дорага павінна каштаваць. Аднак не ўсе навагрудчане задаволены той цаной, па якой прадаецца бульба ў магазінах. Разбіраемся разам: па чым прадаецца ў нас бульба і адкуль яе пастаўляюць.
У рэдакцыю газеты звярнулася навагрудчанка М.. Жанчына не задаволена коштам бульбы ў магазіне № 1 ААТ «Вялікая Крыніца». Чалавек знаходзіцца на заслужаным адпачынку і падабаецца жанчыне менавіта гэты магазін тым, што тут ёсць дастаўка прадуктаў на дом.
– Усё задавальняе, толькі вось чамусьці бульба каштуе ў два разы даражэй, чым на рынку. Падумайце толькі – па 85 капеек за кілаграм у магазіне бульба. З радасцю набыла б яе пра запас на кірмашы, дзе каштавала ад 23 кап. да 40 кап., ды няма дзе захоўваць. А чаму такая дарагая ў магазіне? Адкуль яе прывозяць? Чаму так «кошт кусаецца». Мне патлумачылі, што закупляюць у фермера і пастаўляюць са складоў са Свіслачы. А што, у Навагрудку бульбу не вырошчваюць, што прывозяць здалёк? – задаецца пытаннем наша чытачка.
Разбіраемся ў дадзенай сітуацыі.
У аўторак, 31 кастрычніка, завіталі ў магазін № 1 ААТ «Вялікая Крыніца». Тут і агародніна, і садавіна на любы густ. Нас жа цікавіць кошт бульбы. І складае ён 71 кап. за кілаграм. Нават расфасавана бульба па пакетах. Так, не 85 кап., але 71 кап. усё роўна дарагавата. Каб не быць прадузятымі да аднаго магазіна, параўналі з коштам у іншых магазінах горада. Так, у магазіне «Родны кут» кошт складае 42 кап., у магазінах ТДА «КамРадГандаль» – 92 кап., у «Спадарожнік» па вул. Л. Сечка – 71 кап.. У магазіне «Капеечка» нават на выбар – ёсць па 42 кап., а ёсць мытая бульба па 99 кап. Розніца цэн уражвае.
Тлумачыць сітуацыю дырэктар ААТ «Вялікая Крыніца» Наталля МАНЬКО.
– Бульбу, капусту, моркву, буракі, яблыкі мы пастаўляем з прадпрыемстваў, якія ажыццяўляюць захоўванне ў стабілізацыйных фондах. Яны пачынаюць фарміравацца з сакавіка. Заключаючы з імі дагавор, мы ведаем, што не будзе перабояў з пастаўкамі да наступнага ўраджаю. Разам з тым, каб закупіць усю пладоваагароднінную прадукцыю, патрэбна дэкларацыя. Наша прадпрыемства не нарыхтоўшчык і не вытворца, таму мы не можам закупіць у розных прыватных асоб, фермераў. Зараз заключаны дагавор з прадпрыемствамі, якія ажыццяўляюць захоўванне ў стабілізацыйных фондах і з некалькімі фермерамі, з якімі зроблены дэкларацыі на пастаўкі. На дадзены момант бульбу закупляем па 50 капеек. Ёсць дэкларацыя на пастаўку агародніны (морква, капуста, буракі, цыбуля) ад нашага пастаяннага пастаўшчыка – фермера са Століна. Але бульбы ў яго няма. І з ім мы працуем толькі да 1 снежня. Са снежня ўся пладова-агароднінная прадукцыя будзе пастаўляцца толькі са стабілізацыйных фондаў і па тым кошце, які зацверджаны, – расказвае Наталля Міхайлаўна. – Так, нам тэлефануюць і прапануюць набыць значна танней, але ў насельніцтва закупіць без дэкларацыі мы не маем права. Раней у нас была магчымасць закупляць у розных фермераў. Таму ў сезон невялікімі партыямі набывалі. У мінулым годзе быў заключаны дагавор на пастаўку бульбы з Навагрудскім каледжам тэхналогій і бяспекі. Праўда, у нас тады бульба значна даражэйшая, чым у нашых канкурэнтаў. Райспажыўтаварыства мае магчымасць закупляць і рэалізоўваць агародніну ад насельніцтва, таму ў іх і кошт на дадзены момант крыху меншы. Мы прапануем пакупнікам якасную прадукцыю. І права кожнага дзе і па якой цане купляць.
Ва ўпраўленні эканомікі, гандлю і паслуг райвыканкама пацвердзілі, што ніякіх парушэнняў па кошце бульбы ў дадзеным магазіне не маецца.
– 19 кастрычніка 2022 г. урад зацвердзіў новую сістэму рэгулявання цэн. Яна прадугледжвае рэгуляванне цэн на многія спажывецкія тавары. Прычым гаворка ідзе як аб айчынных, так і імпартных таварах. У пералік увайшлі прадукты харчавання, адзенне і абутак, мэбля, прадметы тэкстылю, тэлевізары, разнастайныя будаўнічыя матэрыялы, бытавая хімія, канцылярскія прыналежнасці і іншае. Вытворцы цяпер абавязаны ўзгадняць павышэнне адпускных цэн з дзяржорганамі, аблвыканкамамі. Для імпарцёраў і гандлю ўстанавілі гранічныя максімальныя надбаўкі (на асноўныя прадукты харчавання ад 15% да 30%, у асобных выпадках да 40%; на іншыя тавары ад 15% да 55%, у залежнасці ад віду тавару) незалежна ад колькасці пасрэднікаў, якія ўдзельні чаюць. Акрамя гэтага, пастанова абмяжоўвае бартарныя здзелкі. Цяпер яны таксама павінны быць узгоднены з дзяржорганамі, – патлумачыла начальнік упраўлення эканомікі, гандлю і паслуг Вольга СКОБЛЯ. – Плодаагароднінная прадукцыя, якая нарыхтоўваецца ад насельніцтва і рэалізуецца праз рознічную гандлёвую сетку, павінна адпавядаць патрабаванням Тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза ТР МС 021/2011 «Аб бяспецы харчовай прадукцыі», г. зн. павінна быць дэклараванай. Прадпрыемствам ААТ «Вялікая Крыніца» былі заключаны дагаворы пастаўкі плода агародніннай прадукцыі, якая рэалізуецца згодна з дагаворамі. У насельніцтва не закупляюць, бо пад кожную фізічную асобу дэклараваць будзе вельмі дорага. У гэтым выпадку бульба будзе кашта ваць вялікіх грошай.
Што можна параіць у дадзенай сітуацыі нашай пастаяннай чытачцы: пакупнік заўсёды галасуе за той тавар, які яму па кішэні. Магазінаў шмат у горадзе і заўсёды ёсць магчымасць выбару.
В. ПІСАР, «НЖ».