Ура! Канікулы – можна сустрэцца з сябрамі ў школьным аздараўленчым лагеры «Восенькі мікс», які адкрыўся ў Валеўскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе.
Першы дзень самы адказны: трэба выбраць назву атрада, дэвіз і песню. А яшчэ аформіць атрадны вугалок. Хочацца, каб ён быў пазітыўны і яркі, як першы лістападаўскі дзянёк. Настрой выдатны, і, хаця дзеці ведаюць адзін аднаго, гульня-знаёмства прайшла ажыўлена і весела.
Ці добра ведаюць рабяты сімволіку краіны, у якой яны жывуць, вучацца, дзе працуюць іх бацькі. Адказ на гэта пытанне дала гутарка «Сімвалы маёй Беларусі». Пытанні не выклікалі разгубленнасці, было відаць, што вучні ставяцца да такіх ведаў сур’ёзна, нават першакласнікі праявілі глыбінную зацікаўленнасць.
А які ж адпачынак без гульняў і спаборніцтваў? Сваю фізічную форму прадэманстравалі рабяты падчас спартландыі «Дужыя, спрытныя, смелыя».
Другі дзень у лагеры быў святочны. З самай раніцы рабяты рыхтаваліся да лінейкі: вучыліся здаваць рапарт, дружна гаварыць назву і дэвіз атрада, правільна выконваць каманды «Раўняйся», «Смірна», «Вольна». Права падняць флаг даверылі самым актыўным удзельнікам праведзеных спраў. Пасмурнае надвор’е не сапсавала настрой – дзеці актыўна ўключыліся ў Час зносін «У свеце дабра і зла», на якім вучыліся аналізаваць і выказваць адносіны да сваіх учынкаў і ўчынкаў другіх людзей, быць пазітыўнымі і добразычлівымі. Старэйшыя вучні адказалі на пытанні анкеты «Ці добры ты чалавек?».
Хвілінка здароўя «Чыстыя і брудныя рукі» па прафілактыцы мікраспарыі прайшла ў форме практыкума. Усе да аднаго паабяцалі пільна сачыць за чысцінёй рук, заўжды выконваць правілы гігіены.
Большасць рабят, якія адпачываюць у лагеры, выхоўваюцца ў сем’ях, дзе размаўляюць на так званай «трасянцы» – сумесі беларускай і рускай моў. Гэта прыводзіць да інтэрферэнцыі («засмечанасці») мовы. Барацьбе з гэтай з’явай быў прысвечаны конкурс эрудытаў «Гаворым па беларуску». Дзве каманды змагаліся за тытул «Лепшыя моваведкі»: адгадвалі загадкі, інсцэніравалі вершы, перакладалі словы і нават складалі апавяданні. Перамагло, вядома ж, сяброўства!
Раскрыць свае таленты рабяты змаглі падчас канцэртна-забаўляльнай праграмы, прысвечанай адкрыццю лагернай змены. А ствараць прыгожыя рэчы сваімі рукамі вучыліся на майстар-класах «Умелыя ручкі».
«Дзень сакрэтаў і адкрыццяў» – такой была тэматыка трэцяга дня ў лагеры. Першае, што адкрылі для сябе рабяты, – ад інфекцыі можна засцерагчыся. На хвілінцы здароўя даведаліся аб розных відах інфекцый, прычынах узнікнення эпідэмій, механізмах перадачы хвароб, а самае галоўнае- са спосабамі абароны ад інфекцыйных захворванняў і іх прафілактыкай.
Вельмі цікава прайшлі заняткі ў «Школе этыкету». Добрыя манеры дзеці засвойвалі ў гульнёвай форме, праігрываючы зададзеныя сітуацыйныя заданні. Выкарыстоўваліся літаратурныя творы (Г.Остэр «Шкодныя парады» і інш.). Гэта стварыла даверлівы эмацыянальны фон, спрыяла адкрытасці і непасрэднасці пачаткоўцаў.
Дзе яшчэ можна знайсці тайны? Вядома ж, у прыродзе! «Маленькія сакрэты вялікай прыроды» называлася інтэлектуальна-пазнавальная гульня, падчас якой дзяцей чакалі віктарыны і конкурсы. Абмеркаванне адказаў праходзіла калектыўна, што развівала навыкі каманднай працы, выхоўвала культуру зносін.
Цікавы кінафільм паглядзелі, а на прыканцы дня правялі гульнёвую праграму «Мы такие разные, но все мы очень классные!» Апошнімі адкрыццямі дня былі: у сяброўстве сіла! Разам вельмі весела!
А наперадзе яшчэ некалькі захапляльных дзён у лагеры. Яшчэ шмат цікавых спраў чакае. Ёсць магчымасць умацаваць здароўе, аднавіць сілы – і пачаць другую чвэрць з выдатным настроем.
“Восенькі мікс» пры Валеўскім дзіцячым садзе-сряэдняй школе Навагрудскага раёна