Навагрудчанка Марыя Броўка - равесніца «раёнкі»

Навагрудчанка Марыя Броўка - равесніца «раёнкі»

Навагрудчанка Марыя Броўка - равесніца «раёнкі»

05 августа 2019 2717
Да нас у рэдакцыю завітала Марыя Іосіфаўна Броўка (Карпілоўская) і незвычайна прадставілася: «Я пастаянная падпісчыца вашай газеты і яе равесніца». 



– Газету «Новае жыццё» люблю, – прызналася Марыя Іосіфаўна. – Лічу, што кожны, хто жыве ў раёне і каму неабыякава тое, што адбываецца навакол, павінен чытаць мясцовую газету. Менавіта з яе даведваюся пра ўсе падзеі і навіны раёна. З асаблівай цікавасцю заўсёды чытаю артыкулы пра людзей, эканамічны стан арганізацый і прадпрыемстваў. Прыемна бачыць на старонках газеты фотаздымкі тых, каго я ведаю асабіста, чытаць імёны нованаро­джаных, маладых людзей, якія заключылі шлюбы. З задавальненнем заўсёды чытаю апошнюю старонку «Хатнія рэцэпты смачных страў». Ды і наогул, няма такой тэмы, якую б журналісты не ўздымалі на старонках газеты. Гэта і сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёну, і захаванне духоўных традыцый, выхаванне падрастаючага пакалення, значная ўвага надаецца і пытанням здаровага ладу жыцця. Знаёмыя пытаюцца, адкуль я пра гэта даведалася, а я з гонарам адказваю, што з раённай газеты, і вельмі здзіўляюся, калі нехта не з’яўляецца яе падпісчыкам. Дзякуючы «раёнцы», я не адчуваю сябе адарванай ад жыцця. Колькі сябе памятаю, заўсёды чытала яе ад пачатку і да канца. Яшчэ выпісваю розныя выданні для пенсіянераў, але пра любімую газету не забываю ніколі.
Марыя Іосіфаўна Броўка – чалавек пазітыўны, нягледзячы на тое, што на яе лёс выпала нямала жыццёвых выпрабаванняў. Жанчына стараецца быць аптымісткай, не перастае ве­рыць у дабрыню і чалавечнасць. Яна заўсёды гатовая па­дзяліцца парадамі і добрым  настроем з людзьмі.
– Родам я са Скрыдлева. 8 ліпеня 1944 года мне было амаль 5 гадоў, але момант вызвалення роднага горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў застаўся ў памяці на ўсё жыццё. Менавіта ў той дзень мы з суседскімі дзецьмі пасвілі кароў і мне, як самай малодшай, даручылі падарыць букет нашым вызваліцелям. Адзін з салдат узамен даў мне шакаладку, якую мы раз­дзялілі на ўсіх. Смак той шакаладкі і сёння ў мяне на вуснах, – успамінае Марыя Іосіфаўна. – Пасля вайны я вучылася ў сярэдняй школе № 1 г. Навагрудка, затым паступіла ў фінансавы тэхнікум. Вучылася добра, і мяне накіроўвалі на працу ў Брэсцкі фінансавы аддзел, аднак мая матуля цяжка хварэла і я не зга­дзілася ехаць. Мой працоўны шлях звязаны з Навагрудчынай і пачынаўся ў Метрапольскім сельсавеце, дзе я была рахункаводам. Даводзілася займацца пытаннямі зямельнага падатку, страхавымі ўзносамі, выплатай зарплат, а таксама мы пачыналі праводзіць пашпартызацыю. У хуткім часе я выйшла замуж, нарадзіліся дзеці. Ведаеце, раней не было такога доўгага адпачынку па догляду за дзіцем, выхо­дзілі на работу амаль адразу пасля яго нараджэння. Працавала я некаторы час бухгалтарам у сярэдняй школе № 2, затым перайшла ў домаўпраўленне. Заўсёды была адказнай, часта даводзілася працаваць і ў выхадныя. Была інспектарам у Навагрудскай інспекцыі Дзяржстраху, райаддзеле па нарыхтоўцы лёну, падаткавым інспектарам у райфінаддзеле, старшым інспектарам падаткавай інспекцыі. На кожным участку работы былі свае патрабаванні, абавязкі, з якімі добра спраўлялася. Работу сваю любіла і заўсёды адказна да яе ставілася. Часта добрым словам успамінаю сваіх калег.

 Дзякуем вам, паважаная Марыя Іосіфаўна, за вернасць нашай газеце на працягу 50 гадоў. Абяцаем, што і ў далейшым не расчаруем нашых чытачоў, а будзем радаваць добрымі і цікавымі навінамі.
У верасні газета «Новае жыццё» адзначыць 80-гадовы юбілей. Сярод навагрудчан ёсць нямала людзей, якія на працягу доўгага часу з’яўляюцца нашымі пастаяннымі падпісчыкамі і чытачамі, аб гэтым часта даво­дзіцца чуць падчас інтэрв’ю ці размовы. Нам вельмі цікава ведаць, якой вы памятаеце газету і вашы меркаванні наконт таго, якая яна сёння. Паважаныя чытачы, тэлефануйце, пішыце нам, дзяліцеся сваімі ўражаннямі.

Вольга  Пісар, «НЖ»