На «гарачую лінію» райвыканкама і ў рэдакцыю нашай газеты патэлефанавала жыхарка в. Масцішча, якая абуралася тым, што ў вёсцы не працуе магазін і выказвала незадаволенасць работай аўтамагазіна Навагрудскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Прадставіцца жанчына адмовілася. Каб абмеркаваць выказаныя заўвагі, 19 чэрвеня была арганізавана сустрэча з мясцовым насельніцтвам.
У дыялогу прынялі ўдзел начальнік упраўлення эканомікі, гандлю і паслуг райвыканкама Вольга Скобля, намеснік дырэктара Навагрудскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Юлія Адзярэйка і старшыня Уселюбскага сельвыканкама Іван Чарнель.
– Прычынай закрыцця магазіна ў в. Масцішча год таму паслужыў малы тавараабарот, – тлумачыць Юлія Адзярэйка. – Тое, што мясцовы магазін не мог працаваць на поўную магутнасць, – нядзіўна. Людзей у вёсцы жыве няшмат (па апошніх дадзеных 159 чалавек). Пры арганізацыі работы аўтамагазіна ўсе запыты жыхароў былі выкананы. Масцішча – першы населены пункт у маршруце. Прыпынкаў для ажыццяўлення продажу прадугледжана аж 6 (аўтамагазін прыпыняецца літаральна праз кожныя 300-400 м). Прыязджае машына 4 разы на тыдзень – у панядзелак, сераду, пятніцу і суботу.
– Калі адкрыеце ў нас магазін? – практычна ў адзін голас пытаюць людзі, якіх сабралася ўсяго каля дзесяці чалавек.
– Адкрываць магазін у вашай вёсцы немэтазгодна, – адзначыла намеснік дырэктара філіяла і паўтарыла людзям усё тое, што расказвала мне па дарозе.
Аргументы Юліі Аляксандраўны людзей не пераканалі. З паловай прысутных разгарнуліся «гарачыя» спрэчкі. Астатнія проста слухалі.
Цікавіліся людзі, ці можа ў іх вёсцы адкрыць магазін, напрыклад, сетка «Еўраапт». Вольга Скобля падкрэсліла, што на сённяшні дзень ні адно гандлёвае прадпрыемства ў райвыканкам наконт адкрыцця ў Масцішчах магазіна не звярталася. І запэўніла, што калі хтосьці пажадае ўзяць у арэнду ці набыць будынак былога магазіна для арганізацыі тут гандлю ці прадастаўлення іншых сацыяльных паслуг насельніцтву, то ніякіх перашкод для гэтага не будзе.
Таксама Вольга Фёдараўна расказала жыхарам аб тым, што, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №345 «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання», грамадзяне Беларусі маюць ільготныя ўмовы (у адрозненне ад прадпрыемстваў) для адкрыцця сваёй справы. В. Скобля патлумачыла, на якую дапамогу і падтрымку з боку райвыканкама могуць разлічваць людзі, расказала аб магчымасці атрымання субсідыі.
– Каму тут адкрываць? Адны пенсіянеры, – не падтрымалі ідэю людзі.
– Па дадзеных сельвыканкама, у вашай вёсцы пражывае 97 чалавек працаздольнага ўзросту. Гэта дзве трэція жыхароў, – тлумачыць Вольга Скобля, чаму ўвогуле прагучала такая прапанова. – Пагаварыце з суседзямі. Магчыма, хтосьці выкажа такое жаданне. Мы акажам любую неабходную дапамогу. Акрамя таго, ААТ «Вялікая Крыніца» прапаноўвае новую паслугу – заказ прадуктаў праз інтэрнэт. Прапрацоўваецца пытанне аб абслугоўванні не толькі горада, але і сельскай мясцовасці і афармленні заказу па тэлефоне (для людзей, якія не маюць камп’ютара).
Адна з першых заўваг – рэалізацыя ў аўтамагазіне прадуктаў па высокім кошце. Ю. Адзярэйка адзначыла, што ва ўсіх гандлёвых кропках Навагрудскага філіяла аблспажыўтаварыства цэны на ўвесь асартымент тавараў аднолькавыя.
– А ў іншых магазінах горада – намнога танней. У нас не такія высокія даходы, каб пераплачваць, – абгрунтавалі сваю незадаволенасць людзі.
– У розных гандлёвых сетках – цэны розныя. Гэта залежыць ад многіх паказчыкаў. Мы працуем згодна з заканадаўствам і цэнавай палітыкай аблспажыўтаварыства, – падкрэсліла Ю. Адзярэйка. – Ёсць гандлёвыя кропкі, дзе цэны большыя, чым у нашых магазінах і аўталаўках. Так, кошт гародніны і садавіны ў нас значна ніжэйшыя. Акрамя таго, ёсць магчымасць набываць многія тавары па акцыйных цэнах.
Таксама былі выказаны заўвагі наконт графіка работы аўтамагазіна, а дакладней, частай затрымкай машыны. Юлія Адзярэйка не аспрэчвае і тлумачыць, што прычыны могуць быць розныя – затрымка на хлебазаводзе, на размеркавальных складах, паломка. Магчыма, людзі менш былі б незадаволенымі гэтым фактам, каб у месцах гандлю, асабліва каля будынка былога магазіна, дзе збіраецца найбольш людзей, былі ўстаноўлены лаўкі. Вольга Фёдараўна з гэтым згадзілася і звярнулася да старшыні сельвыканкама, каб гэта пытанне ў кароткія тэрміны было вырашана.
Паступілі заўвагі і наконт асартыменту тавараў у аўтамагазіне.
– Усё, што рэалізуецца ў магазінах філіяла, даступна для набыцця і ў аўталаўках, – акцэнтавала ўвагу людзей Ю. Адзярэйка. – Птушка, рыба, мяса, каўбасныя вырабы, гародніна, свежы хлеб і малочныя прадукты, розныя напіткі, кансервы і інш. Канешне, умясціць у машыну ўвесь асартымент, які маецца на базах філіяла, немагчыма. Таму прадаваец пастаянна прымае заказы. Іншымі словамі ўсё тое, што можна набыць у гарадскіх магазінах аблспажыўтаварыства, вы можаце купіць і ў аўталаўцы.
Людзі гэта пацвердзілі. Па папярэдніх заказах «магазін на колах» дастаўляе таксама нехарчовыя тавары (вёдры, посуд, бытавую хімію і інш.). Тэрмін выканання – да наступнага прыезду машыны. Напрыклад, калі заказаць мяшок камбікорму ў панядзелак, то ў сераду яго ўжо даставяць і нават дапамогуць перанесці ў ваш аўтамабіль. У чым мы пераканаліся на адным з пунктаў прыпынку аўтамагазіна ў в. Масцішча пасля завяршэння сустрэчы з насельніцтвам.
Падчас размовы абмеркавалі і іншыя пытанні – наконт работы лазні і прадастаўлення камбінатам бытавога абслугоўвання паслуг цырульніка. Напрыканцы Вольга Фёдараўна заверыла, што ўсе выказаныя заўвагі наконт работы аўтамагазіна будуць на кантролі райвыканкама.
Вядома, гарадскім жыхарам намнога прасцей знайсці неабходны тавар любімага вытворцы ці купіць прадукты па прымальнай цане, чым сельскім, у распараджэнні якіх толькі аўтамагазін. Прасцей тым, хто мае магчымасць бываць у горадзе. Між тым такая ж сітуацыя не толькі ў Навагрудскім раёне, дзе «магазіны на колах» філіяла аблспажыўтаварыства абслугоўваюць 186 вёсак, але і ў іншых рэгіёнах вобласці. І людзі з задавальненнем ходзяць да аўталаўкі не толькі за прадуктамі, а каб проста пагутарыць і абмяняцца апошнімі навінамі. Пэўныя нязручнасці ў карыстанні аўтамагазінамі ёсць, але ці абгрунтаваны тыя заўвагі, якія гучалі ад асобных жыхароў в. Масцішча? У мяне склалася ўражанне, што не. Тым больш што станоўчых водгукаў пасля завяршэння сустрэчы мы пачулі намнога больш.
Вольга Аляксандраўна ЛІННІК і Антаніна Іванаўна ГОСА:
– Канешне, было б добра, каб быў магазін – у любы час пайшоў і купіў, што патрэбна. Але, калі так склалася, то што тут зробіш. Аўталаўка працуе добра, мы ўсім задаволены. Прадукты свежыя, выбар ёсць. Калі трэба нешта дадатковае, заўсёды прывязуць. Абы былі грошы (усміхаюцца). Калі машына пад’язджае, вадзіцель сігналіць. Спыняецца зусім побач з нашымі дамамі. А які выдатны ў нас прадавец! Ветлівая, уважлівая, абслугоўвае выдатна. Наша Юля – самая лепшая!
Сапраўды, нават жанчыны, якія былі незадаволены арганізацыяй работы аўтамагазіна і закрыццём магазіна, пра Юлію Шкнай гаварылі толькі добрыя словы.
Анастасія Зайко, «НЖ»