Абмежаванне ў дзеяздольнасці як метад барацьбы з п’янствам і яго наступствы для сям’і

Абмежаванне ў дзеяздольнасці  як метад барацьбы з п’янствам і яго наступствы для сям’і

Абмежаванне ў дзеяздольнасці як метад барацьбы з п’янствам і яго наступствы для сям’і

06 мая 2021 695
Злоўжыванне спіртнымі напіткамі – гэта не толькі праблема самога грамадзяніна, але і грамадства. П’янства раскладае асобу, не дазваляючы адэкватна ацэньваць свае ўчынкі і дзеянні, ад чаго могуць пакутаваць і члены сям’і грамадзяніна, у якога маецца такая хвароба. Ён жа з’яўляецца частай прычынай сямейна-бытавых канфліктаў і гвалту.

Такая грамадзянска-прававая мера, як абмежаванне ў дзея­здольнасці асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі, мае важнае прафілактычнае значэнне, упэўнена суддзя суда Навагрудскага раёна Кацярына ТАРАС.

– Кацярына Фёдараўна, хто можа быць абмежаваны ў дзеяздольнасці?

– У адпаведнасці і арт. 30 Грама­дзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь грамадзянін, які з прычыны злоўжывання спіртнымі напіткамі ставіць сваю сям’ю ў цяжкае матэрыяльнае становішча, можа быць абмежаваны ў дзеяздольнасці судом. Для абмежавання ў дзеяздольнасці не патрабуецца, каб грамадзянін з’яўляўся хранічным алкаголікам. Не з’яўляецца таму перашкодай і наяўнасць заробку і іншых даходаў у іншых членаў сям’і.

Калі грамадзянін не прымае ўдзелу ў выдатках па ўтрыманні сям’і не з прычыны злоўжывання спіртнымі напіткамі, а ў сувязі з адсутнасцю пастаяннага заробку або даходу па аб’ектыўных прычынах (па хваробе, немагчымасці працаўладкавання і г.д.), то ён не можа быць абмежаваны ў дзеяздольнасці.

– Хто можа падаць заяву аб прызнанні грамадзяніна абмежаваным у дзеяздольнасці?

– Заява аб прызнанні грамадзяніна абмежаваным у дзеяздольнасці з прычыны злоўжывання спіртнымі напіткамі можа быць пададзена ў суд членамі яго сям’і, пракурорам, органам апекі і папячыцельства, а таксама грамадскім аб’яднаннем, статутам якога прадастаўлена такое права (ч. 1 арт. 373 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГПК).

Да членаў сям’і адносяцца: блізкія сваякі (бацькі, дзеці, усынавіцелі (удачарыцелі), усыноўленыя (удачароныя), родныя браты і сёстры, дзед, бабуля, унукі), а таксама іншыя сваякі, муж (жонка), непрацаздольныя ўтрыманцы і іншыя асобы, якія пражываюць сумесна з грамадзянінам, у дачыненні да якога ставіцца пытанне аб абмежаванні ў дзеяздольнасці, і вядуць з ім агульную гаспадарку (п.п. 3, 26 арт. 1 ГПК). Паасобнае пражыванне і адсутнасць агульнай гаспадаркі з’яўляецца падставай да адмовы гэтым членам сям’і ў задавальненні патрабаванняў.

– Ці існуюць пэўныя правілы падачы заявы аб прызнанні грамадзяніна абмежаваным у дзеяздольнасці?

– Заява аб прызнанні грамадзяніна абмежаваным у дзеяздольнасці падаецца ў суд па месцы яго жыхарства. Заява, акрамя прад’яўленых да яе агульных патрабаванняў, павінна змяшчаць указанне на абставіны, якія сведчаць, што чалавек злоўжывае спіртнымі напіткамі і ставіць сваю сям’ю ў цяжкае матэрыяльнае становішча. Факт злоўжывання грамадзянінам спіртнымі напіткамі павінен быць пацверджаны ў судзе адпаведнымі доказамі, да якіх адносяцца: даведкі аб аказанні медыцынскай дапамогі ў сувязі са станам, звязаным са злоўжываннем спіртнымі напіткамі; акты агляду на прадмет устанаўлення залежнасці ад алкаголю; акты наркалагічных экспертыз; дакументы праваахоўных органаў аб дапушчаных парушэннях грамадскага парадку, стварэнні канфліктных сітуацый у сям’і, іншыя доказы, якія пацвярджаюць залежнасць асобы ад алкаголю.

Судовыя выдаткі па справе аб прызнанні грамадзяніна абмежаваным у дзеяздольнасці з заяўніка не спаганяюцца, за выключэннем выпадкаў, калі заяўнікі дзейнічалі недобрасумленна з мэтай зага­дзя неабгрунтаванага абмежавання ў дзея­здольнасці грамадзяніна.

– Якія прававыя наступствы абмежавання грамадзяніна ў дзеяздольнасці?

Над грамадзянінам, абмежаваным судом у дзеяздольнасці з прычыны злоўжывання спіртнымі напіткамі, устанаўліваецца папячыцельства.

Такі грамадзянін мае права самастойна здзяйсняць дробныя бытавыя здзелкі (купля прадуктаў, аплата паслуг па рамонце адзення і абутку і г.д.). Здзяйсняць іншыя здзелкі, а таксама атрымліваць заробак, пенсію і іншыя даходы (сумы, належныя за выкананне работ па дамове падраду, усякага роду дапамогі і г.д.) і распараджацца імі ён можа толькі са згоды папячыцеля. Так, у сілу абмежавання ў дзея­здольнасці грамадзянін без згоды папячыцеля не мае права прадаваць, дарыць, абменьваць, купляць маёмасць (кватэру, аўтамабіль і г.д.).

Аднак грамадзянін, дзеяздоль­насць якога абмежавана з прычыны злоўжывання спіртнымі напіткамі, самастойна нясе маёмасную адказнасць па здзейсненых ім здзелках і за ўчыненую ім шкоду.

З практыкі

Штогод судом Навагрудскага раёна каля 10 грамадзян абмяжоўваюцца ў дзеяздольнасці. Гэта асобы, якія на працягу доўгага перыяду злоўжываюць спіртнымі напіткамі, у стане алкагольнага ап’янення ладзяць сямейныя скандалы альбо ўчынняюць адміністрацыйныя правапарушэнні. Людзі, якія расходуюць свае даходы на набыццё спіртных напіткаў і не аказваюць якой-небудзь матэрыяльнай дапамогі сваёй сям’і ў пакрыцці выдаткаў на забеспячэнне адпаведных бытавых умоў, аплаце камунальных плацяжоў, набыцці прадуктаў харчавання, рэчаў першай неабходнасці і г.д.

Справы названай катэгорыі ўзбуджаюцца, як правіла, па заявах пракурора Навагрудскага раёна, які звярнуўся ў суд для абароны правоў і законных інтарэсаў членаў сям’і асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі і ставяць сваю сям’ю ў цяжкае матэрыяльнае становішча.

Абмежаванне грамадзяніна ў дзеяздольнасці не з’яўляецца яго пажыццёвым прававым статусам. Калі падставы, у сілу якіх грамадзянін быў абмежаваны ў дзеяздольнасці, адпалі (спыненне злоўжывання спіртнымі напіткамі), суд адмяняе абмежаванне дзеяздольнасці. Яно адмяняецца і ў выпадку, калі перастае існаваць сям’я асобы, абмежаванай у дзеяздольнасці. На падставе рашэння суда аб адмене абмежавання дзеяздольнасці адмяняецца ўсталяванае над грама­дзянінам папячыцельства.

Падрыхтавала
Алена Ермакова, «НЖ»