Імя блогера Дзяніса Трафімчыка на Дзятлаўшчыне ведаюць калі не ўсе, то многія.
Дзяніс Трафімчык, інжынер ААТ “Граніт-Агра”, стваральнік першага ў Беларусі аграблога, уладальнік шматлікіх моладзевых прэмій, футбаліст, трэнер і проста цікавы чалавек, нядаўна па запрашэнні тэлеканала “Беларусь 1” са сваім караваем стаў госцем прамога эфіру ў перадачы “Добрай раніцы, Беларусь”, адкуль перадаў прывітанне дзятлаўчанам, калегам і ўсім сваім падпісчыкам. Вярнуўшыся дадому, малады чалавек расказаў чытачам газеты “Перамога” пра сустрэчу ў Мінску, блогерства і сельскую гаспадарку, падзяліўся планамі і пажаданнямі.
– Нягледзячы на публічнасць і папулярнасць, прамы эфір на “Беларусь 1” у цябе быў упершыню. Якія ўражанні?
– Калі ехаў у Мінск, думаў, ну, што тут такога? Я столькі разоў здымаў сябе на відэа, публікаваў на вялікую аўдыторыю. Аднак было хваляванне: уся ж краіна ўбачыць! У “Белтэлерадыёкампаніі” мяне сустрэлі гасцінна, папрасілі не хвалявацца. Людзі там добрыя, простыя, як нашы вяскоўцы. Тым больш, што пазнаёміліся мы з імі напярэдадні, калі журналісты былі на Дзятлаўшчыне, рыхтавалі сюжэт для праграмы “Галоўны эфір”, які выйдзе ў нядзелю ўвечары. Мы з імі “далучаліся” да сельскага жыцця, елі катлеты ў полі разам з механізатарамі. Было класна! Як вярнуўся, даведаўся ад дзяцей, якіх трэнірую, што дома амаль усе глядзелі ранішні эфір, яны мяне нават павіншавалі з дэбютам і падарылі кветкі.
– Хто такі аграблогер і як ты прыйшоў у гэту сферу?
– Дагэтуль я не заўважаў топавых блогераў з нікнэймам “agro_blog_” . Калі пачынаў здымаць сюжэты для інтэрнэт-рэсурсаў, думаў, як апісаць адным словам тое, што адбываецца, і назваў гэта аграблог, так што назву магу патэнтаваць. Мне са школьных гадоў падабалася відэа і фатаграфія: заўсёды нешта здымаў, нарэзваў, фатаграфаваў. Калі прыйшоў працаваць у “Граніт-Агра”, падумаў, што такой вялікай арганізацыі не хапае сваёй старонкі ў інтэрнэце, каб паказаць не толькі дасягненні, напрацоўкі і ўзнагароджанні, але і жыццё ўнутры калектыву.
– Як паставіліся калегі да таго, што сталі героямі сюжэтаў?
– Спачатку некаторыя уцякалі, некаторыя гаварылі, навошта гэта табе, ідзі лепш займіся работай. Потым, калі больш публікацый стала з’яўляцца ў Instagram і TikTok, ужо начальства бывала званіла: у нас будзе важная падзея або цырымонія, трэба зняць. Праз некаторы час ужо людзі падыходзілі з просьбай паказаць у аграблогу і іх працу. Цяпер усе ставяцца з разуменнем і ўдзячнасцю. З калегамі мы, як кажуць, на рэспектах.
– Назаві імёны славутасцяў аграблога.
– Ёсць у нас такі работнік Уладзімір Рак. Аднойчы ён ляжаў у бальніцы ў Навагрудку, да яго прыйшоў доктар і кажа: “Можаце не прадстаўляцца, я вас ведаю, вы здымаецеся ў аграблогу”. Расказваў, што на пошце сустракаюць са словамі “вы – зорка”. Таксама можна назваць імёны Юрыя Буткевіча, Віктара Крамянеўскага, які мне заўсёды дапамагае, ён яшчэ і спявае добра, Алега Грыба, я называю яго “кінолаг”. Ну і, вядома, Леанідавіча – Арцёма Літвінскага.
– Дарэчы, ідэя з Юр’евічам і Леанідавічам вельмі “заляцела” ў масы. Як яна табе прыйшла?
– Калі я здымаў ролікі пра гаспадарку, людзей , якія тут працуюць, я зразумеў, што аўдыторыі гэта крыху прыелася і трэба дадаць нешта новае, нейкую разынку. Падумаў, што патрэбен акцёрскі ролік: так нарадзілася ідэя расказаць пра тое, як простыя аграном і інжынер з раёна магчыма патрапяць у самыя папулярныя блогеры. Я ўзяў блакнот, напісаў сцэнарый, занатаваў ідэі – і атрымаўся міні-блог пра Леанідавіча і Юр’евіча. Усе свае думкі з вечара фіксую ў блакнот, калі муза прыходзіць, а раніцай пішу напрыклад: “Леанідавіч, давай да планёркі з’ездзім запішам ролік”. І ён кажа: “Давай”. Чытае тэкст – і адразу пачынаем здымаць.
– Ці ёсць запас сюжэтаў?
– Усё прыходзіць спантанна, пад сітуацыю. Напрыклад, “Зажынкі”, якія ладзіліся ў ААТ “Граніт-Агра”. Калі ідэя падабаецца абаім і мы сябе бачым у гэтым сюжэце – тады пішам.
– Раскажы пра той самы васьмімільённы ролік, які ў адзін момант зрабіў цябе папулярным.
– Была чарговая трэніроўка з дзецьмі, у час якой яны ўсё напявалі “крыжыкі-нолікі, дзве Міланы ў доміку”, песня адклалася ў маёй галаве. Калі на наступны дзень раніцай прыйшоў на работу, правяраў пуцёўкі, спяваў яе. Механізатары спыталі, што за песня, і ў мяне нарадзілася ідэя, каб работнікі гаспадаркі праспявалі яе па адным радку. Па рабоце некалькі дзён ездзіў на розныя аб’екты гаспадаркі, вазіў пуцёўкі і запісваў людзей. Зманціраваў, “заліў” у TikTok, і ў мяне села батарэя на тэлефоне. Калі я паставіў гаджэт на зарадку і ўключыў, ужо быў мільён праглядаў, вельмі шмат падпісак і паведамленняў.
– Як сумяшчаеш аграблог і работу? Як ставіцца начальства да такой актыўнасці?
– Каб зняць і зманціраваць ролік, насамрэч, часу і магчымасцяў шмат не трэба. Я прыехаў на месца, зрабіў свае справы, затым за пяць хвілін зняў ролік, у вольную хвілінку манцірую яго і выкідваю ў інтэрнэт. Настройваю сябе так, каб і па рабоце ўсё выканаць, і блог не запусціць. Начальства адразу не вельмі разумела ўсю гэту тэму. Цяпер у дырэктара Станіслава Мазура ў самаго акаўнты і падпіскі на наш канал на ўсіх платформах. Думаю, ён ганарыцца фактам існавання і папулярнасці аграблога. Нават калі быў на абласной канферэнцыі, аб’яўлялі ААТ “Граніт-Агра”, а ўдзельнікі нарады казалі, што ведаюць такое прадпрыемства.
– Што даў табе аграблог?
– Шмат знаёмстваў з новымі людзьмі па ўсёй Беларусі, магутная падтрымка, цікавыя праекты і прапановы. Мяне сталі клікаць дзяліцца вопытам у Гродна, Бераставіцу, Свіслач, Мінск і іншыя гарады, самі прыязджаюць пацікавіцца нашымі буднямі і поспехамі.
– А фінансавы складнік?
– Не, усё гэта не пра грошы, ролікі не аплачваюцца і не манетызуюцца, усё на чыстым энтузіязме. Аднак зусім нядаўна са мной звязалася адно сталічнае медыйнае агенцтва з прапановай зняць першы наш інтэграцыйны камерцыйны ролік. Думаю, у хуткім часе вы ўбачыце сюжэт з Леанідавічам на гэту тэму.
– Ты прыйшоў у Дзятлаўскі раён маладым спецыялістам. Тэрмін адпрацоўкі даўно скончаны, але ты застаўся на малой радзіме. З чым звязана такое рашэнне?
– Кажуць “дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся” – гэта, відаць, пра мяне. Калі вучыўся, нават не ўяўляў, што захачу застацца ў аграгарадку, але жыццё вырашыла па-свойму. У такім невялікім населеным пункце Круцілавічы адбылося шмат важных для мяне і землякоў, знакавых падзей. Адна з іх – адкрыццё футбольнай міні-пляцоўкі, пабудаванай ААТ “Граніт-Агра” пры дапамозе раённай улады, у гэтым ёсць і мой удзел. Цяпер аб’ект актыўна выкарыстоўваецца і прыносіць радасць людзям. Апошнім часам адчуваю, што сегмент маёй аўдыторыі пашыраецца з моладзі на старэйшае пакаленне, станаўлюся па-сапраўднаму народным блогерам. Адна бабуля напісала мне: “Калі гляджу твае ролікі, я спакойная за будучыню нашай моладзі”. Мне падабаецца жыць у вёсцы: калі падумаць глабальна, няма розніцы, дзе ты жывеш, важна, кім ты сябе акружыш, якой справай зоймешся. Можна сядзець і кожны дзень скардзіцца, што ў цябе кепская работа, вёска, тут нічога няма…, а можна і тут, у сельскай мясцовасці, стварыць той самы рух, які будзе ў горадзе. Рухацца, жыць, быць паспяховым.
– Дзе бачыш сябе ў будучыні?
– Бліжэйшы год – тут жа, у ААТ “Граніт-Агра”. У ідэале праз некаторы час хацелася б прадаўжаць ідэю аграблогерства, пашыраючы гарызонты на вобласць і нават усю Беларусь. Прыязджаць у аграгарадкі, раёны, рабіць ролікі пра гаспадаркі. Тэлевізар цяпер мала хто глядзіць, а тэлефон у руках у кожнага. На сёння маю ў TikTok 57 тысяч падпісчыкаў, на новай старонцы Instagram “agro_blog_”, дзе ўсё пра ўсё, за 2 месяцы набраў 4 тысячы падпісчыкаў. Калі будзе 20 тысяч, я змагу назваць сябе сапраўды папулярным.
– Як сёння стаць блогерам?
– Толькі цяпер я пачынаю разумець, што быць блогерам няпроста. Я літаральна прачынаюся і засынаю з тэлефонам, увесь вольны час нешта здымаю, манцірую, вяду перапіску або прыдумваю ідэі. Спрабаваў у нядзелю правесці дзень без тэлефона, але потым убачыў цікавы сюжэт, як Арсеній пастрыгся, і тэлефон давялося зноў дастаць. Каб стаць блогерам трэба цалкам аддавацца гэтай справе і не саромецца: як толькі ты зможаш ісці ў натоўпе людзей і здымаць сябе на камеру без комплексаў – тады ў цябе ўсё атрымаецца. Удачы ў пачынаннях!
diatlovonews.by