Да Другой Сусветнай вайны яго адрас: Рынак, 1.
У час бамбёжкі Навагрудка ў чэрвені 1941 года палац быў пашкоджаны, а пасля разабраны.Палац Радзівілаў быў пабудаваны ў першай палове ХVІІІ ст. на пляцы, які яшчэ ў ХVІ ст. належаў роду Радзівілаў. Гэта быў двухпавярховы каменны будынак. Разам з забудаванымі часткамі ён замыкаўся ў карэ няправільнай формы. У першай палове ХІХ ст. меў характэрныя рысы класіцызму.
Упершыню навагрудскі палац Радзівілаў упамінаецца ў «Дзённіку» Міхаіла Казіміра Радзівіла (Рыбанькі), напісаным ім у перыяд паміж 1719-1761 гадамі. У «Дзённіку» Міхаіл Казімір піша, што ў час сваіх падарожжаў не раз прыпыняўся ў ім.
Па некаторых звестках, палац Радзівілаў быў пабудаваны Каралем Радзівілам (Пане Каханку) у першай палове ХVІІ ст., затым у 1759 г. перабудаваны. Пасля перабудовы ў палацы Радзівілаў былі абсталяваны пакоі пад крамы, якія здаваліся ў арэнду купцам. Крамы былі мураваныя, мелі «печы з цэглы, коміны «навылёт», вокны са шкла».
Радзівілы – уплывовы магнацкі род Вялікага Княства Літоўскага, прадстаўнікі якога ў ХV-ХVІІІ стст. займалі важнейшыя дзяржаўныя, адміністрацыйныя і ваенныя пасады. Радзівілы, прыхільнікі кальвінізму, ужо ў ХVІ ст. валодалі маёмасцю не толькі ў Нясвіжы і Біржаях, але і ў іншых месцах Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку ў Навагрудку, Любчы, Нягневічах, Уселюбе. Адной з радзівілаўскіх рэзідэнцый былі Дзяляцічы.
Пяць прадстаўнікой нясвіжскай лініі Радзівілаў у розныя часы і розныя тэрміны былі навагрудскімі ваяводамі. Першым ваяводам навагрудскім з роду Радзівілаў быў Мікалай Радзівіл, дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, сын Мікалая Радзівіла Рыжага. Пасаду ваяводы займаў з 1579 па 1589 гады.У 1642 годзе, усяго адзін год, ваяводам у Навагрудку быў Жыгімонт Караль Радзівіл – дзяржаўны дзеяч ВКЛ, мецэнат, сын Мікалая Радзівіла Сіроткі. Наступным ваяводам, каля 20 гадоў (з 1709 па 1729 год), заставаўся Ян Мікалай Радзівіл, сын Дамініка Мікалая Радзівіла. Князь Мікалай Фаустын Радзівіл, сын Дамініка Мікалая Радзівіла, быў ваяводам у Навагрудку ў перыяд 1729-1746 гг. Князь Ежы Радзівіл стаў ваяводам у Навагрудку адразу пасля смерці свайго бацькі Мікалая Фаустына Радзівіла і займаў гэтую пасаду ў перыяд з 1746 па 1754 гг. Ён быў апошнім навагрудскім ваяводам з роду Радзівілаў.
Вядома, што з ХVІІ ст. і да сярэдзіны ХІХ ст. Радзівілы ў Навагрудку валодалі цэлым раёнам горада, які называўся «Анклаў». Гэта была адасобленая адміністрацыйна незалежная частка горада, на якую не распаўсюджваліся гарадскія законы мясцовага самакіравання, а дзейнічала сваё радзівілаўскае права – «Юрыдыка Радзівіла». Князь з’яўляўся абсалютным распараджальнікам збору падаткаў.
Асабліва цесныя сувязі з князямі дынастыі Радзівілаў мелі яўрэйскія гандляры Навагрудка, і гэтыя сувязі былі не толькі гандлёвымі, але і фінансавымі. Яўрэі з’яўляліся пастаўшчыкамі княжацкага двара. Вядома, што ў пачатку ХІХ ст. адказным за пастаўкі на княжацкі двор быў Калман Маўтовіч. Князь апякаў сваіх падданых і абараняў іх ад ціску і праследаванняў хрысціянскага насельніцтва. І нават калі ў ВКЛ юрыдыкі былі адменены, толькі навагрудскі «Анклаў» існаваў да 1861 года.
Радзівілы былі не толькі багацейшым родам Вялікага Княства Літоўскага, які валодаў вялікімі зямельнымі абшарамі, але, у першую чаргу, высокаадукаванымі і прагрэсіўнымі людзьмі свайго часу, якія ахвяравалі зямельныя ўладанні і грашовыя сродкі касцёлам, кляштарам на асвету, рэлігійную адукацыю і інш. У 1780 годзе на ахвяраванні Алены Радзівіл, жонкі Міхаіла Гераніма Радзівіла, у Навагрудку на месцы старога драўлянага касцёла ордэна францысканаў (зараз сабор св. Мікалая), быў пабудаваны новы мураваны касцёл.
У хуткім часе будынак палаца быў канфіскаваны ў Радзівілаў за даўгі і на працягу ХІХ і пачатку ХХ стст. знаходзіўся ў складзе дзяржаўнай маёмасці. У гэты перыяд будынак часткова выкарыстоўваўся пад патрэбы дзяржаўных устаноў, а частка памяшканняў здавалася ў арэнду.
З палацам Радзівілаў у Навагрудку звязаны ўспаміны пра падзеі вайны 1812 года, апісаныя відавочцамі ў некаторых друкаваных выданнях. У тыя часы палац Радзівілаў належаў купцу Фішару. Летам 1812 года ў гэтым будынку падчас свайго ваеннага паходу прыпыняўся кароль Вестфальскі Геранім Банапарт, брат Напалеона Банапарта. Па ўспамінах відавочцаў, спачатку кароль размясціўся ў двары Міцкевічаў, але каралеўскай свіце было мала месца ў такім невялікім доме. А яшчэ там не было ванны, у якой, згодна з паданнем, любіў купацца ў віне брат Напалеона. У гонар Гераніма быў падрыхтаваны ўрачысты абед на 300 асоб. Цікава тое, што пасля заканчэння абеду, кароль загадаў запакаваць усе сталовыя прыборы з срэбра і фарфоравы посуд з палаца Радзівілаў на вазы і вывезці з Навагрудка.
Пры Польшчы, у 1920-30-я гады, у былым палацы Радзівілаў размяшчалася Навагрудская павятовая адміністрацыя – староства. З тылу будынка знаходзілася друкарня, а на другім паверсе – паўшэхная (пачатковая) школа імя Пірамовіча.
За многія рамонты і перабудовы, якія адбываліся на працягу яго існавання, воблік будынка быў зменены. Да нашага часу дайшлі выявы палаца, зафіксаваныя на паштоўках і фотаздымках пачатку і сярэдзіны ХХ ст., а таксама на макеце, які экспануецца ў Музеі пад адкрытым небам па вуліцы Міцкевіча ў Навагрудку.
Г. КАВАЛЬЧУК,
старшы навуковы супрацоўнік Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея