
Вырашальная сустрэча
– Падчас вучобы ў сярэдняй школе №4 я наведвала розныя гурткі па інтарэсах, цікавілася, здавалася, усім. Аднойчы сястра завяла на танцавальны гурток, дзе яна займалася. Сустрэча з Галінай Аляксееўнай Апалонік стала вырашальнай у маім жыцці, – такімі словамі пачынае нашу размову Таццяна Кавалько. – Менавіта дзякуючы свайму першаму выкладчыку харэаграфіі, яе ўменню знайсці падыход да кожнага дзіцяці, я зразумела, што танцы значаць у маім жыцці больш, чым што-небудзь іншае. Галіна Аляксееўна адкрыла для мяне дзівосны свет танца з яго лёгкасцю, вытанчанасцю. Тое задавальненне, якое я атрымлівала раней падчас рэпетыцый і выступленняў, і зараз не дазваляе мне ні на імгненне ўсумніцца ў правільнасці выбару. Пачынала з танцавальнага гуртка, у старэйшых класах запрасілі мяне ў ансамбль «Свіцязь». З таго часу я разам са сваім любімым калектывам. Мы адна дружная сям’я. Праўда, быў час, калі я не ўдзельнічала ў жыцці ансамбля, але ён быў кароткім.


«Свіцязь» – візітка Навагрудка
Творчая біяграфія калектыву пачынаецца з 1966 года, калі на базе харавой і танцавальнай груп быў створаны ансамбль. Яго ўдзельнікамі былі энтузіясты народнага мастацтва – рабочыя і сяляне навакольных вёсак, настаўнікі і навучэнцы школ і тэхнікумаў горада Навагрудка. Каля вытокаў ансамбля стаялі І. Лучанок, К. Паплаўскі і балетмайстар Е. Хвораст. Першыя выступленні, першая праграма, з якой удзельнікі выступалі на абласных і рэспубліканскіх фестывалях і аглядах народных талентаў, паказалі, што ў новага калектыву свой почырк і свой кірунак, у яго песнях і танцах шмат мясцовага, народнага каларыту.

Прыгажосць танца
– Пасля заканчэння школы Галіна Аляксееўна завезла мяне ў Гродзенскае культурна-асветніцкае вучылішча. Вучылася на харэаграфічным аддзяленні. Гады вучобы хутка праляцелі, і па размеркаванні ў 1990 годзе я трапіла ў Кашалеўскі сельскі дом культуры на пасаду дырэктара. З гэтага часу і пачалася мая прафесійная дзейнасць, – гаворыць Таццяна Аляксееўна. – Шмат моладзі было, ладзіліся дыскатэкі, арганізоўвалі розныя мерапрыемствы, канцэрты. А святы, якія праводзілі на тэрыторыі сельсавета, і сёння з’яўляюцца любімымі і традыцыйнымі. Сярод іх свята вёскі, провады на пенсію. У 1995 перайшла на працу настаўнікам рытмікі ў сярэднюю школу №3 г. Навагрудка. На гэта былі сямейныя абставіны – замужжа, нараджэнне дачкі Анастасіі. Паралельна працавала харэографам і ў раённым Доме культуры, – працягвае Таццяна Аляксееўна. – Коратка раскажу пра свае прафесійныя погляды на заняткі танцамі з дзяцінства. Мне вельмі імпануе тое, што бацькі разумеюць, наколькі важнае для дзіцяці ўменне танцаваць. Дзіця, якое займаецца якім-небудзь відам танцавальнага мастацтва, заўсёды вылучаецца сярод сваіх аднагодкаў. Прыгожая, грацыёзная хадзьба, падцягнутая постаць – гэта толькі частка таго, што можа даць танец. Лічу, што з дзіцячых гадоў заняткі харэаграфіяй даюць трывалы падмурак для развіцця дзіцяці як асобы, а ў дарослым жыцці дапамогуць гэтай асобе смела зацвердзіцца ў грамадстве. Заняткі танцамі – гэта гармонія ва ўсіх сэнсах слова. Вучні малодшых і сярэдніх класаў з ахвотай займаюцца рытмікай, наведваюць гурток і вучні старэйшых класаў. Мы выступаем ужо не толькі падчас свят у школе, прыемна, што нас часта запрашаюць на раённыя мерапрыемствы. Я за тое, каб дзеці выязджалі і прымалі ўдзел у розных конкурсах. У нас ужо ёсць свой багаж выступленняў у такіх гарадах, як Ліда, Смаргонь, Гродна і інш. Дзеці выступаюць на вялікай сцэне, і прыемна, што і там юныя выхаванцы нашай школы ў ліку лепшых.


dav


Праваслаўны баль
Штогод у нашым горадзе ладзіцца баль праваслаўнай моладзі, арганізатарам якога з’яўляецца прыход храма святых благаверных пакутнікаў Барыса і Глеба. Пастаянны ўдзельнік і ўпрыгожанне балю, а таксама многіх раённых мерапрыемстваў – праваслаўны танцавальны калектыў «Гармонія», які існуе пры храме. – Вызначальнай для мяне стала сустрэча з іерэем Мікалаем і матушкай Наталляй Касякамі. Першы ўдзел навагрудскай моладзі ў праваслаўным балі ў Мінску падштурхнуў нас на арганізацыю нечага падобнага ў нас. Мы паспрабавалі – і ўсё атрымалася, – дзеліцца Таццяна Аляксееўна Кавалько. – Моладзь актыўна пачала займацца танцамі, выступаць. Матушка Наталля – нязменны кіраўнік калектыву. Яна сама не толькі арганізоўвае балі, а таксма сама прадумвае і шые касцюмы для кожнага выступлення. Яна прысутнічае заўсёды на рэпетыцыях, прадумвае ўсё да дробязей. Зараз я з упэўненасцю магу сказаць, што праваслаўны баль – гэта яшчэ адна візітка нашага горада.