
Для тых 417 выпускнікоў Масцішчанскай СШ, сярод якіх і я – аўтар гэтага артыкула – такім настаўнікам быў, ёсць і будзе Андрэеў Пётр Арцёмавіч. Лёс не быў літасцівым да гэтага чалавека. Нарадзіўся Пётр Арцёмавіч у 1923 годзе. Працоўны шлях пачаў ён у 1940 годзе настаўнікам фізікі і матэматыкі Бельскай НСШ (няпоўнай сярэдняй школы) Дрыбінскага раёна. Але папрацаваць прыйшлося нядоўга: амаль з першых дзён вайны ў 1941 і па май пераможнага 1945 года Пётр Арцёмавіч змагаўся на франтах Вялікай Айчыннай вайны.Пасля Перамогі іншага лёсу не шукаў – вярнуўся за настаўніцкі стол да любімай справы. Два гады працаваў настаўнікам у Дабучанскай НСШ Пружанскага раёна, а з 1947 года лёс прывёў яго на Навагрудчыну. Спачатку Пётр Арцёмавіч працуе настаўнікам Куравіцкай НСШ, затым завучам Рэцямлянскай НСШ, потым дырэктарам Рэцямлянскай вячэрняй школы сельскай моладзі, а праз некаторы час дырэктарам Рэцямлянскай НСШ.
Тут, на Навагрудчыне, Пётр Арцёмавіч спаткаў сваё каханне – Ніну Ігнацьеўну, з якой пражыў доўгае і шчаслівае жыццё. Да 1965 года Пётр Андрэеў працуе на адміністрацыйных пасадах, а з 1968 года стаў настаўнікам Масцішчанскай СШ.
Не адно пакаленне вучняў пераймала ў настаўніка не толькі асновы навук, але спасцігала чалавечую мудрасць, дасціпнасць і гуманізм. Захаплялі яго аповеды пра зорныя сістэмы і пазазямныя цывілізацыі, сухія законы фізікі з яго вуснаў паўставалі канкрэтнымі вобразамі. А яшчэ яго незабыўныя вершы – яркая лірыка, прасякнутая мясцовым каларытам, якая кранае сваёй непасрэднасцю. Вершы друкаваліся на старонках раённай і рэспубліканскіх газет і часопісаў. Паэтычны талент дазваляў настаўніку (пры пэўнай настойлівасці) стаць членам Саюза пісьменнікаў, але гэта не ўяўляла каштоўнасці для Пятра Арцёмавіча.
Для вучняў, калег, аднавяскоўцаў Пётр Андрэеў быў чалавекам-легендай. Яго ведалі ўсе, паважалі, любілі. А вучні імкнуліся да ведаў па прадметах, што ён выкладаў: у адных гэта атрымлівалася, у другіх не зусім, але абыякавых не было. Сакральнае слова Пятра Арцёмавіча «лоботряс» ставіла на месца самага «адпетага» хулігана.
А вайна? Яна засталася з ветэранам, засталася як вопыт, як памяць, як боль.Тыя, хто прайшоў яе дарогамі, не любілі пра гэта гаварыць, напэўна, прывабнага і цікавага там было мала, але з гэтым прыходзілася лічыцца і жыць.
Напісанае застаецца, пасеянае прарастае… Пакуль жывуць вучні, пакуль гучаць вершы, будзе жыць памяць пра чалавека, салдата, настаўніка.
Алег Анікевіч
Фотаздымкі Н. Бусько