Спорт

Сяргей Будрэвіч: «Выйграе спартсмен, а прайграе трэнер»

Сяргей Будрэвіч: «Выйграе спартсмен, а прайграе трэнер»

01 ноября 2020 3388

Трэнер – важная і зусім не простая прафесія, як могуць думаць людзі недасведчаныя. Сапраўдны трэнер становіцца для сваіх выхаванцаў настаўнікам не толькі ў спорце, але і па жыцці. А яшчэ добрым сябрам, заўсёды гатовым падтрымаць і ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу. Быць трэнерам таксама немагчыма без заваявання ў сваіх юных навучэнцаў аўтарытэту і павагі. Іншымі словамі, далёка не кожны чалавек можа стаць прафесійным трэнерам. Мала проста любіць спорт і мець пэўны спартыўны вопыт. Патрэбна быць поўнасцю адданым сваёй справе. Менавіта такім спецыялістам з’яўляецца трэнер-выкладчык па біятлоне Навагрудскай ДЮСШ № 1 Сяргей Будрэвіч.

– Маё ранняе дзяцінства прайшло ў Любчы. Калі вучыўся ў 4 класе, сям’я пераехала ў Навагрудак. Дзесьці ў пачатку навучальнага года ў сярэднюю школу №1 прыйшоў Анатолій Сямёнавіч Цецярук і пачаў расказваць пра біятлон. Мяне так захапіла магчымасць навучыцца страляць і хутка бегаць на лыжах, што я адразу запісаўся ў ДЮСШ №1, – успамінае Сяргей Будрэвіч. – Вінтоўка, лыжы і нават чаравікі былі адны на дваіх. У той час мы і марыць не маглі аб такім адзенні, абутку, інвентары і трасах, якія ёсць у сучасных навучэнцаў. Сапраўдная цяга да спорту прыйшла з часам і толькі дзякуючы аўтарытэту Анатолія Сямёнавіча. Ён быў строгім і патрабавальным трэнерам, але за нас заўсёды шчыра перажываў і вучыў на трэніроўках і спаборніцтвах выкладвацца напоўную.

«Галоўнае – цалкам аддавацца спорту»

Спартыўны лёс маладога біятланіста не складваўся гладка. Толькі пасля сямі гадоў скрупулёзнай, пастаяннай і адданай працы ён пачаў паказваць добрыя вынікі.

– Прагрэс адбыўся ўжо ў 11 класе. Летам я шмат трэніраваўся ў Брацянцы, дзе жылі мае бабуля і дзядуля і дзе я праводзіў канікулы. Шмат бегаў, сам зрабіў сабе трэнажоры, дапамагаў па гаспадарцы. Я вельмі марыў падняцца на п’едэстал гонару, але што ўжо на другіх спаборніцтвах гэта стане рэальнасцю, і падумаць не мог, – дзеліцца трэнер. – Было гэта ўжо пасля Новага года ў зімовы сезон 1999-2000 гг. Прыехалі ў Раўбічы. Анатолій Сямёнавіч паклікаў мяне ў нейкі пакой і паказаў новыя лыжныя чаравікі і французскі камбінезон (іх у спартыўную школу перадавала нацыянальная каманда). Ён паабяцаў, што калі я ўвайду ў дзясятку лідараў, то ўсё гэта «багацце» стане маім. У выніку я фінішаваў другім. Немагчыма перадаць, колькі ў мяне было радасці, калі я атрымаў свой першы медаль рэспубліканскага ўзроўню і новае спартыўнае адзенне і абутак.


Той сезон для Сяргея Будрэвіча атрымаўся вельмі ўдалым – што ні старт, то ён у прызёрах ці мінімум у пяцёрцы лепшых. Перспектыўнага біятланіста заўважылі і запрасілі ў Рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву.

– Уладзімір Міхайлавіч Мытнік, які быў сапраўдным прафесіяналам і вельмі шчырым чалавекам і ў рэшце рэшт стаў маім другім трэнерам, збіраў каманду спартсменаў 1983 г.н., – працягвае размову Сяргей Будрэвіч. – Мой бацька на той час памёр, матуля адна выхоўвала нас траіх (я ў сям’і самы старэйшы, яшчэ ёсць брат і сястра). Канешне, ёй было складана. А вучоба ў вучылішчы – гэта не толькі магчымасць працягваць займацца любімым спортам, але поўнае дзяржаўнае забеспячэнне. Я гэта разумеў.

– Чэрвень 2000 года, выпускны. Я атрымаў у школе атэстат, прыйшоў на плошчу, сфатаграфаваўся з аднакласнікамі, пераапрануўся, і нас адразу павезлі ў Мінск, – расказвае Сяргей Іванавіч. – Так атрымалася, што ў камандзе, якая ўключала, мабыць, 12 спартсменаў з усёй краіны, пяцёра былі з Навагрудка. Гэта я, Дзяніс Быстрык, Аляксандр Усцінаў, Вольга Цецярук і Таццяна Шынтар. Таксама з намі працаваў Віктар Іосіфавіч Кункевіч. Першы вучэбна-трэніровачны збор – і адразу паездка ва Украіну. Для мяне, хлопчыка, які ніколі не быў на моры, гэтыя два тыдні былі незабыўнымі. Так і закруцілася. Трэніроўкі, зборы, рэспубліканскія спаборніцтвы, міжнародныя старты…


– У выніку я стаў майстрам спорту Рэспублікі Беларусь па біятлоне. У складзе юніёрскай нацыянальнай каманды давялося прымаць удзел у еўрапейскіх пяршынствах, Кубку IBU, Чэмпіянаце свету і іншых спаборніцтвах. За гэты час наша каманда стала сапраўднай вялікай і дружнай сям’ёй, – з бляскам у вачах гаворыць Сяргей Будрэвіч.

«Не ўяўляю свайго жыцця без трэнерскай работы»

– Потым была служба ў арміі ў спартыўнай роце. У 2006 годзе паўстала пытанне, якім шляхам ісці далей. Была магчымасць працаўладкавацца ў адно з сілавых ведамстваў, але я выбраў трэнерскую работу. І вось ужо 14 гадоў працую трэнерам-выкладчыкам у роднай ДЮСШ №1. Удзячны нашаму дырэктару Віктару Багуслававічу Літвінскаму, што паверыў у мяне, маладога і зусім нявопытнага, – гутарым з Сяргеем Іванавічам далей. – Вельмі дапамог у прафесійным станаўленні Анатолій Сямёнавіч – ён падказваў, даваў парады. Да слова, ён дапамагае мне па сённяшні дзень. У рабоце з навучэнцамі я больш увагі ўдзяляю кросавай падрыхтоўцы, хадзьбе на лыжах і лыжаролерах, а ён – стральбе. Канешне, працуем у тандэме: разам будуем стратэгію падрыхтоўкі дзяцей, арганізоўваем трэніровачны працэс, абмяркоўваем памылкі нашых спартсменаў.


На сённяшні дзень Сяргей Іванавіч вядзе тры групы, у якіх навучаюцца 22 юныя біятланісты. 

– Не кожны з выхаванцаў дасягае жаданых вынікаў, і трэнер павінен умець не проста гэта растлумачыць дзецям, а зрабіць усё магчымае, каб яны працягвалі займацца спортам, – адзначыў Сяргей Будрэвіч. – Увогуле я перакананы, што ў кожнай біятлоннай баталіі выйграе спартсмен, а прайграе трэнер. Таму ў першую чаргу трэба шукаць свае недапрацоўкі.

Максім Казловіч, Аляксандр Фісенка, Мікіта Анішчык, Аляксей Ціхановіч, Уладзіслаў Багданенка, Дар’я Борыс, Вераніка Кармаз, Міхаіл Кісляк, Уладзіслаў Анікевіч, Вераніка Гойдзіна, Эвеліна Антановіч, Уладзіслаў Дрозд, Аляксандр Гоцка, Павел Шэшка, Павел Жыгалка – кожны з іх не раз пакараў абласны і рэспубліканскі п’едэсталы. Сярод навучэнцаў Сяргея Іванавіча практычна кожны год выяўляюцца таленавітыя біятланісты, якія пачынаюць паказваць добрыя вынікі, уключаюцца ў каманду Гродзеншчыны і перадаюцца ў вышэйшае спартыўнае звяно.


Наша размова з Сяргеем Іванавічам праходзіла ў гарадскім парку, дзе якраз ішла трэніроўка. Ён пастаянна перарываў дыялог для таго, каб пахваліць ці выказаць заўвагу юнакам і дзяўчатам, якія на лыжаролерах «наярвалі» круг за кругам. Здымаў іх на тэлефон, каб потым яшчэ раз паглядзець на сваіх навучэнцаў і скарэкціраваць іх тэхніку. Ішла трэцяя гадзіна трэніроўкі…

– І так пастаянна?

– Канешне. Спачатку размінка, потым адпрацоўка тэхнікі (ці ў парку, ці ў спартыўна-біятлонным комплексе «Сялец»), затым крос  і гімнастыка, – патлумачыў трэнер. – Зараз трэніруецца старшая група, у іх па пяць трэніровак на тыдзень. Навічкі прыходзяць тры разы, а рабяты другога года навучання – чатыры разы на тыдзень. Таксама дзеці наведваюць трэнажорную залу і басейн. Ла­дзяцца зборы і спартыўныя аздараўленчыя лагеры.


– А самі калі апошні раз станавіліся на лыжы ці стралялі?

– Не так і даўно. Я пастаянна падтрымліваю сябе ў форме, люблю іграць у тэніс, валейбол. Калі праходзілі раённыя спаборніцтвы па лыжных гонках і трыатлоне, мы таксама выстаўлялі сваю каманду з ліку работнікаў, – расказаў мой суразмоўца.

– Часта ў трэнераў пытаюць: што ў біятлоне галоўнае – лыжы ці стральба?

– У ідэале, безумоўна, важна ўсё. Але так бывае рэдка. Найчасцей біятланіст ці хуткі лыжнік, ці трапны стралок. Тады выдатны вынік у кросе ці гонцы кампенсуе памылкі ў стральбе і наадварот. Паверце, не так проста, прабегшы частку дыстанцыі, страляць, збіваючы дыханне, і зноў вяртацца на трасу, – падкрэсліў Сяргей Іванавіч. – Гэта выхаванне сілы волі, вынослівасці, умення працаваць праз «немагу». Вось чаму займацца біятлонам карысна будзе любому дзіцяці. Я не ведаю людзей, якім бы гэтыя якасці не спатрэбіліся ў жыцці.

«Сям’я – мой надзейны тыл»

– У Вас двое дзяцей. Хацелі б, каб яны таксама звязалі жыццё з біятлонам ці іншым відам спорту?

– Толькі калі яны самі гэтага захочуць, – шчыра прызнаецца Сяргей Будрэвіч. – У Дар’і ёсць неабходныя задаткі – яна добра стаіць на лыжах, спрабавала ўжо і страляць. Але цяпер ёй больш цікава творчасць – яна пастаянная ўдзельніца розных школьных мерапрыемстваў. Сын Аляксей яшчэ наведвае дзіцячы сад, таму пакуль рана гаварыць пра яго здольнасці.


– Сям’я – мой гонар. Я вельмі ўдзячны сваёй жонцы Алене. Без яе разумення і падтрымкі я наўрад ці змог бы рэалізавацца ў прафесіі, – сказаў напрыканцы Сяргей Іванавіч. – Бо мы, трэнеры, вымушаны шмат часу праводзіць на працы, якая не абмяжоўваецца рабочым днём. Што зробіш, калі ў нас дзве сям’і?.. Нашы родныя і нашы выхаванцы.

Анастасія Зайко, «НЖ»