Юбілей горада – добрая нагода для ацэнкі зробленага.
– Сяргей Аляксандравіч, з якімі дасягненнямі горад будзе адзначаць свой юбілей?
– Навагрудку ёсць чым ганарыцца. Усе сферы эканомікі працуюць вынікова, дэманструюць станоўчую дынаміку. За восем месяцаў гэтага года прамысловымі прадпрыемствамі выраблена прадукцыі на суму 235 мільёнаў рублёў, што на 12 адсоткаў больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Развіваюцца гандлёвыя адносіны прадпрыемстваў раёна з замежнымі краінамі. Мы пастаўляем нашу прадукцыю ў 22 краіны свету.
Добра спрацавала сельская гаспадарка. За восем месяцаў гэтага года валавая вытворчасць прадукцыі склала амаль 91 мільён рублёў, тэмп росту – 110,4 адсотка.
Стабільна развіваецца сацыяльная сфера. Добрыя вынікі дэманструюць сістэма адукацыі раёна, установы аховы здароўя і сістэма сацыяльнай абароны насельніцтва.
– Як змяніўся Навагрудак да свята?
– Рыхтуючыся да свята, многае атрымалася зрабіць. Ідзе капітальны рамонт дваровых тэрыторый дамоў №18 і №30 па вуліцы Чэхава, а таксама дома №16 па першым завулку Валчэцкага. На дзевяці вуліцах выкананы работы па рамонце часткі дарогі суцэльным асфальтаваннем. Праведзены рамонт помніка Невядомаму Салдату ў гарадскім скверы. Абуладкоўваецца сквер па вуліцы Міцкевіча, дзе з’явяцца пешаходныя дарожкі і малыя архітэктурныя формы. З прыцягненнем сродкаў ПРААН праведзена мадэрнізацыя вулічнага асвятлення – на цэнтральных вуліцах горада ўстаноўлена 400 новых святлодыёдных ліхтароў з магчымасцю кантролю асветленасці. Падчас правядзення святочных мерапрыемстваў запланавана ўрачыстае адкрыццё «Уязной брамы» па вуліцы Валчэцкага.
– З чым Вы як кіраўнік горада звязваеце будучыню Навагрудка?
– Будучыня Навагрудка – гэта людзі, якія будуць тут жыць і працаваць. Для гэтага неабходна ствараць камфортныя ўмовы. У гэтым годзе ўвялі ў строй жылы дом, працягваецца будаўніцтва 49-кватэрнага дома. У гэтым жа мікрараёне будуць пабудаваны яшчэ як мінімум чатыры жылыя дамы. Будзем адкрываць новыя вытворчасці. Дадатковыя магчымасці ў гэтым накірунку адкрывае СЭЗ «Гроднаінвест», у склад якой уваходзіць наш раён. Спадзяёмся, Навагрудчына стане такім жа цэнтрам турызму, як Нясвіж, Тураў, Полацк.
– А чым Навагрудчына прывабная для турыстаў?
– Гэта адзін з непаўторных рэгіёнаў Беларусі, дзе шмат помнікаў гісторыі і архітэктуры. Руіны Навагрудскага замка, што размешчаны на адной з самых высокіх кропак Беларусі (323 метры над узроўнем мора) – Замкавай гары, Фарны касцёл, Любчанскі замак і многія іншыя аб’екты прыцягваюць турыстаў. Адным з найпрыгажэйшых азёраў Беларусі з’яўляецца возера Свіцязь, размешчанае на тэрыторыі Свіцязянскага ландшафтнага заказніка. Не менш знакамітае возера Літоўка, апетае ў творах Адама Міцкевіча... Зусім нядаўна адкрыта адноўленая капліца роду Карповічаў на тэрыторыі былой сядзібы Чамброў. Развіваецца турыстычная інфраструктура: вядзецца будаўніцтва гасцініц, аб’ектаў грамадскага харчавання. Ёсць у нас месцы і для аматараў актыўнага адпачынку і адпачынку на прыродзе. Гэта аграсядзібы, турысцка-паляўнічыя комплексы ў Любчы і Навасадах, спартыўна-біятлонны комплекс «Сялец». І гэта толькі частка таго цікавага, што можна расказаць аб Навагрудчыне.
Радуе, што больш як 60 адсоткаў турыстаў, якія наведалі Навагрудак у мінулым годзе, – гэта замежныя грамадзяне.
У раёне многае робіцца для таго, каб зрабіць край яшчэ больш прывабным для турыстаў і, канешне, для мясцовых жыхароў. Людзі – наша галоўнае багацце. Віншую землякоў з юбілеем горада і жадаю ўсім моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, каб у кожнай сям’і панавалі ўзаемаразуменне і добры настрой.
Алена Ганцэвіч, «НЖ»