Наш горад невыпадкова выбраны месцам правядзення форуму. Кіраўніком дзяржавы вызначаны курс на развіццё малых населеных пунктаў, стварэнне ў іх камфортных умоў для пражывання. Навагрудак з’яўляецца адным з флагманаў у сферы ўстойлівага развіцця малых гарадоў. Сёння з упэўненасцю можна сказаць, што ў справе развіцця аднаўляльных крыніц энергіі Навагрудак на некалькі крокаў наперадзе іншых рэгіёнаў. Навагрудскі раён ужо апярэдзіў усю рэспубліку ў цэлым і паступова набліжаецца да краін Еўропы па павелічэнні аднаўляльных крыніц энергіі ў спажыванні энергарэсурсаў. Навагрудак стаў другім пасля Полацка горадам Беларусі, які ў 2012 годзе далучыўся да Пагаднення мэраў, узяўшы на сябе абавязацельствы скараціць выкіды вуглякіслага газу да 20%. У 2017 годзе Навагрудак стаў пілотным горадам праекта «Зялёныя гарады», і сёння ён з’яўляецца дастойнай базай для дэманстравання вопыту. У нас знаходзіцца самы вялікі ветрапарк у Беларусі. У цяперашні час у Навагрудскім раёне працуе 20 ветракоў. У аграрным каледжы з’явілася новая спецыяльнасць па ахове навакольнага асяроддзя, а ў бальніцы – новая сістэма гарачага водазабеспячэння, якая выкарыстоўвае энергію сонца.
Цяпер перад нашым горадам адказная місія – прыняць эколагаў з усёй Беларусі, таму ў раёне актыўна ідзе падрыхтоўка да такой знакавай падзеі. Як расказаў «НЖ» начальнік Навагрудскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Павел КРАЙНІК, праграма мерапрыемства арыентавана на выкананне даручэнняў Прэзідэнта па навядзенні парадку на зямлі і азеляненні, стварэнне спрыяльных умоў пражывання ў гарадах, эфектыўнай сістэмы абыходжання з адходамі, захаванне біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці для будучых пакаленняў.
– Спецыяльная тэма форуму – «Устойлівае развіццё малых гарадоў: глабальныя выклікі і лакальныя рашэнні». Удзельнікі форуму змогуць абмяняцца вопытам у пытаннях аховы навакольнага асяроддзя, удасканалення вытворчага працэсу з памяншэннем колькасці адходаў ад вытворчасці, укаранення праектаў па энергазберажэнні і энергаэфектыўнасці, – расказаў Павел Крайнік. – Дэлегацыі з усіх абласцей і горада Мінска, а таксама госці форуму – прадстаўнікі экалагічных службаў з Польшчы, Швецыі, Славакіі, Ізраіля, Малдовы, Украіны наведаюць як гістарычна-культурныя, так і экалагічныя аб’екты нашага горада, дзе пазнаёмяцца з укаранёнымі ў вытворчасць прыродаахоўнымі тэхналогіямі. Будзе ўрачыста адкрыта дубова-ліпавая алея, якая высаджана падчас рэспубліканскага суботніка. У ходзе дзелавой часткі форуму адбудзецца пасяджэнне секцый «Вада», «Біяразнастайнасць. Адходы», «Зялёная эканоміка».
Шырокая экалагічная праграма падрыхтавана і для гараджан, бо галоўнай мэтай форуму з’яўляецца як мага больш прывабіць грамадзян у прыродаахоўны рух, павышэнне экалагічнай культуры насельніцтва, прапаганда беражлівага выкарыстання прыродных рэсурсаў. Зразумела, асноўныя мерапрыемствы – адкрыццё і закрыццё форуму, спецыялізаваная выстаўка дасягненняў рацыянальнага прыродакарыстання і недапушчэння забруджвання, святочны гала-канцэрт, – адзначыў Павел Крайнік. – Перад навагрудчанамі і гасцямі мерапрыемства з канцэртнымі праграмамі выступяць ансамбль танца, музыкі і песні «Белыя росы», вакалісты Пётр Ялфімаў, Тэа і тэлевядучая Вольга Рыжыкава.
На працягу двух дзён будуць працаваць выстаўкі, праводзіцца семінары, экалагічныя акцыі, канцэртныя праграмы, узнагароджанне прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў за значны ўклад у справу аховы навакольнага асяроддзя. У рамках правядзення XV Рэспубліканскага экалагічнага форуму ў г. Навагрудку адбудзецца ўрачыстае адкрыццё гарадской вуліцы, якая аснашчана сістэмай «разумнага» святлодыёднага асвятлення.
Энергаэфектыўная мадэрнізацыя гарадскога асвятлення праведзена праектам «Беларусь: Падтрымка зялёнага горадабудаўніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі» («Зялёныя горады»), які фінансуецца Глабальным экалагічным фондам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.
У зялёным горадзе «разумнае святло» кіруецца сістэмамі кантролю асвятлення. Гэтыя сістэмы ўлічваюць наяўнасць людзей, транспарту, асветленасць і час сутак, каб уключаць і выключаць асвятленне, тым самым эканомячы электраэнергію і грошы.
Не менш насычаная праграма чакае гасцей і жыхароў форуму і ў другі дзень мерапрыемства, – прыадкрывае далей сакрэты правядзення маштабнага мерапрыемства начальнік інспекцыі Павел Крайнік. – У вёсцы Мотча будзе адкрыта пасля рэканструкцыі абуладкаваная крыніца і ўстаноўлена малая архітэктурная форма. На возеры Маладзёжнае пройдзе акцыя зарыблення. У вадаём будуць выпушчаны белы амур, сом еўрапейскі і шчупак. У сувязі з чым з 7 чэрвеня на возеры будзе ўведзена забарона на лоўлю рыбы. Таксама ў рамках форуму будзе закладзена альпійская горка і высаджана алея «сямейных дрэў» на вуліцы Драздовіча. Да акцыі далучацца маладыя сямейныя пары. Акрамя таго, запланавана мерапрыемства і па-за межамі горада.
Навакольны свет – адна з галоўных духоўных каштоўнасцей чалавека. Усе людзі розныя, таму ўсе мы любім розныя віды прыроды. Аднак не ўсе ведаюць, як правільна карыстацца дарамі навакольнага свету. І экскурсія па экалагічнай сцежцы на тэрыторыі ландшафтнага прыродаахоўнага заказніка «Свіцязянскі» дапаможа адказаць на ўсе пытанні па гэтай тэме. Маршрут бярэ свой пачатак ад санаторыя «Свіцязь» і накіроўваецца да гасцявога комплексу Навагрудскага лясгаса.
Разам з тым начальнік інспекцыі заўважыў, што ёсць моманты, якія пакуль не хочацца асвятляць у прэсе, каб застаўся элемент сюрпрызу для навагрудчан. Асабліва шмат іх і для самых юных удзельнікаў мерапрыемства. Дзеці – наша будучае, і яны не толькі будуць вучыцца, але і дзяліцца сваімі ведамі ў сферы беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя. У рамках форуму будзе працаваць маладзёжная пляцоўка «Зялёныя школы для зялёнага будучага», дзе будуць праведзены майстар-класы па рабоце «зялёных школ», маладзёжных экалагічных ініцыятыў. Працаваць маладзёжная пляцоўка будзе ў гарадскім скверы і раённым Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.
Наш рэгіён шмат у чым унікальны дзякуючы ветрагенератарам і сонечным батарэям, якія з’яўляюцца дадатковымі крыніцамі атрымання электраэнергіі за кошт альтэрнатыўных крыніц. Аднак не трэба забывацца пра тое, што яе можна не толькі вырабляць, але і эканоміць. Павышэнне энергетычнай і экалагічнай эфектыўнасці вельмі актуальна як для Навагрудчыны, так і для Беларусі.
Спадзяёмся, што такое маштабнае мерапрыемства будзе карысным не толькі для навагрудчан, а і для ўсіх неабыякавых людзей да навакольнага асяроддзя. А вопыт «зялёнага» развіцця будуць пераймаць іншыя гарады нашай квітнеючай краіны.
Даведка «НЖ»:
Рэспубліканскі экалагічны форум праводзіцца ў Беларусі з 2003 года. У розныя гады мерапрыемствы праводзіліся ў Оршы, Горках, Полацку, Браславе, Мядзелі, Рэчыцы, Гродне, Брэсце, Маладзечне, Бабруйску, Мазыры, Мінску, Віцебску. Форум арганізуецца Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пры садзейнічанні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, міжнародных арганізацый і партнёраў.
Вольга Пісар, «НЖ»