
Штогод работнікі аддзела рамёстваў запрашаюць навагрудчан і гасцей горада наведаць велікодную выстаўку: пагрузіцца ў атмасферу духоўнасці і творчасці, палюбавацца прыгожымі і арыгінальнымі вырабамі мясцовых умельцаў. І сёлета майстры Навагрудчыны прадставілі свае работы на тэму Вялікадня, а ў выставачнай зале аддзела рамёстваў вітае святочны настрой.



– Велікодны дэкор дапамагае спаўна пранікнуцца атмасферай свята, а творчыя работы майстроў, выкананыя ў розных жанрах і тэхніках, заўсё ды карыстаюцца ўвагай і попытам у насельніцтва, – расказалі загадчык аддзела Вольга Крака і кіраўнік народнага клуба майстроў народнай творчасці «Каляровая альтанка» Наталля Клімко. – На выстаўцы прадстаўлены разнастайныя вырабы ручной работы, створаныя як майстрамі аддзела і клуба, так і школьнікамі і навучэнцамі каледжаў, наведвальнікамі аддзялення дзённага знаходжання ТЦСАН, а таксама з фондаў аддзела. Імкнуліся стварыць святочны настрой. Асабліва шмат гасцей сабралася ў дзень адкрыцця выстаўкі. І нездарма: іх чакала цікавая і насычаная праграма. Пра шматвяковыя традыцыі Вялікадня прысутным расказаў настаяцель храма «Неспадзяваная Радасць» протаіерэй Вадзім Кузьміч.


Дэкаратыўныя велікодныя яйкі, саламяныя вырабы, вышыўка з традыцыйным беларускім арнаментам, кампазіцыі з прыроднага і дэкаратыўнага матэрыялу, вязаныя і тэкстыльныя цацкі, сурвэткі, ткацтва, лапікавае шыццё. Ад вербачак да размаляваных яек, упрыгожванняў святочнага стала і інтэр’еру. Ад прадстаўленых у розных тэхніках работ разбягаюцца вочы.


Майстры аддзела рамёстваў таксама прадставілі Навагрудчыну на свяце «Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня», дзе абменьваліся вопытам, размаўлялі і нават вучылі дзяцей маляваць па шкле.



Выстаўка «Пяшчота велікодных тварэнняў» напоўнена радасцю і творчасцю. Кожны наведвальнік можа акунуцца ў атмасферу свята, даведацца больш аб традыцыях і культуры.

«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |