Общество

Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Навагрудскага раёна: з клопатам да людзей "залатога ўзросту"

Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Навагрудскага раёна: з клопатам да людзей "залатога ўзросту"

01 октября 2019 2422

Пажылыя людзі з’яўляюцца для нас, маладых, крыніцай мудрасці. Сваім прыкладам яны выхоўваюць у нас працавітасць, мэтанакіраванасць, добразычлівасць. Жыццё іх было нялёгкім: ваеннае ліхалецце, цяжкія пасляваенныя гады, няпростая праца на прадпрыемствах і ў сельскай гаспадарцы… Нам трэба вучыцца мужнасці і жыццялюбству ў гэтых паважаных людзей, а самі яны заслугоўваюць павагі і ўвагі.

Дзеля таго, каб палепшыць якасць жыцця людзей старэйшага ўзросту, створаны і працуюць цэнтры сацыяльнага абслугоўвання. Пра дзейнасць сацыяльнай службы, структурныя падраздзяленні мы даведаліся, наведаўшы Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Навагрудскага раёна. Пра яго работу расказвае дырэктар цэнтра Арына ГУРЫНА.

– Менавіта старасць робіць некалі здаровых і моцных людзей нядужымі, а нярэдка і адзінокімі. І тут на дапамогу прыходзяць сацыяльныя работнікі, якія здольны не толькі зразумець чужыя праблемы, але і дапамагчы ў іх вырашэнні, – адзначае Арына Георгіеўна. – У ТЦСАН працуе некалькі аддзяленняў. Работнікі цэнтра імкнуцца ўсіх акружыць увагай і клопатам. Так, спецыялісты аддзялення пярвічнага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназавання выяўляюць грамадзян, якім патрэбна дапамога, вызначаюць віды сацыяльных паслуг. Надомнае абслугоўванне пажылых людзей, інвалідаў рэалізуецца праз аддзяленне сацыяльнай дапамогі дома, якое дапамагае грамадзянам знаходзіцца ў хатніх умовах і не пазбаўляе іх звыклай абстаноўкі. Абслугоўванне дома з’яўляецца адной з самых актуальных і найбольш прымальных форм сацыяльнай работы. Дапамога людзям, якія па розных прычынах апынуліся ў складаным жыццёвым становішчы, – першачарговая задача аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі. Такія фарміраванні, як аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў, даюць магчымасць чалавеку з фізічнымі абмежаваннямі рэалізаваць сябе ў дзейнасці, атрымаць пэўныя працоўныя навыкі, знайсці сяброў. Да гэтага года аддзяленні былі размешчаны ў розных месцах, а сёння нам адведзены два будынкі па вуліцы Леніна, 59 і 59А. Гэта зроблена для зручнасці аказання паслуг. І звязана найперш з тым, што пашыраюцца віды паслуг, у якіх маюць патрэбу малазабяспечаныя і шматдзетныя сем’і, адзінокія людзі, пенсіянеры, інваліды. Урачыстае адкрыццё Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Навагрудскага раёна адбудзецца падчас святкавання юбілею горада.

alt alt alt alt alt alt alt

У навагрудчан вялікую запатрабаванасць мае аддзяленне дзённага знахо­джання для грамадзян пажылога ўзросту. І падчас нашага наведвання цэнтра тут праходзілі заняткі гуртка фізкультурна-аздараўленчай гімнастыкі «Крыніца здароўя». Удзельнікам гуртка прапануюцца дазіраваныя нагрузкі з улікам узросту і захворванняў. Гурток наведвае васямнац­цаць чалавек. Яшчэ адным з самых любімых гурткоў з’яўляецца «Папяровая лаза», дзе жанчыны плятуць з газетных трубачак дамавікоў, розныя карзінкі. З задавальненнем прыходзяць на заняткі Лілія Буткевіч, Галіна Жандарава, Тамара Балыка і Ніна Лях, завітвае і загадчыца аддзялення Алена Скварада.

– У нашай дружнай «сям’і» амаль шэсцьдзясят чалавек. Незнаёмых раней людзей аб’ядналі агульныя інтарэсы, многія здружыліся. У нас можна заняцца любой справай па душы, а таксама вывучыць камп’ютарную грамату, атрымаць кансультацыі па любым пытанні. Мы разам абмяркоўваем, арганізоўваем і праводзім розныя мерапрыемствы і экскурсіі, – расказвае загадчыца аддзялення дзённага знаходжання Алена Скварада. – Толькі сёлета наведвальнікі «Клуба падарожнікаў» здзейснілі больш за дзясятак паездак па Беларусі.

alt alt alt alt alt alt alt

Сустрэўшыся з наведвальнікамі цэнтра, я ўпэўнілася, што тут створаны ўсе неабходныя ўмовы для таго, каб прадстаўнікі «залатога ўзросту» не адчувалі сябе адзінокімі, а ўспрымалі гэты перыяд жыцця як час для цікавага адпачынку, сустрэч, знаёмстваў…

Вольга Пісар, «НЖ»