Ва ўрочышчы «Мелавыя горы» ў г. Гродне прайшоў абласны турысцкі злёт навучэнцаў. Традыцыйнае выніковае мерапрыемства было прысвечана 75 годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і Сусветнаму дню турызма.
За кубкі пераможцаў змагаліся 16 каманд з 13 раёнаў вобласці. Сёлета наш раён прадстаўляла дэлегацыя з дзвюх груп юных турыстаў Навагрудскага раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
У склад групы «Б» увайшлі ўдзельнікі аб’яднання па інтарэсах «Турызм і спартыўнае арыентаванне» Максім Бузук, Ганна Шумская, Аліна Цвірко, Валерыя Ёрш, Віталій Манкевіч, Максім Пісарук, Анастасія Цвірко і Максім Шайпук. Трэнер каманды – педагог дадатковай адукацыі Н.В. Кручкова.
Групу «А» прадстаўлялі навучэнцы аднайменнага аб’яднання па інтарэсах: Аляксандр Брухавецкі, Максім Арцюх, Міхаіл Ашманкевіч, Дар’я Мікулка, Іван Скварада і Кацярына Усенка. Трэнер каманды – педагог дадатковай адукацыі А.Б. Нарута. Чацвёрты год запар удзел у турзлёце прымаюць вучні з Любчанскай сярэдняй школы Артур Станкевіч і Лаўрэнцій Траян.
Арганізатары мерапрыемства падрыхтавалі цікавую, насычаную спаборніцтвамі і конкурсамі праграму. У першы дзень злёту ўдзельнікаў чакала турысцкая эстафета, якая складалася з воднага, веласіпеднага і пешаходнага этапаў, а таксама спартыўнага арыентавання на мясцовасці. Адначасова праходзілі конкурс турысцкай фатаграфіі «У аб’ектыве – турызм» і конкурс турысцкіх навыкаў і побыту. Увечары юнакі і дзяўчаты пераўвасабляліся ў акцёраў і дэманстравалі свае здольнасці падчас прадстаўлення каманды.
У другі дзень злёту ўдзельнікі спаборнічалі на кароткай каманднай дыстанцыі па тэхніцы пешаходнага турызму. Яшчэ юныя турысты-мастакі прынялі ўдзел у конкурсе турысцкіх газет «Будні злёту».
Завяршальны дзень злёту паднёс для дзяцей і моладзі сапраўдны сюрпрыз – іх чакала займальная квэст-гульня «У пошуках скарбаў», дзе узнагародай былі салодкія падарункі.
Усе школьнікі стараліся, прыкладалі максімум намаганняў, дэманстравалі выдатна адпрацаваныя турысцкія навыкі і творчыя здольнасці. У выніку навагрудскія турысты ніжэй за пятае месца ў выніковых табліцах не апускаліся.
Так, каманда групы «Б» стала пераможцай на кароткай каманднай дыстанцыі, у эстафеце і спартыўнай праграме злёту. Уся дэлегацыя Навагрудчыны заняла II месца ў конкурсе турысцкіх газет, III месца ў конкурсе турысцкіх навыкаў і побыту, а таксама заваявала Гран-пры ў конкурсе турысцкай фатаграфіі.
Віншуем пераможцаў і прызёраў і іх трэнераў. Так трымаць. Жадаем не ўпусціць занятыя пераможныя пазіцыі!
Ірына Мацко,
загадчык аддзела ЦТДіМ