Дашкольны ўзрост – адносна невялікі, але вельмі значны адрэзак часу ў жыцці кожнага з нас. Менавіта ў гэты перыяд пачынаецца працэс сацыялізацыі, усталёўваецца сувязь дзіцяці са светам людзей, прыроды, прадметным светам, адбываецца далучэнне да культуры і агульначалавечых каштоўнасцей, закладваецца падмурак здароўя. Зрабіць дзяцінства яркім і шчаслівым, выхаваць гарманічную і творчую асобу, здольную змяніць сябе і навакольны свет па законах прыгажосці і гармоніі – у гэтым бачаць сваю місію педагогі ясляў-сада №4 г.Навагрудка.
– Больш чым 50 гадоў таму расчыніў свае дзверы для юных навагрудчан наш яслі-сад. Вядома, за паўстагоддзе ва ўстанове многае змянілася. Нязменным заста-лося адно: дружны калектыў прафесіяналаў, сэрцы якіх напоўнены любоўю да дзяцей і сваёй справы, – адзначае загадчык ясляў-сада №4 Наталля Гушчынская. – Ва ўстанове дашкольнай адукацыі гарманічна супрацоўнічаюць спецыялісты з розным педагагічным стажам. Практычна палова педагогаў працуюць тут ужо больш чым 20 гадоў. Апошнія гады калектыў папаўняецца маладымі, адказнымі, мэтанакіраванымі кадрамі. Гэта забяспечвае пэўную стабільнасць і пераемнасць у педагагічнай дзейнасці, захаванне традыцый і ўкараненне інавацый. Калектыў дзіцячага сада заўсёды рады сустрэчы з дзецьмі і гатовы да супрацоўніцтва з бацькамі. Усе пытанні, якія датычацца выхавання, адукацыі і здароўя выхаванцаў, ва ўстанове вырашаюцца разам. – Сёння з гонарам магу сказаць, што наш невялікі, але вельмі ўтульны дзіцячы сад – гэта маленькая чароўная краіна, у якой кожнае дзіця сагрэта цяплом, невычэрпнай энергіяй, творчым натхненнем дарослых, – гаворыць Наталля Мікалаеўна. – Штодня мы працуем для таго, каб дапамагчы дзіцяці раскрыцца, быць творчым і знаходлівым, думаць крытычна, умець ажыццяўляць выбар, ставіць і вырашаць праблемы, быць ініцыятарам змяненняў у тых ці іншых жыццёвых сітуацыях, любіць і шанаваць родную мову, традыцыі і культуру беларускага народа, клапаціцца пра іншых людзей і навакольнае асяроддзе.
Лічбы і факты
1966 год – адкрыццё ўстановы дашкольнай адукацыі,
6 узроставых групдзейнічае ў яслях-садзе №4,
107 выхаванцаў наведвае дзіцячы сад,
32 работнікі складаюць калектыў установы,
15 педагогаў ажыццяўляюць адукацыйны працэс.
Бяспечнае дзяцінства
Ахова жыцця і здароўя дзяцей – адна з прыярытэтных задач, якую паставілі перад сабой адміністрацыя і педагогі ўстановы дашкольнай адукацыі. Не менш важна, лічаць яны, – навучыць дзіця клапаціцца аб сабе і сваім здароўі, пазнаёміць яго з правіламі бяспечных паводзін у быце, на прыродзе і на дарозе. Растлумачыць, якія сітуацыі з'яўляюцца небяспечнымі і што рабіць у выпадку іх узнікнення.
– Задача дарослых – дапамагчы дзіцяці спасцігаць свет, пры гэтым не весці яго за руку, а ісці побач, – упэўнена намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Ірына Малькоўская. – У яслях-садзе створаны ўсе ўмовы для фарміравання ў дзяцей асноў бяспечнай жыццядзейнасці. У групах абсталяваны куткі бяспекі, а тры гады таму ва ўстанове пачалі функцыянаваць пакой бяспекі і тэматычная веранда па бяспецы жыццядзейнасці. Тут сістэматычна праходзяць інтэрактыўныя гульні, забавы, конкурсы, накіраваныя на развіццё ў выхаванцаў свядомага стаўлення да свайго здароўя і жыцця, адпрацоўваюцца практычныя навыкі паводзін у выпадку ўзнікнення той ці іншай небяспечнай сітуацыі.
З вялікай цікавасцю паназірала за тым, як у пакоі бяспекі дзеці гулялі ў ролевую гульню «Выратавальнікі».
– Калі здарыцца бяда, мы ведаем па якім нумары тэлефанаваць – 112. Выратавальнікі прымчацца нам на дапамогу, – гавораць выхаванцы старэйшай групы Іван Вайцяховіч і Валерыя Ляпешка (на здымку)
.Валерыя – актыўная ўдзельніца творчых конкурсаў па пажарнай бяспецы, летам у ліку іншых прадстаўляла ўстанову на аглядзе-конкурсе «Я б у выратавальнікі пайшоў». Юныя канкурсанты развучвалі вершы, афармлялі трохколавы веласіпед і педальны аўтамабіль, і нават знялі відэаролік пад назвай «Пажарны экспрэс». Паспяховае выступленне выхаванцаў ясляў-сада папоўніла скарбонку перамог установы дыпломам III ступені.
Вясёлыя тапатушкі
Многія бацькі, калі выбіраюць для свайго дзіцяці які-небудзь цікавы занятак, часта спыняюцца менавіта на танцах. Харэаграфія, як ніякае іншае мастацтва, валодае велізарнымі магчымасцямі для паўнавартаснага эстэтычнага ўдасканалення дзіцяці, яго гарманічнага духоўнага і фізічнага развіцця. Не здзіўляе, што платная адукацыйная паслуга звыш вучэбнага плана «Вясёлыя тапатушкі» запатрабаваная і любімая выхаванцамі ясляў-сада №4.
Заняткі праходзяць пад кіраўніцтвам вопытнага педагога Святланы Савіцкай. – Усе дзеці з вялікім задавальненнем танцуюць, таму што маюць пастаянную патрэбнасць у руху. Танцы даюць дзіцяці магчымасць эмацыянальна выразіць сябе, далучыцца да свету прыгожага, дастаўляюць яму радасць, падымаюць настрой, з ранніх гадоў прывіваюць добры густ, – расказвае Святлана Валянцінаўна, якая больш чым чвэрць стагоддзя працуе ў гэтай установе дашкольнай адукацыі. – Аднак танец выкарыстоўваецца не толькі як сродак мастацка-эстэтычнага выхавання дзяцей. Заняткі танцамі добра дысцыплінуюць.
Займальна, у працэсе гульні, выконваючы розныя рухі і практыкаванні, дзіця ўмацоўвае апорнарухальны апарат, развівае каардынацыю і арыентацыю ў прасторы. Вялікую ўвагу педагог надае сучасным танцам, выкарыстанню яркіх атрыбутаў і імправізацыі на сваіх занятках.
Маё, беларускае, роднае, кроўнае
«Беражлівыя адносіны да роднага слова, нацыянальнай культуры, гісторыі сваёй краіны неабходна выхоўваць у дзяцей з ранняга ўзросту», – упэўнены педагогі ясляў-сада №4.
Кожны чацвер ва ўстанове ўсе заняткі, гульні, арганізацыйныя моманты праводзяцца на беларускай мове.
– Любоў да Радзімы немагчыма ўявіць без любві да роднай мовы, – гаворыць выхавальніца сярэдняй групы Наталля Дораш. – Нашы выхаванцы заўсёды з павагай і гонарам прамаўляюць беларускія словы, цікавяцца значэннем новых для іх слоў. Прыемна адзначыць, што беларускамоўны дзень знайшоў свой працяг і дома – бацькі таксама актыўна выкарыстоўваюць беларускае слова ў зносінах з дзецьмі.
Да слова, у наступным годзе па жаданні бацькоў у яслях-садзе плануецца адкрыць беларускамоўную групу.
Вуснамі дзяцей
Традыцыйна спыталі ў выхаванцаў установы адукацыі, за што яны любяць свой дзіцячы сад.
– У маім дзіцячым садзе самыя лепшыя выхавальнікі. Святлана Іванаўна і Вольга Аляксандраўна – вельмі добрыя, – гаворыць Аліна.
– Мне падабаецца гуляць са сваімі сябрамі ў лега, – дадаў Данііл.
– Мяне ў групе чакаюць Каміла і Саша. Гэта мае лепшыя сяброўкі, з імі весела і цікава, – расказвае Ксенія.
– Калі ў нас атрымліваецца прыгожа пісаць, выхавальніца дае прызы. А яшчэ – у дзіцячым садзе смачна кормяць, – адзначыў Уладзіслаў.
Слова бацькам
Аляксандра Ляпешка:
– Яслі-сад №4 з задавальненнем наведваюць двое маіх дочак. Вельмі задаволены і ўмовамі знаходжання, і стаўленнем да дзяцей. Памятаю, як хвалявалася, калі чатыры гады таму вяла старэйшую дачку першы раз у дзіцячы сад. Усе страхі хутка развеяліся. Дзякуючы вопыту і добразычліваму стаўленню Валянціны Канстанцінаўны Дудкевіч, дзіця хутка адаптавалася да новых умоў. За малодшую дачку зусім не перажывала. Была ўпэўнена: яна ў надзейных руках. І іншыя педагогі знайшлі індывідуальны падыход да дзяцей, занялі любімымі справамі, раскрылі іх таленты. Уважлівыя, мудрыя выхавальнікі ясляў-сада №4 заўсёды знаходзяць агульную мову і з бацькамі. У групах ніколі не ўзнікае канфліктных сітуацый, а гэта пра многае гаворыць.
Іна Вайцяховіч:
– Напэўна, усім бацькам хочацца, каб дзіцячы сад стаў для іх сына ці дачкі сапраўдным домам, дзе кожнае дзіця любяць і паважаюць. Домам, у якім дзецям утульна і камфортна. Менавіта такім месцам стаў для маіх дзяцей яслі-сад №4. Пасля закрыцця ясляў-сада №1 мы перавялі двайнятак сюды – Ваня і Жэня хутка ўліліся ў новы калектыў. Вельмі ўдзячны выхавальнікам Аліне Раманаўне Дучыц і Алене Дзмітрыеўне Якаўлевай – яны выдатныя педагогі. За апошнія два гады бачу вялікі скачок у развіцці дзяцей – яны сталі больш самастойнымі, цікавяцца кнігамі, самі спрабуюць падпісваць святочныя паштоўкі. Хочацца сказаць дзякуй усяму калектыву ясляў-сада за складаную, але такую важную і патрэбную работу.
Таццяна Сазановіч, «НЖ»