Общество

Віншаванне з Наражэннем Хрыстовым пробашча парафіі Святога Міхала Арханёла Юрыя Жэгарына

Віншаванне з Наражэннем Хрыстовым пробашча парафіі Святога Міхала Арханёла Юрыя Жэгарына

25 декабря 2024 6

Шаноўныя браты і сёстры ў Хрысце Пану! Некалькі гадоў таму Папа Францішак у адным са сваіх пасланняў узгадаў аб значэнні і каштоўнасці ясляў, у якім напісаў, што Божае Нараджэнне паказвае пяшчоту Бога: «Дар жыцця, які сам па сабе заўсёды таямнічы, яшчэ больш зачароўвае нас, калі бачым, што Народжаны Марыяй з’яўляецца крыніцай і падтрымкай кожнага жыцця. У Езусе Айцец даў нам брата, які выходзіць шукаць нас, калі мы заблыталіся і губляем напрамак; верны сябар, які заўсёды побач з намі; даў нам свайго Сына, які прабачае нам і ўздымае нас з грахоў».

Божае Нараджэнне – усведамленне праўды, што Бог блізкі да чалавека. У Каталіцкай Царкве мы асабліва перажываем гэтую блізкасць падчас Эўхарыстыі. Святы Францішак Асізскі рэкамендаваў пабудаваць першыя яслі ў Грэча ў 1223 г. Фігура Нованароджанага Езуса спачывала ў цені алтара, дзе ўрачыста цэлебравалася святая Імша, каб паказаць сувязь паміж Уцелаўленнем Сына Божага і Эўхарыстыяй. У гэтай першай батлейцы не было іншых фігур, таму што вакол Езуса былі вернікі і яны былі супольнасцю, якая вітала Сына Божага. Спасылаючыся на гэты красамоўны вобраз, жадаю ўсім, каб святая Імша заўсёды была вопытам блізкасці да Бога.

Парафія Святога Арханёла Міхала ў Навагрудку ў 2024 годзе асаблівым чынам дасведчыла блізкасць Бога і яго дапамогі! Перш за ўсё адыходзячы год быў годам вялікага юбілею – 400-годдзя нашага прыгожага храма. На працягу года адбылося шмат духоўных і культурніцкіх падзей, якія наведалі тысячы чалавек. Варта сказаць таксама пра тое, што з Божай дапамогай былі адрэстаўраваныя ўсе гістарычныя капліцы на тэрыторыі нашага раёна – у в. Мількавічы, аг. Гарадзечна і на старых могілках у Навагрудку, а таксама былі расчышчаныя руіны касцёла ў в. Суляцічы.

Пры Міхайлаўскім касцёле адбылося шмат рэкалекцый, у якіх прынялі ўдзел каталікі з розных куткоў нашай краіны, а таксама першы музычны майстар-клас па літургічных спевах і арганнай музыцы. Наш музычны гурт падарыў цудоўны духоўны канцэрт для грамадзян, якія пражываюць у аддзяленні кругласутачнага знаходжання. На працягу года адбыліся два евангелізацыйныя курсы з рэкалекцыямі, а таксама агульнабеларускі семінар для служыцеляў А-курса. У красавіку разам з біскупам Уладзімірам, ардынарыем Гродзенскай дыяцэзіі, для наведвання была ўрачыста адкрыта крыпта Святога Дамініка і біскупа Віта, дзе спачываюць фундатары касцёла і манахі-дамініканцы, якія служылі на працягу многіх стагоддзяў у Навагрудку. Дарэчы, крыпта стала пунктам прыцягнення для вялікай колькасці наведвальнікаў. Наш храм у гэтым годзе прыняў удзел ва Усебеларускім арганным фестывалі з сямі канцэртаў «Ars Magna Organi», які наведалі сотні чалавек з Беларусі і замежжа. У канцы жніўня, упершыню ў касцёльным двары, адбыўся вялікі канцэрт класічнай музыкі ў выкананні сімфанічнага аркестра, прысвечаны 400-годдзю касцёла св. Міхала Арханёла і 980-годдзю горада. Было шмат мерапрыемстваў з дзецьмі і моладдзю – супольна арганізаваныя батлейкі, пантамімы, рэкалекцыі і экскурсіі. Прайшла штогадовая пакутная рэкалекцыя-малітва за нашу краіну з удзелам біскупа Уладзіміра Гуляя, а таксама святарскія рэкалекцыі. Для дзяцей прайшлі «Канікулы з Богам» і выяздныя рэтрыты на прыродзе для моладзі. Шмат было мерапрыемстваў з міністрантамі, якіх у гэтым годзе стала на 15 чалавек больш. Зараз наша міністранцкая супольнасць налічвае ўжо каля 50 чалавек, малодшым з якіх 7 гадоў, а старэйшаму 77 гадоў. З міністрантамі ў гэтым годзе праводзіліся рэкалекцыі, экскурсіі і майстар-класы. З дзецьмі і моладдзю быў падрыхтаваны і запісаны відэаролік з Вялікапоснай песняй. На працягу ўсяго года два разы на тыдзень праводзіліся катэхітычныя сустрэчы для моладзі. Наладзілася супрацоўніцтва са школамі нашага горада, і шмат груп навучэнцаў старэйшых класаў наведала касцёл і крыпту. Як і кожны год, крыху іншым шляхам, адбылася пешая пілігрымка да Маці Божай у Тракелі – упершыню супольна з вернікамі з Дзятлава. Напярэдадні кульмінацыйнага святкавання ў наш храм была ўрачыста ўнесена дакладная копія Маці Божай Замкавай. Былі таксама арганізаваны конкурсы, прымеркаваныя да юбілею касцёла: конкурс дзіцячага малюнка і віктарына па веданні гісторыі для старэйшай моладзі. З нагоды юбілею былі выдадзены буклеты нашага храма і падрыхтаваны юбілейны фотаальбом. 28 – 29 верасня наш храм святкаваў свой 400-гадовы юбілей, які сабраў вялікую колькасць дастойных гасцей на чале з біскупам Гродзенскай дыяцэзіі. У лістападзе прайшоў чацвёрты па ліку малітоўны кангрэс у абарону ненароджанага жыцця і хрысціянскіх сямейных каштоўнасцей. А некалькі дзён таму наш храм стаў дыпламантам Рэспубліканскага конкурсу «Пазнай Беларусь» у намінацыі «Аб’ект рэлігійнага турызму».

Вельмі радуе тое, што ў наша парафіяльнае жыццё ўключаецца ўсё больш і больш людзей, якім выказваем вялікую падзяку і абяцаем малітоўную падтрымку! Жадаю, каб у Новым 2025 годзе нас было яшчэ больш, поўных гатоўнасці і энтузіязму служыць Богу і Яго Касцёлу. А тым, хто шукае і сумняваецца, жадаю, каб Божае Дзіця прынесла дапамогу і святло веры. Шчыра віншую ўсіх з радаснымі, сямейнымі, свабоднымі ад зямных клопатаў урачыстасцямі Божага Нараджэння! Таксама перадаю самыя цёплыя пажаданні Божага супакою на надыходзячы 2025 год!

«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |