Нараджэнне Хрыстова адзначаюць хрысціяне ўсяго свету, незалежна ад таго, да якой канфесіі яны належаць. 25 снежня галоўную рэлігійную падзею года сустрэнуць каталіцкія вернікі. Нарэшце, людзі, якія правялі Адвент у пакаянні і ачышчэнні душы, падышлі да Раства з чыстым сэрцам і светлымі намерамі, змогуць адчуць сапраўдную калядную радасць і падзяліцца ёй з бліжнімі.
Традыцыі святкавання Раства налічваюць многія стагоддзі, і сучасныя каталіцкія вернікі імкнуцца дбайна іх выконваць. У Адвент – выконваюць пост, моляцца, імкнуцца рабіць толькі добрыя справы і наведваюць асаблівыя храмавыя службы, падчас якіх успамінаюцца падзеі першага прышэсця Хрыста. У гэты ж час храмы і дамы вернікаў упрыгожваюцца «Вянкамі Адвенту», зробленымі з яловых галінак. У вянок уплятаюць чатыры свечкі: «Прароцтва», «Віфлеемская», «Пастухоў» і «Анёлаў» і ў кожную нядзелю Адвенту іх па чарзе запальваюць. Атрымліваецца, што з кожным тыднем набліжэння да Раства ў касцёлах і дамах становіцца ўсё святлей.
Непасрэдна перад святой ноччу, як толькі на небе загарыцца першая вячэрняя зорка, вернікі накіроўваюцца ў храм, а хто не мае такой магчымасці, моліцца дома. Затым уся сям’я збіраецца за святочным сталом. Вегілійная вячэра – галоўны абрад напярэдадні Раства. Бель вегілійнага абруса нагадвае пра бездакорную чысціню алтара, чысціню людскіх сэрцаў, думак і памкненняў. Жменя сена пад абрусам сімвалізуе яслі, у якіх спаў маленькі Езус у Віфлееме. Пасля малітвы родныя дзеляцца аплаткай (вельмі тонкі белы лісток прэснага хлеба з каляднымі малюнкамі) і гавораць адзін аднаму пажаданні. Даць аплатку – значыць ахвяраваць іншаму чалавеку сваю ўдзячнасць і прабачэнне, падзяліцца сваёй дабрынёй.
У дні падтрыхтоўкі і святкавання Нараджэння Хрыстова ў каталіцкіх прыходах заўсёды шмат увагі ўдзяляецца дзецям. Святары ўпэўнены, калі хлопчыкі і дзяўчынкі з самага ранняга ўзросту будуць разумець важнасць і сапраўднае значэнне свята, ведаць, як правільна рыхтавацца і сустракаць Раство, то ў будучым яны вырастуць шчырымі вернікамі і ўжо ў сваіх сем’ях абавязкова будуць захоўваць хрысціянскія традыцыі.
Настаяцель касцёла Святога Казіміра аграгарадка Уселюб ксёндз Віталій Цыбульскі:
– Хрысціянства – гэта не міф і не легенда, гэта не філасофія і не тэорыя. Хрысціянства – гэта гістарычная асоба Езуса Хрыста. Бог нарадзіўся ў чалавечым абліччы, і з тых часоў жадае нараджацца зноў – цяпер духоўна ў нашых сэрцах.
Бог бяссільны перад таямніцай чалавечай волі і злосці, перад таямніцай чалавечага сэрца. Ён не хоча браць нашы сэрцы сілай. Праз нараджэнне Езуса і з дапамогай Багародзіцы Марыі ён нам кажа: Божая любоў дзейнічае. Ён сапраўды добры, нават калі не паказвае сябе ўсемагутным у справе збаўлення нас ад крыжоў і жыццёвых выпрабаванняў.
Хачу пажадаць усім людзям узброіцца прастатой, пакорай і чыстым сэрцам, каб вы змаглі разгледзець у немачы маленькага дзіцяці ўсемагутнасць Бога. Езус нам часта паўтарае: «Калі не будзеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае». Таксама ён адкрыў нам, што мы – умілаваныя дзеці Нябеснага Айца. Быць як дзеці, адчуваць надзейную руку Бацькі, быць упэўненымі ў яго абароне, нічога не баяцца – гэта адчуваюць тыя, хто верыць свайму Бацьку. Гэта адчуваюць тыя, хто адчыніў сваё сэрца для Бога.
Са святам, з Наражэннем Хрыстовым! І благаславі ўсіх Гасподзь…Падрыхтавала Анастасія Пятрова, "НЖ"