Общество

У Навагрудку ўшанавалі памяць благаслаўлёных сясцёр-назарэтанак

У Навагрудку ўшанавалі памяць благаслаўлёных сясцёр-назарэтанак

01 августа 2019 3773

Сёлета споўнілася 76 гадоў са дня мучаніцкай смерці благаслаўлёных сясцёр-назарэтанак з Навагрудка. Яны былі расстраляны ў Батароўскім лесе 1 жніўня 1943 года. У памяць аб ахвярнай смерці сясцёр-назарэтанак рымска-каталіцкай манаскай абшчыны «Кангрэгацыя сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта» ў Наваградку прайшлі памятныя мерапрыемствы.

Сёстры ахвяравалі сваё жыццё за 120 чалавек, арыштаваных і прыгавораных да расстрэлу. Смяротнае пакаранне было заменена для арыштаваных на работы ў Германіі (затрыманыя былі вывезены 24 ліпеня, а некаторыя вызвалены). Усе вывезеныя перажылі вайну. Сёстры былі беатыфікаваны 5 сакавіка 2000 года папам Янам Паўлам ІІ.

У мерапрыемствах удзел прынялі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, святары Гродзенскай і Пінскай дыяцэзій, удзельнікі пілігрымкі з Гродна і Новай Мышы, удзельнікі пілігрымкі на веласіпедах з Крамяніцы. Прысутнічалі члены сям’і благаслаўлёнай сястры Раймунды з Літвы і Польшчы, святары, сёстры законныя і шмат вернікаў з Навагрудчыны і з замежжа краіны.

У Батароўскім лесе, месцы, дзе 76 гадоў таму разгарнуліся драматычныя падзеі, цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

alt alt alt alt alt alt alt alt alt alt alt alt alt alt alt alt alt

Падчас Эўхарыстыі маліліся таксама аб беатыфікацыі сястры Малгажаты Банась – дванаццатай назарэтанкі з Навагрудка, якая пазбегла мучаніцкай смерці.

У гэтым месцы сустрэліся дзве цалкам супрацьлеглыя рэчаіснасці, два розныя светы: уражваючая нянавісць, насілле і пагарды да Бога і чалавека сустрэлася з бязмернасцю любові і святасці, ахвяры і прысвячэння, – адзначыў біскуп Аляксандр Кашкевіч. – Смерць назарэтанак не была выпадковай, а была ахвярай, прынесенай Богу з любові да бліжняга. Гэтая незвычайная ахвяра была дапаўненнем той любові да Бога і людзей,якую давалі сёстры ў сваім штодзённым жыцці падчас сваім служэння ў Навагрудку.

Пасля Імшы прысутныя мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі благаслаўлёных назарэтанак і памаліцца, стоячы на каленях на той зямлі, якая была акроплена крывёю мучаніц.

Вольга Зачосава, «НЖ»