Ад хобі да прафесіі
Гавораць, што здольнасць да творчасці – гэта дар і ён ёсць амаль у кожнага чалавека. У адных ён выяўляецца з самых малых гадоў, у другіх – крыху пазней пад уплывам добрага настаўніка ці натхнення ад убачанага. А бывае і зусім нечакана чалавек пачынае ствараць нешта прыгожае сваімі рукамі. Так, захапляючыся творамі іншых майстроў, з’явілася жаданне стварыць нешта падобнае ў метадыста-майстра Вольгі Юшкевіч. Асновы саломапляцення Вольга Міхайлаўна асвоіла сама, а паступова прыйшло і майстэрства. Сёння на рахунку вопытнага майстра больш за 500 саламяных цудаў.
– Я музыкант па адукацыі, – гаворыць Вольга Міхайлаўна. – Давялося спачатку працаваць мастацкім кіраўніком у Заполлі, затым метадыстам у метадычным цэнтры, а ў Цэнтры рамёстваў працую з самага яго адкрыцця, з 2001 года. Падчас працы метадыстам вывучала мастацтва Навагрудчыны, часта ездзілі ў экспедыцыі, збіралі фальклор, стваралі картатэку майстроў раёна. Вось тады і захапіла мяне саломапляценне. Гэты прыродны матэрыял прыцягнуў асаблівай, цёплай, душэўнай прыгажосцю. Лічу, што ў рабоце з саломкай ёсць нейкая магічная прыцягальнасць. Толькі злёгку яе намочыш – і яна «ажывае» ў руках. Той, хто аднойчы гэта адчуў, становіцца прыхільнікам гэтага віду мастацкага рамяства назаўжды. Так і я сёння не ўяўляю сябе без саломкі, саламяных вырабаў.
Першыя работы Вольгі Міхайлаўны былі не плеценыя, а формаскладаныя – венічкі, кольцы, павукі. Прайшоў пэўны перыяд, і майстар зразумела, што можа зрабіць нешта падобнае да тых вырабаў, што бачыла і якія яе некалі захаплялі. Ездзіла на курсы па саломапляценні, аднак на курсах даюць толькі асновы, сакрэтамі майстры дзеляцца неахвотна. Сёння дасведчаны майстар з замілаваннем стварае рэчы, якія людзі выкарыстоўваюць у жыцці. Яна пляце аб’ёмныя скульптурныя работы:
цукерніцы, падносы, скрыначкі, а таксама пляце какошнікі, аклады на абразы, лялькі, птушак, жывёл, саламяныя кветкі, сувенірную прадукцыю. Шмат работ майстра ў калекцыі Цэнтра рамёстваў, але больш у прыватных, нямала работ і за мяжой. Вольга Міхайлаўна перадае свае веды і вопыт маладым майстрам цэнтра, адначасова вучыцца і ў іх. Яна кіраўнік аматарскіх аб’яднанняў клубных устаноў раёна, курсаў, з задавальненнем і юныя навагрудчане наведваюць майстар-класы і гурткі па саломапляценні пад кіраўніцтвам выдатнага майстра.
Вопыт, набыты з гадамі
Святлана Кулак займаецца як традыцыйным, так і сучасным саломапляценнем. Прадметы, якія майстар стварае з саломкі, адрозніваюцца асаблівай вытанчанасцю і стылем. Часта госці нашага горада ў напамін аб наведванні Навагрудка атрымліваюць у падарунак сувеніры «Кветкі васількі», «Беларускія лапцікі», «Туфлік Свіцязянкі», «Навагрудскі замак». Іх аўтарам з’яўляецца майстар-метадыст Святлана Кулак, а сёлета яна ўзначаліла раённы Цэнтр рамёстваў.
Захапілася саломапляценнем Святлана Мікалаеўна падчас вучобы ў Мірскім мастацкім вучылішчы, куды паступіла па парадзе бацькоў. Думала, што атрымае адукацыю і больш ніколі не будзе займацца інкрустацыяй, рабіць вырабы з саломкі. І так было першыя некалькі гадоў, калі працавала ў Няўдзянскім сельскім клубе, затым – бібліятэцы. Лёс распарадзіўся па-свойму: з 2008 года Святлана Кулак працуе ў Цэнтры рамёстваў і гэтаму рада.
Сёння Святлана Мікалаеўна майстар з вялікім стажам і багатым вопытам. У яе спрытных руках саломка лёгка ператвараецца ў аплікацыі, аб’ёмныя фігуры і ў інкрустацыю на вырабах. Заўсёды ў пошуку новых цікавых брэндаў для вырабу ўнікальнай сувенірнай прадукцыі. Яна стварае вялікія пано ў тэхніцы аплікацыі саломкай: «Навагрудскі замак», «Лебедзі», «Ружы», «Усе фарбы лета», шматлікія пано з кветкамі.
І мала хто ведае, але працэс вырабу з саломкі пачынаецца задоўга да таго, як майстар сядзе за працоўнае месца. Штогод у сярэдзіне ліпеня, калі каласы ўжо не зялёныя, але яшчэ не пераспелыя, работнікі Цэнтра рамёстваў выходзяць у поле з сярпамі, бо салома пасля камбайна не падыходзіць для працы, таму нарыхтоўваюць матэрыял уручную. Работнікі цэнтра ўдзячныя кіраўнікам гаспадарак ААТ «Кашалева-Агра» і ААТ «Ладзенікі» (зараз СУП «АграМалДар»), якія з разуменнем ставяцца да іх просьбаў і адводзяць участкі для нарыхтоўкі матэрыялу.
– Саломку мы любім за прыгажосць і цяпло, залацісты колер, бо пры ўмелай апрацоўцы яна ператвараецца ў незвычайныя творы мастацтва. Для народных абрадаў з саломы плялі вянкі, вязалі снапы, майстравалі фігуркі. Мабыць, больш нідзе ў свеце няма такой разнастайнасці ў выкарыстанні гэтага незвычайнага матэрыялу, які дорыць энергію сонца. І чым даўжэй
працую з саломай, тым цікавей знаходзіць ідэі для новых работ, шукаць новыя формы для іх увасаблення, – прызналася майстар. – Часам, калі ідзеш у адпачынак, пачынаеш сумаваць па любімай справе.
Лялькі з саломы – моцны абярэг
У свае саламяныя цуды ўкладае душу майстар народных мастацкіх рамёстваў Кацярына Сіневіч. Саломапляценне – даволі карпатлівая работа, якая патрабуе ўвагі і асаблівых адносін. І гэта ўдумлівая творчасць Кацярыне Сяргееўне прыносіць задавальненне, а па-другому майстры не працуюць і не прыступаюць да работы. Кожная ручная работа ствараецца толькі ў добрым настроі і толькі тады, калі ёсць натхненне.
– Самыя першыя мае вырабы ў Навагрудскім раённым цэнтры рамёстваў – гэта саламяныя караваі. Пасля заканчэння Мірскага мастацкага вучылішча я спачатку працавала ў Карэліцкім доме рамёстваў, але вярнулася на малую радзіму і з 2014 года працую ў Навагрудку, – расказала Кацярына Сіневіч. – Шмат аб’ёмных работ, какошнікаў, кошыкаў з кветкамі зроблена за гады працы, але нямала планаў і наперадзе. Асаблівая ў мяне любоў да лялек з саломы – яны моцны абярэг. Ствараю аўтарскія лялькі, наогул, фігуры з саломкі – не проста цацкі – гэта сімвалы, абярэгі. Лялька-маці – абаронца жанчын. Часта з дзецьмі на майстар-класах, у гуртках вучымся рабіць лялькі. Рада, што юным навагрудчанам і гасцям цікава ў нас, што атрымліваюць задавальненне не проста ад наведвання выставак, а больш рада, што не знікае цікавасць да традыцый саломапляцення.
У калекцыі маладога майстра шмат цікавых і арыгінальных вырабаў. Шмат увагі надае Кацярына вырабу традыцыйных сувеніраў. Яны заўсёды вытанчаныя і прывабныя. Да ўсіх сваіх работ майстар ставіцца з асаблівым замілаваннем. Гэта і зразумела, бо ў кожны вузельчык укладзена столькі душы і цяпла. А лялькі – сапраўдныя прыгажуні. Неаднаразова менавіта работы Кацярыны, яе незвычайнай прыгажосці лялькі займалі на конкурсах першыя месцы.
Здольнасць да творчасці – дар
«Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына ... » Менавіта спадчынай называе сваё любімае рамяство, якое стала не проста працай, а важнай часткай жыцця, майстар Алена Шульга. І сапраўды, Алене цікавасць да свету прыгажосці перадалася ў спадчыну. Адна бабуля прыгожа вышывала, а другая – любіла маляваць, дзядзька таксама быў мастаком-самавучкам. Пасля заканчэння школы Алена паступіла ў Мірское мастацкае вучылішча на спецыяльнасць «мастак па дрэве і інкрустатар з саломкі».
У Навагрудскім цэнтры рамёстваў Алена Шульга працуе па сумяшчальнасці. Асноўнае месца працы ў гандлёвым каледжы яна ўдала спалучае з цэнтрам. І хапае майстру фантазіі і працаздольнасці на стварэнне цікавых творчых работ як для калекцыі Цэнтра рамёства, так і каледжа.
Саломапляценне не асноўны від творчасці. Майстар стварае не толькі асобныя вырабы, але цэлыя кампазіцыі і серыі, дзе сумяшчае розныя тэхнікі: тэра, роспіс, саломапляценне, аплікацыю, дэкупаж, фітадызайн і інш. Для работы выкарыстоўвае розны матэрыял. У ход ідзе тканіна, лён, саломка, крупы, цеста. Але самы любімы від дзейнасці – гэта выраб лялек. Алена стварае традыцыйныя лялькі з лапікаў або з саломкі; аўтарскія – з «халоднага фарфору», а сучасныя – з тэкстылю. За што ні возьмецца Алена, усё ў яе атрымліваецца на выдатна, цікавіцца новымі відамі рукадзелля. З саломкі любіць ствараць фігуры жывёл, асаблівая любоў да коней. Іх у калекцыі Алены ўжо тры, але самы вялікі па памерах наперадзе. Розныя фігуры з саломкі – гэта не проста цацкі, гэта сімвалы бажаства, абярэгі. Конь – герой многіх павер’яў і казак – заўсёды суправаджаў мужчыну і быў яму і дарадцам, і абаронцам; каза – сімвал ураджаю і пладавітасці.
Каб вырабы атрымліваліся прыгожымі, Алена Шульга параіла ўсім, хто займаецца рукадзеллем, а тым больш саломапляценнем, працаваць у добрым настроі. Самыя галоўныя якасці, якімі павінен валодаць чалавек, які імкнецца рабіць прыгажосць, – жаданне, цярпенне, любоў.
Майстрам Цэнтра рамёстваў за час адраджэння традыцыйнага майстэрства саломапляцення Навагрудчыны ўдалося зрабіць шмат, выхаваць не адно пакаленне вучняў, стварыць мноства выдатных чароўных і непаўторных сувеніраў, якія ўпрыгож ваюць выстаўкі, прыватныя калекцыі. За ўдзел у фестывалях і творчых форумах рознага ўзроўню майстры ўзнагароджаны шматлікімі дыпломамі і граматамі. Прыемна, што навагрудскія майстры не страцілі нацыянальнага каларыту і адметнасці, захавалі традыцыі і рамяство салома пляцення.
Вольга Пісар,«НЖ»