Общество

Прыход Святога Казіміра ў аграгарадку Уселюб прыцягвае ўсё больш вернікаў, паломнікаў і турыстаў

Прыход Святога Казіміра ў аграгарадку Уселюб прыцягвае ўсё больш вернікаў, паломнікаў і турыстаў

26 декабря 2019 2800

Амаль тры гады ксёндз Віталій Цыбульскі служыць на Уселюбскай зямлі ў адным з самых старажытных храмаў краіны – касцёле Святога Казіміра. Каля паўгода таму ён расказаў, што ўвесь гэты час імкнецца да адной мэты – «ажывіць» парафію, зрабіць яе жыццё актыўным і насычаным. Завяршэнне года – добрая падстава, каб падвесці папярэднія вынікі.

 

– Духоўнае жыццё прыхаджан – гэта самае важнае. Калі ў сэрцы верніка няма Езуса, то нельга гаварыць аб тым, што святар нясе сваё служэнне правільна, – лічыць ксёндз Віталій. – Заступніцай нашай парафіі з’яўляецца Маці Божая Новага жыцця. Акрамя штотыднёвай святой імшы, у першую суботу кожнага месяца мы молімся Маці Божай і просім яе покрыва для парафіі і ўсіх людзей. Вельмі прыемна, што ў гэтым годзе павялічылася колькасць дзетак, якіх мы ахрысцілі, і сямейных пар, якія павянчаліся. І гэта не толькі мясцовыя жыхары. Важным складнікам духоўнага жыцця сталі рэкалекцыі (духоўныя практыкаванні для людзей рознага ўросту). Я імкнуся паказаць вернікам, што, незалежна ад узросту, прафесіі, занятасці, можна жыць з верай у душы і пры любых абставінах знойдзецца час для Бога. Мне хочацца, каб людзі духоўна ўзбагаціліся, па-новаму паглядзелі на сябе і сваё жыццё.



Праграма рэкалекцый уключае ўдзел у богаслужэннях, супольныя малітвы, гутаркі на самыя розныя тэмы, агульныя справы на тэрыторыі касцёла і нават гульні на свежым паветры. За мінулы год у гэтых духоўных сустрэчах, якія былі прысвечаны разнастайнай тэматыцы, прынялі ўдзел каля 300 маладых і дарослых хрысціян з Навагрудка, Мінска, Гродна, Ліды, Іўя, Дзятлава і інш. Усе рэкалекцыі ксёндз Віталій арганізуе і праводзіць сам. У планах на пачатак будучага года, які ўжо зусім блізка, арганізаваць у парафіі Святога Казіміра курс «Альфа». Гэта яшчэ адно вельмі важнае і цікавае духоўнае мерапрыемства, якое ладзіцца для паглыблення ў асновы хрысціянскай веры.



– Вельмі старанна ў гэтым годзе мы папрацавалі на добраўпарадкаванні храма і прылеглай тэрыторыі, якую назвалі «Даліна Эйн-Керэм» (у перакладзе «Крыніца вінаграду»), – працягвае размову настаяцель. – Тут абуладкавалі невялікі вадаём з пірсам, устанавілі арэлі, вялікую альтанку з лаўкамі і столікамі, вулічныя гульні, вырабленыя з дрэва спецыяльна для нашай парафіі, пасадзілі вінаграднік, маліну, заклалі сад з пладовых дрэў. Мы хацелі зрабіць тэрыторыію касцёла не проста прыгожай, а месцам, дзе кожны чалавек зможа пабыць з Богам, сам-насам з сабой, правесці час з блізкімі людзьмі.



Вялікай культурнай падзеяй не толькі для гэтай мясцовасці, але і ўсяго раёна стаў І Казіміраўскі фэст #РАЗАМ, які адбыўся на тэрыторыі касцёла ў сярэдзіне жніўня. Удзельнікамі мерапрыемства сталі больш як 350 чалавек. Сярод іх не толькі навагрудчане, але і жыхары іншых рэгіёнаў.



У рамках фэсту дзейнічалі шматлікія тэматычныя зоны, ладзіліся бяспройгрышныя латарэі і розыгрышы, працавалі музей пад адкрытым небам, выстаўкі-продажы, летнія кафэ, праходзілі майстар-класы мясцовых майстроў. На галоўнай сцэне выступілі аматарскія калектывы і артысты Навагрудчыны і іншых раёнаў.



– Я шчыра ўдзячны кожнаму, хто выступіў у ролі суарганізатара, і лю­дзям, якія завіталі на наша свята. Спадзяюся, што ў наступным годзе фэст пройдзе яшчэ больш маштабна, – выказаў надзею ксёндз Віталій. – Уселюбская зямля мае вельмі багатую гісторыю і духоўную культуру, сюды прыязджаюць людзі з усёй Беларусі і замежжа, але не так шмат, як хацелася б. Мару аб тым, каб паломнікаў і турыстаў станавілася ўсё больш, каб наш край ведалі далёка за яго межамі і імкнуліся сюды.


Менавіта для гэтага ксёндз Віталій і яго памочнікі зараз працуюць над сайтам прыхода, дзе будзе змешчана інфармацыя аб гісторыі касцёла, запланаваных рэкалекцыях і іншых духоўных мерапрыемствах, арганізацыі паломніцтваў і экскурсіях і інш.

– Цёплага, добрага, сямейнага Нараджэння Хрыстова, – пажадаў напрыканцы ксёндз Віталій. – Я шчыра жадаю, каб не толькі гэтыя святочныя дні, а ўсё жыццё хрысціяне проводзілі з Богам у душы. Пусціце Хрыста ў сваё сэрца і вы ўбачыце, як ваша жыццё зменіцца, напоўніцца любоўю і дабрынёй. Са святам!

 

Анастасія Пятрова, “НЖ”

Фота з архіва прыхода і рэдакцыі



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group», ищите только самые интересные новости по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup