Общество

Прэм’ера спектакля «Без Ягора будзе гора» артыстаў народнага клуба аматараў тэатра «Мудрасць Плюс» адбылася ў Навагрудку

Прэм’ера спектакля «Без Ягора будзе гора» артыстаў народнага клуба аматараў тэатра «Мудрасць Плюс» адбылася ў Навагрудку

25 марта 2022 1326

24 сакавіка на сцэне Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці адбылася прэм’ера спектакля «Без Ягора будзе гора» артыстаў народнага клуба аматараў тэатра «Мудрасць Плюс».

Аматарскае аб’яднанне «Мудрасць Плюс» (першапачатковая назва «Элегія») было створаны ў 2014 годзе на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. З 2017 года працягвае сваю дзейнасць пад новай назвай – аматарскае аб’яднанне – клуб аматараў тэатра «Мудрасць Плюс» і дзейнічае на базе Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Ідэйным натхняльнікам і стваральнікам, першым і нязменным кіраўніком, рэжысёрам з’яўляецца Іна Гайба.

Тэатральнае аб’яднанне «Мудрасць Плюс» – пляцоўка для самарэалізацыі пенсіянераў. Тут людзі старэйшага ўзросту вучацца акцёрскаму майстэрству, сцэнічнай мове. Творчая атмасфера клуба вабіць удзельнікаў сваёй добразычлівасцю, узаемапавагай.

Спектакль па п’есе Васіля Ткачова «Без Ягора будзе гора» чацвёртая пастаноўка ў рэпертуары народнага клуба. Упершыню ўдзельнікі клуба выступілі з п’есай Кацярыны Мятлік «Мудрая маладосць». З часам з’явіліся новыя спектаклі – па п’есе Васіля Ткачова «Жаночы вулей» і пастаноўка жартоўнай інсцэніроўкі Галіны Бразюль «Ну, мужыкі!». Усе пастаноўкі аматрскага аб’яднання толькі на беларускай мове. Амаль за восем гадоў артысты паспелі выступіць на шматлікіх сцэнах Гродзенскай вобласці, паўдзельнічаць у конкурсах і атрымаць званне народнага клуба.

Сюжэт новай пастаноўкі аматараў тэатра блізкі і знаёмы кожнаму з нас. У вёсцы Шкірдзюкі, некалі шумнай і вясёлай, засталіся толькі трое жыхароў-пенсіянераў: дзве жанчыны і мужчына – дзед Ягор. Ён – адзіны прадстаўнік «моцнага» полу і таму часта дапамагае сваім суседкам справіцца з бытавымі пытаннямі. Ягор прапануе суседцы-ўдаве Наталлі Паўлаўне ўласнае сэрца. Праўда, жаданне Ягора і Наталлі Паўлаўны злучыць свае лёсы і жыць разам непакоіць яшчэ адну гераіню п’есы – Лізавету Акрошку, якая праз усё жыццё пранесла цёплыя пачуцці да мужчыны.

Рэжысёр пастаноўкі Іна Гайба выдатна падабрала ролі для кожнага акцёра-аматара, якія не проста іграюць на сцэне, а пражываюць важныя моманты жыцця разам са сваімі героямі.

Спектакль падымае шмат сацыяльных і маральных праблем: знікаючыя вёскі, непаразуменні паміж бацькамі і дзецьмі, адзінокая старасць і разам з тым любоў, увага да бліжніх, трапяткія пачуцці да малой радзімы. У пастаноўцы злучаюцца смех і слёзы, гумар з сур'ёзнымі разважаннямі пра сэнс і каштоўнасці чалавечага жыцця.


Падчас спектакля гледачы разам з артыстамі смяяліся, дарылі шчырыя апладысменты і перажывалі за няпросты лёс вёскі і яе жыхароў. Пастаноўка нікога не пакінула раўнадушным.

Пасля завяршэння спектакля ўсім удзельнікам былі ўручаны падарункі ад пастаянных спонсараў кампаній «Белита» і «Витекс».


Вольга Пісар, «НЖ»