Общество

Навагрудскі раён адзначае 80-гадовы юбілей. А вы ведаеце, як усё пачыналася?

Навагрудскі раён адзначае 80-гадовы юбілей. А вы ведаеце, як усё пачыналася?

15 января 2020 3133

15 студзеня Навагрудскі раён адзначае свой 80-гадовы юбілей. Менавіта ў гэты дзень у 1940 годзе быў выданы Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, згодна з якім у заходніх абласцях Беларусі быў утвораны 101 раён, у тым ліку Навагрудскі і Любчанскі, якія ўваходзілі ў склад Баранавіцкай вобласці. 

Вырашана па волі народа

Для Навагрудчыны, так як і для ўсіх астатніх зямель, вызваленых у выніку восеньскага паходу Чырвонай арміі 1939 года, падзеяй асаблівай важнасці стала правядзенне 28-30 кастрычніка ў Беластоку Народнага сходу Заходняй Беларусі. У гэтыя дні афіцыйна пачалася юрыдычная працэдура ўстанаўлення на яе тэрыторыі новага – савецкага дзяржаўнага ладу, а таксама ўключэння ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.


Форум, аб якім ідзе гаворка, можна па праве лічыць з’явай унікальнай. Па-першае, па сваёй дэмакратычнасці: згодна з палажэннем, удзельнічаць у выбарах у Народны сход мелі права ўсе жыхары, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, незалежна ад расавай і нацыянальнай прыналежнасці, веравызнання, адукацыйнага цэнзу, сацыяльнага паходжання, маёмаснага становішча і мінулай дзейнасці.

Удзел у галасаванні і яго вынікі па горадзе Навагрудку і Навагрудскай воласці былі ўнушальнымі: у ім удзельнічала больш за 98 % тых, хто меў права голасу. За кандыдатаў у дэпутаты галасавала звыш 92% выбаршчыкаў у маштабе воласці і каля 99% у г. Навагрудку. Навагрудчане выбралі сваімі дэлегатамі ў Народны сход Марыю Чэрнік, Ф.Г. Ясевіча, У.А. Кулакоўскага, А.В. Мальца, В.Р. Каляду, Г.Ф. Радзюка, Р.Р. Жука, В.С. Карася, Д.М. Рачынскага, І.І. Лускача і іншых.


Дэталёва аб выніках выбараў на гэтае маштабнае мерапрыемства пісала раённая газета «Звязда» № 247 (6524) ад 26 кастрычніка 1939 г.

«Усяго па Заходняй Беларусі было 929 выбарчых акруг і 6109 выбарчых участкаў па выбарах у Народны cход Заходняй Беларусі.

Па даных акруговых выбарчых камісій зарэгістравана выбранне 927 дэпутатаў, якія з’яўляюцца кандыдатамі, выстаўленымі сялянскімі камітэтамі, часовымі ўпраўленнямі, сходамі рабочых на прадпрыемствах, сходамі рабочай гвардыі і сходамі інтэлігенцыі.

З агульнага ліку 2 763 191 выбаршчыка ў галасаванні на выбарах у Народны cход Заходняй Беларусі прымала ўдзел 2 673 280 выбаршчыкаў, што складае 96,71 %».


Да новага жыцця

З энтузіязмам прыняліся працоўныя Навагрудчыны за будаўніцтва жыцця на новай аснове: пачаўся цяжкі працэс па ліквідацыі эканамічнай і культурнай адсталасці свайго краю.

Адразу былі нацыяналізаваны ўсе прадпрыемствы горада. Уступілі ў строй дызельная электрастанцыя, хлебапякарня, паліклініка. Пачалі працу дзве школы, адкрылася педагагічнае вучылішча, банк, пошта-тэлеграф, грамадскія сталовыя. Выканкам прыняў рашэнне аб пашырэнні вытворчых магутнасцей валюшнай фабрыкі, рэканструкцыі чарапічна-кафлянага завода, аб будаўніцтве бальніцы. Дзяржава выдзеліла на развіццё народнай гаспадаркі горада і раёна 20 млн рублёў.


Важнае значэнне мела і работа па ліквідацыі непісьменнасці і развіцці культуры: 35 % насельніцтва краю не ўмелі чытаць і пісаць. Праблема была не з лёгкіх – патрэбна было пасадзіць за парты і дзяцей, і дарослых. Але для гэтага не хапала нават памяшканняў. Пад школы наймалі звычайныя сялянскія хаты.

У дамах гараджан і сялянскіх хатах паступова пачало з’яўляцца радыё.

Перамены адбываліся і ў вёсцы. У 1940 годзе на тэрыторыі цяперашняга Навагрудскага раёна было створана 25 калгасаў. Гэтыя гаспадаркі, як правіла, аб’ядноўвалі сялян адной вёскі.


З успамінаў Івана Васільевіча Мальца:

“Ранняй вясной 1940 года ў Навагрудскім раёне пачалі стварацца першыя калгасы. Першы калгас быў створаны ў маёй роднай вёсцы Мольнічы, а крыху пазней і ў вёсцы Ваўковічы.

Я працаваў тады дырэктарам мэблевай фабрыкі ў г. Навагрудку. Неяк у сакавіку да мяне прыйшло некалькі сялян з в. Мольнічы. Яны расказалі, што аднавяскоўцы паслалі іх у райкам партыі з просьбай, каб арганізавалі ў вёсцы калгас да пачатку веснавой сяўбы. Але ім адмовілі.

Я тут жа напісаў ад іх імя заяву ў райкам партыі з просьбай аказаць садзейнічанне ў стварэнні калгаса. Праз некалькі дзён адбыўся агульны сход сялян вёскі. Тут жа былі выбраны праўленне калгаса і старшыня. Калгас атрымаў назву імя Кірава. Старшынёй выбралі майго бацьку Мальца Васіля Якаўлевіча”.


У Навагрудку было вырашана стварыць першую МТС (механізаваная трактарная станцыя).

Аказвалася дапамога тэхнікай і спецыялістамі-механізатарамі з усходніх абласцей Беларусі.

З успамінаў работніцы МТС Яфіміі Міхайлаўны Аляксейчыкавай:

“Прыехала ў Навагрудскую МТС, але ніякай станцыі тут яшчэ не было. На цяперашняй Першамайскай вуліцы пуставала канюшня. У ёй і вырашылі размясціць станцыю. Потым прыехалі трактарысты. Паступілі першыя дзевяць трактароў. У канцы 1940 года атрымалі некалькі малацілак. Развезлі іх па калгасах. Рыхтаваліся абмалочваць першы калгасны ўраджай”. 


Першым калгасам удзялялася вялікая ўвага, пільнай была і адміністрацыйная апека. Важна было мець прыклады калектыўнага гаспадарання. І яны ствараліся.

Калгас імя Леніна Нягневіцкага сельсавета Любчанскага раёна (старшыня Р.Ф. Петрушкевіч) у 1940 годзе атрымаў ураджайнасць зерневых па 20,8 ц/га на плошчы 132 га, бульбы – 231 ц/га, па 1570 л малака ад кожнай каровы. Калгас стаў удзельнікам Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі ў Маскве.

Пачатак Вялікай Айчыннай вайны ў чэрвені 1941 года парушыў усе планы будаўніцтва новага жыцця. Засталіся недабудаванымі школы і бальніцы, апусцелі карпусы фабрык і заводаў. Тых, каго чакала ніва, таксама апаліла вайна. Гэта быў цяжкі перыяд выпрабаванняў для ўсіх савецкіх людзей.

А ў ліпені 1944 года, пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пачаўся новы этап будаўніцтва новага жыцця пад мірным небам.


Па матэрыялах кнігі «Памяць. Навагрудскі раён»

Падрыхтавала Алена Ермакова, «НЖ»

 

Фота з архіва “НЖ” і гістарычна-краязнаўчага музея