Прайшло больш за 36 гадоў, як скончылася служба нашага земляка Міхаіла Чужаземца. Кажуць, час усё сцірае з памяці. Але Міхаіл Уладзіміравіч да гэтага часу памятае афганскія горы і цясніны, баявыя выхады, гібель таварышаў. І зноў пераглядае ўжо выцвілыя за гады фатаграфіі... З той вайны ў яго засталося ўсяго некалькі здымкаў. І кожны раз, гледзячы на іх, мужчына зноў пражывае той час…
Пасля заканчэння школы Міхаіл Чужаземец, ураджэнец Навагрудка, вучыўся ў Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы. Затым у 1973 годзе паступіў ва Ульянаўскае вышэйшае гвардзейскае танкавае вучылішча. Пасля заканчэння якога Міхаіл Уладзіміравіч 6 гадоў камандаваў падраздзяленнем марской пяхоты на Балтыцы.
– Мне было 25 гадоў, калі мяне адправілі ў Рэспубліку Афганістан. Я служыў у самы разгар баявых дзеянняў у 1983-1985 гадах. Два з паловай гады ў пастаянным напружанні. Думка – трэба вярнуцца дадому, там жонка, сын – ніколі не пакідала, – успамінае М. Чужаземец. – Першыя ўражанні аб чужой краіне, дзе ідзе вайна, былі супярэчлівыя: невыносная спякота, іншыя, нязвыклыя для савецкага народа, устоі. Але да ўсяго прывыкаеш. Наша рота ўваходзіла ў склад групы спецыяльнага прызначэння, якая была створана для знішчэння дробных груповак. Я быў камандзірам, і мы дзейнічалі ў асноўным самастойна.
На вайне як на вайне. Вярталіся на базу, залечвалі раны, рамантавалі тэхніку – і зноў у бой. Боявыя кропкі, абстрэлы. Страшна было ўсім, асабліва спачатку. Горы кругам – і невядо масць ... З часам салдаты зразумелі: горны пейзаж небяспечны. З-за любога кутка, грудка, кусціка можа напаткаць смерць. Душманы падпільноўвалі на кожным кроку. Ледзь зазяваўся салдат – куля не праляцела міма…
– У нашай роце было каля 60 чалавек. Служылі мы дружна. Беларусы, украінцы, рускія ды амаль усе нацыянальнасці былога СССР знаходзілі агульную мову – там па-іншаму ніяк, – дзеліцца мой суразмоўца. – Больш за ўсё балела сэрца за маладых, нявопытных хлопцаў, якім толькі споўнілася 18 гадоў. Але гэта ж служба, нехта ж павінен там быць. Ты павінен ведаць, за што ты адказваеш. За Радзіму!
Падчас адной з аперацый падарваўся бронетранспарцёр, у якім знаходзіўся Міхаіл Чужаземец і яго паплечнікі. Каман дзір узвода загінуў, а Міхаіла Уладзіміравіча адкінула выбуховай хваляй. Так ён атрымаў кантузію і траўму пазваночніка. Пасля вяртання з Афганістана жонка Таццяна яшчэ паўтара года падымала Міхаіла Уладзіміравіча на ногі.
– Вельмі складана было аднавіцца пасля афганскай вайны. Я доўга не мог прызвычаіцца да мірнага жыцця. Але мне хацелася развівацца і нечага дасягнуць. У 1987 годзе я паступіў у Ваенную акадэмію бранятанкавых войскаў ім. Маліноўскага ў Маскве. Пасля вучобы да распаду СССР служыў начальнікам аддзялення аператыўнай падрыхтоўкі кіравання асобнай 40-й арміі ў горадзе Алматы, – расказаў М. Чужаземец.
У 1992 годзе Міхаіл Уладзіміравіч вярнуўся на малую радзіму. Далейшае жыццё вырашыў звязаць з сілавымі структурамі – 17 гадоў працаваў начальнікам падраздзялення Навагрудскага аддзела Дэпартамента аховы. За пяць гадоў да выхаду на пенсію перайшоў працаваць у сярэднюю школу № 5 намеснікам дырэктара па гаспадарчай частцы. Сёння М. Чужаземец – падпалкоўнік у адстаўцы, кавалер ордэна Чырвонай Зоркі, узнагароджаны медалямі СССР і РБ, Граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.
– Кажуць, у кожнага пакалення ёсць свая памяць пра вайну. Гэта памяць аб тых баявых сябрах, з якімі дзялілі тушонку, памяць аб тых, хто ўжо ніколі не вернецца. У Афгана – свая памяць, і я хочу, каб гэта памяць жыла... 15 лютага мы з іншымі ветэранамі афганскай вайны збяромся як звычайна. Успомнім эпізоды, якія ўспамінаць не хочам. Нягледзячы на тое, што мы служылі і ваявалі ў розных месцах Афганістана, у розны час, нас аб'ядноўвае афганскае братэрства.
К.Вальшонак, «НЖ».