Общество

Людміла Федарчук – адна з тых людзей, якія пра турызм ведаюць калі не ўсё, то адназначна вельмі шмат

Людміла Федарчук – адна з тых людзей, якія пра турызм ведаюць калі не ўсё, то адназначна вельмі шмат

30 сентября 2020 3391

Нядаўна прафесіяналы турыстычнай індустрыі і заядлыя падарожнікі адзначылі Сусветны дзень турызму. Людміла Федарчук – адна з тых людзей, якія пра турызм ведаюць калі не ўсё, то адназначна вельмі шмат. Вось ужо 14 гадоў Людміла Мечаславаўна працуе ў гэтай галіне і не шкадуе, што яе прафесійны лёс склаўся менавіта так.

– Турызм – гэта магутны інструмент абмену культурным вопытам, наладжвання міжнародных сувязей, а таксама галіна, якая ажыццяўляе важны ўклад у эканоміку, – падкрэсліла галоўны спецыяліст аддзела турызму ўпраўлення спорту і турызму Навагрудскага райвыканкама Людміла Федарчук. – У пачатку XXI ст. турызм пачаў сваё актыўнае развіццё і да апошняга часу з’яўляўся галіной, якая развівалася вельмі дынамічна. У Беларусі і на Навагрудчыне таксама.


– Пандэмія каронавіруса адлюстравалася на турыстычнай індустрыі вельмі моцна, – з сумам канстатуе Людміла Мечаславаўна. – Але патроху жыццё вяртаецца ў прывычнае русла і, упэўнена, з часам мы нагонім упушчанае, бо жаданне падарожнічаць у беларусаў і жыхароў іншых краін нікуды не прапала. Як кажуць: лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. І ў першую чаргу трэба падарожнічаць па сваёй краіне. Што казаць, многія навагрудчане ні разу не былі ў Любчанскім замку, Доме-музеі Адама Міцкевіча, іншых вядомых месцах. Мне здаецца, што так быць не павінна.

З Бярозаўкі ў Навагрудак

– У турыстычную сферу я папала зусім выпадкова, – прызнаецца Людміла Мечаславаўна. – Дзяцінства і школьныя гады прайшлі ў Бярозаўцы. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1989 г. паступіла ва ўніверсітэт імя Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне (Польшча). Гэта была праграма, па якой для вывучэння польскай мовы накіроўваліся маладыя людзі з усёй Беларусі. СССР быў зацікаўлены ў наладжванні ўзаемасувязей з Польшчай і патрабаваліся кваліфікаваныя перакладчыкі і мовазнаўцы. Мы нават экзаменаў ніякіх не здавалі, толькі праходзілі субяседаванне ў Гродне. Ад нашай вобласці паехала вучыцца каля 50 чалавек. Праз шэсць гадоў закончыла ўніверсітэт па спецыяльнасці «польская філалогія», атрымала ступень магістра і вярнулася на радзіму. Але той краіны, якая мяне накіравала на вучобу, ужо не было.

– На час заканчэння ўніверсітэта я ўжо была замужам. Віталій сам з Навагрудка, служыў у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, і я, вядома, пераехала да мужа, – успамінае Людміла Федарчук. – Работы па спецыяльнасці не было, а сядзець без справы не магла і не хацела. Пайшла служыць па кантракце ў вайсковую часць. Гэта быў 1995 г. Праз год пайшла ў дэкрэт, потым – у другі. Вядома, працягваць службу не змагла, трэба было займацца выхаваннем дзяцей. Падчас дэкрэтнага адпачынку выкладала курсы польскай мовы, таму веды не разгубіла. Калі прыязджалі госці з Польшчы, мяне пачалі запрашаць у якасці перакладчыка. Найчасцей для правядзення экскурсій. Пазней і я сама прайшла атэстацыю экскурсаводаў.


У вір з галавой

– У 2006 годзе мне прапанавалі заняць пасаду дырэктара КУП «Навагрудак-Тур», якое на той час існавала ўсяго год, – расказвае Людміла Мечаславаўна. – Будаваць работу прадпрыемства прыйшлося з нуля. Акрамя мяне, працавалі толькі спецыяліст і бухгалтар. Канешне, было вельмі складана. Асабліва ўлічваючы тое, што ніякіх спецыяльных ведаў я не мела. Усё адбывалася метадам спроб і памылак. Шчыра скажу, што не раз узнікалі думкі зволіцца. Але турызм мяне зацягнуў. Гэта вельмі цікавая работа, хоць і поўная шматлікіх нюансаў.

– Трэба ўмець знайсці падыход да кожнага кліента, дагаворвацца з іншымі кампаніямі, прасоўваць інтарэсы свайго прадпрыемства і захоўваць яго станоўчы імідж, – адзначыла мая суразмоўца. – Пачыналі з экскурсій па Беларусі, потым сталі займацца і выязным турызмам. Спектр паслуг паступова пашыраўся, колькасць пастаянных кліентаў расла. Самі ўсё арганізоўвалі і вазілі групы. Працавалі з установамі адукацыі, прадпрыемствамі і арганізацыямі не толькі Навагрудскага, але і Карэліцкага, Іўеўскага, Дзятлаўскага раёнаў і г.п. Бярозаўка. Асабліва складаным быў час зімніх канікулаў. Экскурсіі праходзілі кожны дзень – прыехаў позна ўвечары, пераначаваў – і раніцай зноў у дарогу. Нічога, спраўляліся і паступова занялі сваю нішу ў беларускай турыстычнай індустрыі.


– Аднак у 2012 г. пытанне аб змене працы ўсё ж паўстала па стане здароўя, – падзялілася Людміла Мечаславаўна. – Ад кіраўніцтва раёна паступіла прапанова заняць пасаду спецыяліста па турызме ў райвыканкаме і заняцца развіццём гэтай сферы. Пачала з самага элементарнага – наведвала гасцініцы, месцы грамадскага харчавання, іншыя аб’екты і пад відам турыста пыталася ў людзей, што і дзе можна паглядзець у горадзе, куды завітаць у раёне. І вельмі-вельмі рэдка хто з навагрудчан мог што-небудзь параіць. Таму першая задача, якая стаяла – гэта інфармаванне. Першапачаткова рабіла спецыяльныя папкі з рознай неабходнай гасцям горада інфармацыяй. Затым пачалі праводзіць семінары для ўсіх, хто тым ці іншым чынам уплывае на развіццё турызму. А гэта вельмі шмат суб’ектаў, у тым ліку бізнесу. Імідж краю залежыць нават ад простых жыхароў, якія павінны захоўваць чысціню і парадак, быць з гасцямі ветлівымі, ведаць, што адказаць на іх пытанні ці падказаць куды звярнуцца.

Гэта цяпер пра Навагрудчыну ведаюць не толькі ў краіне, але і за яе межамі. Нашых спецыялістаў рады бачыць на рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках турыстычных паслуг. Наладжана ўзаемадзеянне з беларускімі і замежнымі СМІ. Ладзяцца рэкламныя туры для тураператараў і журналістаў Беларусі і замежжа. Гэта зараз ёсць распрацаваныя і прамаркіраваныя турыстычныя маршруты. Па ўсім горадзе і ў раёне каля розных аб’ектаў і на вуліцах устаноўлены адпаведныя шыльды, стэнды, банеры, таблічкі, шчыты, стылізаваныя ліхтары, дарожныя знакі. Працуе турысцка-­інфармацыйны цэнтр. Створаны сайт «Турызм і адпачынак на Навагрудчыне» (novtour.by), вядуцца тэматычныя старонкі ў сацыяльных сетках. Распрацавана і выдадзена шматлікая колькасць друкаванай прадукцыі. А 15 гадоў таму нічога гэтага не было.


– Найбольш папулярнымі сталі такія напрамкі, як пазнавальны, актыўны, рэлігійны, экалагічны і агратурызм. Доб­ры штуршок у развіцці турыстычнай прывабнасці раёна даў удзел у міжнародных праектах. Канешне, кожны крок рабіўся выключна пры непасрэдным удзеле і падтрымцы кіраўніцтва райвыканкама і спецыялістаў практычна ўсіх упраўленняў і аддзелаў, – дадала Людміла Федарчук. – Праходзілі рэарганізацыі і паступова ў райвыканкаме быў створаны аддзел турызму, у якім зараз нас працуе тры чалавекі. Плюс спецыяліст турысцка-­інфармацыйнага цэнтра. Кіруе ўсёй работай Кацярына Пятроўна Ківач. Каманда ў нас выдатная – сумесь вопыту і маладосці. Галоўнае, што кожны любіць сваю справу і разумее яе актуальнасць і важнасць.

Пра асабістае

– Не хочацца паўтараць вядомыя ісціны, але для мяне гэта сапраўды так: сям’я, мае блізкія і родныя – самае важнае, што ёсць у жыцці, – з бляскам у вачах гаворыць Людміла Мечаславаўна. – З мужам Віталіем мы разам больш за 25 гадоў. Зараз ён працуе  спецыялістам па ахове працы ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Дачка Юлія замужам, жыве ў Мінску. Закончыла Беларускі дзяржаўны мед­універсітэт і працуе загадчыкам аптэкі. Сын Эдуард – студэнт 5 курса Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Я вельмі ганаруся сваімі дзецьмі і больш за ўсё хачу, каб іх жыццё было толькі шчаслівае.


Адным радком

– Калі адпачынак, то які?

– Перавагу аддаём актыўнаму і цікаваму – любім падарожнічаць, ездзіць на экскурсіі і велапрагулкі. З вясны да позняй восені шмат часу праводзім на дачы. Дома люблю вязаць і гатаваць розныя стравы, самая любімая – бульбяная бабка.

– Топ-5 месц на Навагрудчыне, якія абавязкова патрэбна наведаць.

– Замкавая гара (тут жа непадалёк помнік Адаму Міцкевічу і Курган Бессмяротнасці), музей яўрэйскага супраціўлення, Любчанскі замак, Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі манастыр, Дом-музей Адама Міцкевіча.


– Што цэніце ў людзях?

– Арганізаванасць і пунктуальнасць.

– З чым не можаце мірыцца?

– З крывадушнасцю і адкрытай хлуснёй.

– Калі б мелі магчымасць сустрэцца з сабой маладой, што б параілі, каб палегчыць жыццё?

– Складанае пытанне… Мне здаецца, што ўсё прадугледзець немагчыма. Жыццё ёсць жыццё – як ні прадумвай і не страхуйся, яно ўсё роўна паднясе табе нямала сюрпрызаў.

Анастасія Пятрова, «НЖ»