8 снежня 1941 года – трагічная старонка ў гісторыі Навагрудчыны. 83 гады таму ў гэты дзень ахвярамі генацыду сталі 5000 навагрудскіх яўрэяў. «Гэта патрэбна не мёртвым, гэта патрэбна жывым» – пад такім лозунгам па ініцыятыве УК «Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей», на месцы масавага знішчэння ў в. Скрыдлева 8 снежня адбыўся рэквіем памяці.
Сярод удзельнікаў памятнага мерапрыемства – А.Л. Максімовіч, намеснік начальніка Навагрудскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, удзельнікі раённага ваенна-патрыятычнага клуба «Багіра» сярэдняй школы №4 імя П.А. Мазуры разам з кіраўніком клуба Г.К. Ігуменавай, вучні кадзецкіх класаў сярэдняй школы №7 з кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні В.А. Дзянісавым і класным кіраўніком І.В. Баярэвіч, былы работнік упраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама Н.В. Багацішчава.
Пранізлівыя словы аб ахвярах генацыду выказала Л.В. Пелудзь, старшы навуковы супрацоўнік Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея. З суперажываннем і разуменнем жаху той масавай трагедыі слухалі яе вучні і ўсе прысутныя. Са свечкамі ў руках, схіліўшы галовы перад помнікам ахвярам нечалавечых дзеянняў фашыстаў, яны добра разумелі: гэта не павінна паўтарыцца.
Каля помніка былі пастаўлены свечкі, ускладзены жывыя кветкі.
Завяршыўся рэквіем памяці хвілінай маўчання.
Бушма У. В., дырэктар, Варава А. М., навуковы супрацоўнік Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея
«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |