Общество

Настаўнік замежнай мовы Алена Чал: «Лепшыя людзі – гэта дзеці»

Настаўнік замежнай мовы Алена Чал: «Лепшыя людзі – гэта дзеці»

12 сентября 2020 3679

Перамога ў абласным і ўдзел у рэспубліканскім этапах конкурсу «Настаўнік года-2011», распрацоўка ўласных сучасных методык выкладання, кіраўніцтва тэатральным калектывам, які тры гады запар быў лепшым па выніках раённага агляду пастановак на замежнай мове, – у педагагічнай скарбонцы настаўніцы замежнай мовы сярэдняй школы № 4 Алены Чал не адзін дзясятак дасягненняў і перамог. А ў гэтым годзе Алене Уладзіміраўне пакарылася яшчэ адна прафесійная вяршыня – адзіная ў раёне, яна атрымала найвышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю «настаўнік-метадыст». А яшчэ стала пераможцай раённага конкурсу «Педагог года Навагрудчыны-2020» і ўзнагароджана Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.


Якім бывае настаўнік? Творчым, добразычлівым, мудрым…. Пры гэтым класічны вобраз настаўніка, строгага і стрыманага, можна ўжо лічыць перажыткам мінулага. Каб стаць для вучняў аўтарытэтным сябрам, памочнікам і дарадцам, сёння настаўніку мала быць прафесіяналам, трэба быць мабільным, актыўным і, як кажуць падлеткі, «у тэме», на адной хвалі з імі. На маю думку, вобраз сучаснага настаўніка – прафесіянала і вандроўніка, які заўсёды знаходзіцца ў пошуку, ідзе разам з дзецьмі цікавай і насычанай дарогай ведаў, – выдатна ўвасабляе настаўніца замежнай мовы Алена Чал.

Таленавіты настаўнік, педагог з вялікай літары, адкрыты і эмацыянальны чалавек, Алена Уладзіміраўна ў зносінах заўсёды ветлівая, энергічная і добразычлівая. Яе мяккі голас, выразныя ласкавыя вочы прасякнуты любоўю да сваіх вучняў, якіх яна ўзбагачае ідэямі і ведамі, зараджае аптымізмам і верай у свае сілы. Магчыма, гэта яе адчуванне непаўторнасці кожнага дзіцяці і робіць урокі настаўніцы цікавымі і асаблівымі.


Цудоўнае і незабыўнае

– У мяне было цудоўнае, незабыўнае дзяцінства! У ім было так шмат яркага, што мне складана выбраць нешта найбольш адметнае, – з пяшчотай гаворыць Алена Уладзіміраўна. – У мяне лепшыя на свеце бацькі! Мама Надзея Станіславаўна і тата Уладзімір Адамавіч (яго, на жаль, ужо няма з намі) зрабілі ўсё, каб у мяне было шчаслівае дзяцінства. Я расла ў атмасферы любві, клопату і пяшчоты, за што я ім бязмерна ўдзячна.

Па словах маёй гераіні, яна з дзяцінства любіла вучыцца, любіла сваіх настаўнікаў і школу. А першымі яе вучнямі былі лялькі. Яшчэ тады яна зразумела, што роля настаўніка ёй падабаецца.


– Думаю, нельга сказаць, што гэты ці той настаўнік унёс асаблівы ўклад у маё станаўленне, гэта гучала б няўдзячна. Кожны настаўнік роднай сярэдняй школы №5 укладваў у мяне веды і часцінку сваёй душы. Майстэрства маіх педагогаў, высокапрафесійных, але, у той жа час, сціплых і далікатных людзей, заўсёды служыла арыенцірам у лёсе і вызначала мой прафесійны шлях. Я памятаю кожнага настаўніка ў сваім жыцці, і ўсе яны мае любімыя, – прызналася Алена Уладзіміраўна.

Магчыма, таму і прадметы, якія марыла выкладаць на той час яшчэ вучніца Алена Траццяк, час ад часу мяняліся. Ёй падабалася і гісторыя, і хімія, але англійская мова заўсёды была прыярытэтам, таму ў рэшце рэшт на яе і была зроблена стаўка.


Быць настаўнікам – гэта выдатна

– Гады вучобы ва ўніверсітэце далі мне неабходныя веды, – працягвае нашу размову Алена Уладзіміраўна. – Я на выдатна скончыла Баранавіцкі дзяржаўны вышэйшы педагагічны каледж (цяпер Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт) і ў 2004 годзе пачала працаваць у сярэдняй школе № 4. Першыя ўрокі… Гэта і хваляванне, і перажыванні, і разам з тым – радасць. Радасць ад таго, што працуеш з дзецьмі, нарэшце займаешся любімай справай. Безумоўна, чаканні маладога педагога не заўсёды супадаюць з рэчаіснасцю. Выбраўшы прафесію настаўніка, чалавек поўны энтузіязму, жадання даваць веды дзецям, дзяліцца з імі жыццёвым вопытам, бачыць зацікаўленасць у дзіцячых вачах. А ў рэальнасці настаўнік сустракаецца з тым, што ўсе дзеці розныя, не ўсе з радасцю ідуць на яго ўрокі, некаторыя не хочуць вучыцца і слухаць настаўніка, перашкаджаюць весці ўрок. Як і многія маладыя педагогі, я таксама сутыкнулася з гэтымі праблемамі. Але расчаравання выбарам прафесіі не было.

Алена Чал упэўнена, што быць настаўнікам – гэта выдатна. І хаця настаўніцкая праца вельмі цяжкая і адказная і часта працягваецца дома: бясконцая праверка сшыткаў, складанне планаў, сцэнарыяў мерапрыемстваў не толькі днём, але і, уявіце, у сне... Аднак у іншай сферы яна сябе ніколі не бачыла.


– Настаўнік – гэта ў першую чаргу прафесіянал сваёй справы, – лічыць мая суразмоўца. – Яго неад’емныя якасці: кампетэнтнасць, душэўная чуласць, справядлівасць, адказнасць. Мне па жыцці шанцавала на сустрэчы з добрымі і шчырымі людзьмі. Вельмі ўдзячна сваім калегам, якія заўсёды падтрымліваюць мяне, дапамагаюць, падзяляюць мае прафесійныя імкненні. У сучасным свеце абнаўленне ведаў адбываецца вельмі хутка, таму важна, каб настаўнік бесперапынна ўдасканальваўся і ўмеў думаць нестандартна. Акрамя таго, я лічу, што сучасны педагог павінен быць у «трэндзе», разумець вучняў, цікавіцца тым, што цікава ім. Стараюся быць зразумелай і пачутай дзецьмі, размаўляць з імі па­сучаснаму, нават музыку слухаць тую, якую яны зараз слухаюць, каб лепш разумець іх. Але самае галоўнае, на мой погляд, – быць з імі шчырай, тады і яны будуць з табой сумленнымі.

Часцінкі маёй душы

Свой стыль зносін з вучнямі і выкладання прадмета Алена Чал лічыць дэмакратычным. Педагог упэўнена: аўтарытарызм на ўроках залішні, а педагагічных мэт прасцей дамагчыся праз шчырасць, адкрытасць, усмешкі і жарты, чым праз загады, крыкі і крытыку. Аднак пра сябе Алена Уладзіміраўна не любіць шмат гаварыць. А вось пра сваіх вучняў, ці, як яна сама гаворыць, лепшых сяброў, – можа расказваць гадзінамі.


– Сучасныя дзеці … іншыя, – разважае Алена Уладзіміраўна. – Яны не ўяўляюць свайго жыцця без Інтэрнэту і сацыяльных сетак з усімі плюсамі і мінусамі, вынікаючымі з гэтага. Мяне радуе, што моладзь мяняецца ў лепшы бок. Менш тых, хто курыць, мае шкодныя звычкі. Пры гэтым больш хлопчыкаў і дзяўчынак, якія імкнуцца вучыцца, займаюцца спортам, валанцёрствам і дабрачыннасцю. Моладзь становіцца ўсё больш актыўнай ва ўсіх сферах – у культуры, палітыцы, бізнесе, спорце.

– Я працую з самымі лепшымі людзьмі – дзецьмі, – пераканана педагог з 16-гадовым стажам. – Яны лепшыя, чым дарослыя – яны чысцейшыя, больш адкрытыя, з імі весялей. Люблю праводзіць час са сваімі вучнямі на ўроку, перапынку, у парку. Мае вучні часта прыходзяць да мяне ў госці. І так было заўсёды. Каб стаць сапраўдным настаўнікам, абавязкова трэба быць класным кіраўніком. У мяне было тры выпускі – я і сёння падтрымліваю цесную сувязь са сваімі былымі вучнямі. Гэта вельмі шчаслівыя для мяне моманты. Кожны вучань забраў часцінку майго сэрца, і калі мы збіраемся зноў разам, мая душа ажывае. Вельмі ганаруся, што большасць маіх вучняў выраслі добрымі людзьмі, знайшлі свой прафесійны шлях, дасягнулі поспеху. Мае вучні не аднойчы станавіліся пераможцамі і прызёрамі раённага і ўдзельнікамі абласнога этапаў алімпіяды па англійскай мове. Сярод іх – Антон Ермакоў, Вераніка Засімовіч, Віктар Лагута, Дзмітрый Бандзюкевіч, Ліза Бусько, Паліна Станчык.


Прафесіянал і цікавая асоба

Настаўнік замежнай мовы, намеснік дырэктара па навукова-метадычнай рабоце гімназіі № 2, настаўнік-метадыст, кіраўнік раённага кінаклуба аматараў англійскай мовы «Films and Movies» і школьнага тэатральнага аб’яднання – на педагагічным шляху Алены Чал былі розныя прыступкі. Бясспрэчна адно: кожная надавала ўпэўненасці, спрыяла прафесійнаму росту, удасканальвала яе майстэрства вучыць і вучыцца. Аднак галоўнае – у педагогіцы Алена Уладзіміраўна не па пасадзе, а па прызванні і стану душы.

– Заўсёды імкнуся быць шчырай са сваімі вучнямі, паважаць асобу дзіцяці. «Каб быць добрым педагогам, трэба любіць тое, што выкладаеш. І любіць тых, каму выкладаеш, несці ў сабе, у сваёй настаўніцкай сутнасці тое, што хочаш выхаваць у сваіх вучнях», – так казаў вялікі гісторык Васіль Ключэўскі. На мой погляд, гэта і ёсць самы важны прынцып настаўніцкай працы, – падсумавала Алена Уладзіміраўна.


Дзякуючы эрудыраванасці, мэтанакіраванасці і адкрытасці, Алена Чал с поспехам рэалізоўвае шматлікія адукацыйныя праекты і ўкараняе інавацыйныя метады. А сакрэт яе педагагічнага майстэрства просты: быць прафесіяналам у сваёй справе і цікавай асобай для сваіх вучняў. Магчыма таму, яна адной з першых у раёне стварыла школьны тэатральны калектыў «Wings», які паспяхова выступае на раённым і абласным конкурсах.

– Усё пачалося з п’есы «Свіцязянка» паводле аднайменнай балады Адама Міцкевіча, якую мы разам з калегамі пераклалі на англійскую мову для ўдзелу ў конкурсе. За 5 гадоў мы зладзілі пяць пастановак у розных жанрах. Такая творчасць дапамагае дзецям развівацца ў розных напрамках: лексіка, пастаноўка голасу, уменне паводзіць сябе на сцэне... ды і вучыць замежную мову такім чынам ім цікавей. А разам з вучнямі і я асвойваю новыя накірункі, удасканальваю прафесійныя навыкі.

Нягледзячы на вялікую загружанасць, Алена Уладзіміраўна, здаецца, паспявае ўсюды. Паспяховую педагагічную дзейнасць яна ўдала спалучае з роляй мамы і ўвесь свой вольны час прысвячае дачушцы Эміліі. Акрамя таго, цікавіцца новымі накірункамі ў сферы кіно, музыкі, культуры і нават любіць глядзець хакей.


– Я шчаслівы чалавек, бо аднолькава радасна, з задавальненнем іду на работу і спяшаюся дадому, – прызналася Алена Уладзіміраўна. – Настаўнік павінен быць шчаслівым, тады і дзеці будуць адчуваць, што іх любяць і жадаюць ім дабра. Няшчасны настаўнік ніколі не навучыць вучняў быць шчаслівымі.

Адным радком

У людзях цаню сумленнасць і прыстойнасць.

Магу дараваць сур’ёзную правіннасць, але не прымаю хлусні і крывадушнасці.

Сучасны педагог – гэта ... сябар і настаўнік. Прычым сябар разумны і добры.

Не ўяўляю свой дзень без кавы.

Калі адпачынак, то на моры.

Мару аб тым, што аднойчы здам на вадзіцельскія правы і куплю сабе Harley Davidson.

Алена Ганцэвіч, «НЖ»