Імя сённяшняга героя артыкула – намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце Навагрудскага лясгаса Аляксандра Дасько – часта з’яўляецца на старонках нашай газеты. Але заўсёды ён расказвае пра сваіх калег, дае каментарыі, ацэнку дзейнасці лесагаспадарчага прадпрыемства, і за столькі гадоў работы ні слова пра сябе. На самай справе Аляксандр Аляксандравіч Дасько – легендарная асоба, без яго нельга ўявіць лясную справу на Навагрудчыне. Улюбёны ў сваю прафесію, Аляксандр Аляксандравіч на працягу сарака гадоў разам з калегамі старанна зберагае і памнажае дадзенае прыродай багацце. Для калег ён – скарбонка неацэннага вопыту.
Зачараваў бярозавы гай
Малая радзіма Аляксандра Аляксандравіча Дасько – вёска Тарасавічы Карэліцкага раёна.
– Прырода, лес з дзяцінства вабілі мяне, – пачынае размову мой субяседнік. – Але справа ў тым, што ў Карэліцкім раёне мала лясоў. Блізка ад нас знаходзіўся Кіслухін гай, які захаваўся да нашага часу дзякуючы першаму старшыні калгаса імя Дзмітрыева Л.А. Кіслухінай. І сёння перад вачыма векавыя бярозы, у дупле якіх малым дзіцем памяшчаўся і мог нават павярнуцца. Тады зачараваў сваёй прыгажосцю мяне гэты бярозавы гай на ўсё жыццё, – усміхаецца А.А. Дасько. – Пасля заканчэння школы без ваганняў паступіў у Полацкі лясны тэхнікум. Вучыцца мне падабалася. І сёння прыемна бываць у каледжы, а ездзім штогод на размеркаванне маладых спецыялістаў. Мяне ж пасля 3 курса забралі ў армію, служыў у Падмаскоўі ў ракетных войсках. Пасля службы вярнуўся, закончыў тэхнікум. Пераддыпломную практыку праходзіў у Пензенскай экспедыцыі. З мая па кастрычнік 1980 года абуладкоўвалі на Паўночным Урале Краснавішарскі і Салікамскі лясгасы. Даволі цікава гэта было, і думаў, што звяжу сваё жыццё з лесаўпарадкаваннем, – расказвае Аляксандр Дасько. – Аднак атрыманая траўма дала аб сабе знаць… А лесаўпарадкавальная справа такая, што за дзень можна і паўсотні кіламетраў пешшу прайсці. Пасля заканчэння тэхнікума атрымаў накіраванне ў Гродзенскае абласное ўпраўленне. Генеральны дырэктар Дзмітрый Вікенцьявіч Семянюк запытаў мяне, дзе б я хацеў працаваць. Па маладосці я папрасіў накіраваць далей ад дома. Яго позірк памятаю і сёння. Я быў накіраваны ў Астравецкі лясгас, дзе адпрацаваў 10 гадоў.
У гэты перыяд Аляксандр Аляксандравіч атрымаў вышэйшую адукацыю ў БТІ імя Кірава. Пазней закончыў і Акадэмію ўпраўлення пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Шлях станаўлення
– Ад тэхніка-лесавода, памочніка ляснічага да ляснічага Астравецкага лясніцтва – шлях, які прайшоў на Астравеччыне. З гэтым перыядам жыцця звязаны вельмі цёплыя ўспаміны. Шмат сяброў засталося там, але і сёння сустракаемся, дзелімся вопытам. З вялікай удзячнасцю ўспамінаю ляснічага Гервяцкага лясніцтва І.В. Бушчыка і дырэктара Астравецкага лясгаса А.І. Буя. І сёння памятаю іх жыццёвую і прафесійную навуку. Удзячны ім, што сустрэліся на шляху станаўлення мяне – маладога спецыяліста. Я прыкіпеў, так можна сказаць, за гады працы да Астравеччыны, таму доўгі час адмаўляўся на прапановы перайсці на працу на Пастаўшчыну, – гаворыць Аляксандр Дасько. – Аднак з часам давялося ўсё ж пераехаць на Віцебшчыну. Там 9 гадоў працаваў галоўным ляснічым і 2 гады ўзначальваў Пастаўскі лясгас. Асабліва складанымі былі гады, калі былі моцныя засухі, пажары.
– Як бы добра ні было, усё ж малая радзіма клікала. Бацькі ўжо таксама былі ва ўзросце. Таму было прынята рашэнне аб пераездзе на Гродзеншчыну. На той час міністрам быў В.П. Зорын, а генеральным дырэктарам Гродзенскага абласнога ўпраўлення А.І. Буй і назначэнне на пасаду дырэктара Навагрудскага лясгаса было для мяне нечаканым, – прызнаецца А.А. Дасько. – Так з 2000 года мая біяграфія звязана з Навагрудскім лясгасам.
Дарога да прафесіяналізму
– Галоўным падмуркам у працы лічу людзей, калектыў. Па жыцці кіруюся прынцыпам: на першым месцы павінны быць чалавечыя адносіны.Ты не падводзь людзей – і людзі ніколі не падвядуць цябе. Кожную, нават самую няпростую сітуацыю можна вырашыць спакойна, «не сячы з пляча», – гаворыць чалавек з немалым жыццёвым багажом Аляксандр Дасько. Галоўнымі рысамі якога і ў жыцці, і ў рабоце з’яўляюцца разуменне, кампетэнтнасць, павага, аўтарытэт і ініцыятыўнасць. – Гонарам лясгаса заўсёды былі і ёсць людзі. Наш вялікі калектыў працуе як адзіны механізм і са шматлікімі паказчыкамі вытворча-гаспадарчай дзейнасці спраўляецца. Я не кар’ерыст па жыцці, усё ішло сваёй чаргой. Адразу, калі я прыехаў у Навагрудак, няпроста было пачынаць, але паступова ўсё атрымалася. Пачалі з абнаўлення тэхнікі, бо вывазку ажыццяўлялі яшчэ ваенныя Уралы 43-20. Перапрацоўку наладзілі па-новаму. У дрэваапрацоўчым цэху на той час працавала 100 чалавек. Я не меў права іх скараціць. Рашэнне аб мадэрнізацыі падтрымаў калектыў. Удзячны галоўнаму механіку Л.А. Рапінчуку, які аказаў значную падтрымку ў гэтым накірунку. А таксама адказны і надзейны былы галоўны інжынер У.У. Цвірко. Рамы мы замянілі круглапільнымі станкамі, сучасным абсталяваннем. Прадукцыя стала якаснай. Аднак і на гэтым не спыніліся, а пайшлі далей, – дадае былы дырэктар А.А. Дасько. – Першыя ў вобласці мы пабудавалі сучасны кацельна-сушыльны комплекс. Ён закрыў патрэбы па ацяпленні адміністрацыйнага будынка цэха, устанавілі сушыльныя камеры. Гэта дало магчымасць па вышэйшай цане рэалізоўваць прадукцыю на экспарт. Сушыльная вытворчасць была таксама першая ў вобласці. Мы і на гэтым не спыніліся, – з усмешкаю гаворыць няўрымслівы Аляксандр Дасько. – Наладзілі вытворчасць паліўных брыкетаў. Ішла прадукцыя на экспарт. Вытворчасць паліўных брыкетаў дала магчымасць арганізаваць у цэху безадходную вытворчасць. Зноў у вобласці мы былі першыя, зараз яшчэ і ў Астраўцы таксама ёсць такая вытворчасць. (Часта падчас нашай размовы Аляксандр Аляксандравіч узгадвае Астравецкі лясгас, дзе пачынаў і, зразумела, што з былымі калегамі дзяліўся вопытам). Наступным крокам быў цэх астрожкі. (Таксама першыя ў вобласці). На дадзены момант яго праца прыпынена, але ўпэўнены, што ў хуткім часе будзе адноўлена.
Прыемна, што на базе нашага лясгаса праходзіла выпрабаванне харвестара-2541 № 1 завода «Амкадор». Першачаргова іх спецыялісты былі задзейнічаны, затым навучылі нашых работнікаў, і першы харвестар іх вытворчасці з’явіўся ў Навагрудку, – дадае А.А. Дасько. – Яшчэ адзін накірунак, якім загарэўся і які быў таксама рэалізаваны ў Навагрудскім лясгасе, паляўнічая дзейнасць.
– Пачалі развіваць замежны паляўнічы турызм. Дзеля гэтага на базе Любчанскага лясніцтва быў пабудаваны паляўнічы комплекс. Сваімі сіламі амаль за год быў пабудаваны дом паляўнічага, уведзены ў 2008 годзе. Пачалі прыязджаць замежныя паляўнічыя, былі добрыя даходы. Мы былі лепшымі не толькі ў вобласці, дастойнае месца займалі па развіцці гэтага накірунку ў рэспубліцы. Нічога гэтага не дасягнуў бы, каб не падтрымка і вопыт калектыву лясгаса, – у чарговы раз падкрэслівае падчас размовы Аляксандр Аляксандравіч. – У 2014 годзе па стане здароўя пакінуў свой пост, стаў намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса. Вельмі рады, што сёння Навагрудскі лясгас у надзейных руках маладога і мэтанакіраванага, адданага справе дырэктара Міхаіла Міхайлавіча Ігнаціка. У ім я пазнаю сябе. Бачу, з якой самааддачай ён працуе, а калі вялася будоўля пелетнага завода, дасканала прапрацоўваў і вывучаў кожны накірунак.
Любімае захапленне Аляксандра Аляксандравіча – кнігі – падаравала сустрэчу з каханай Ганнай Мечыславаўнай.
– Я вельмі люблю чытаць, – гаворыць Аляксандр Дасько. – Працаваў у Гервяцкім ляніцтве. Аднойчы заглянуў у сельскую бібліятэку ў Рымдзюнах… і закахаўся на ўсё жыццё. Так, месцам знаёмства з другой палавінкай стала бібліятэка. Жонка Ганна для мяне і каханая, і лепшы дарадчык. Адным словам, дзякуючы разуменню і падтрымцы родных – жонкі і двух сыноў – я мог поўнасцю аддавацца любімай рабоце – лясной справе. Пазней і жонка, і старэйшы сын Сяргей звязалі свой лёс з лясной справай. Ганна Мечыславаўна была майстрам дрэваапрацоўчага цэха, затым працавала ў планава-эканамічным аддзеле. Сын Сяргей зараз узначальвае вытворчы аддзел Навагрудскага лясгаса. А вось малодшы сын Віталій знайшоў сябе ў архітэктуры, – з гонарам адзначае Аляксандр Аляксандравіч. – Ён зараз кіруе праектам па аднаўленні Гродзенскага замка.
Вольны час А. Дасько любіць праводзіць разам з сям’ёй, і часцей – гэта адпачынак на прыродзе. Радуецца поспехам унучкі Насцечкі.
– Не толькі чалавек уплывае на прыроду, але і прырода на чалавека. Гэта адназначна! Менавіта ў лесе я адпачываю душой. Лес – жывая вопратка зямлі, яе музыка. Служыць яму – вялікая адказнасць! – такімі словамі завяршае нашу размову мой субяседнік.
Пра свае ўзнагароды Аляксандр Аляксандравіч Дасько сціпла адзначыў, што ў 2009 годзе яму прысвоена званнне «Ганаровы лесавод Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь».
Вольга Пісар, «НЖ»